95-годдзе Васiля Быкава святкавалi на яго радзiме — Ушаччыне

logo
Понедельник, 24.06.2019 17:22 | Рубрика: Культура
03087

Калі б народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў дажыў да гэтых чэрвеньскіх дзён, то адзначыў бы сваё 95-годдзе.

Бадай, упершыню так шырока юбілей пісьменніка святкавалі сёлета на яго радзіме — Ушаччыне. Значнай падзеі быў прысвечаны шэраг мерапрыемстваў, аб'яднаных у Літаратурны тыдзень, які распачаўся ў Кублічах, дзе Васіль Быкаў заканчваў васьмігодку, а завяршыўся ва Ушачах.

У Кублічах дагэтуль жывуць людзі, якія ведалі пісьменніка асабіста, у кожнай кубліцкай хаце на паліцах стаяць кнігі славутага земляка, а мясцовая бібліятэка носіць імя Васіля Быкава.

На пляцоўцы ля сельскага Дома культуры гледачы ахвотна падпявалі ўдзельнікам раённага конкурсу «Спявай, душа!». Цікавасць выклікала выстава, на якой можна было ўбачыць здымкі з сямейнага архіва пісьменніка, франтавыя лісты, узнагароды, а таксама графічныя работы Васіля Уладзіміравіча.

19 чэрвеня, у дзень нараджэння пісьменніка, эпіцэнтр свята перамяс­ціўся на малую радзіму пісьменніка — у вёску Бычкі. Сціплы вясковы домік з небагатай мэбляй беражліва захоўвае атмасферу даваенных часоў. Вядома ж, сядзіба час ад часу патрабуе абнаўлення: вось і перад сёлетнім святам тут з'явілася новая агароджа, сродкі на яе ўладкаванне былі выдаткаваны з раённага бюджэту.

У Бычках сабраліся аматары прозы Васіля Быкава, людзі, якія прафесійна займаюцца вывучэннем творчасці і біяграфіі пісьменніка, — метадысты, выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры з навучальных устаноў вобласці, прадстаўнікі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Шмат было школьнікаў.

— Прыехалі на свята з Полацкага раёна, — расказала педагог Вера Шайтар. — У нашай групе як настаўнікі, так і дзеці — удзельнікі алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Юбілей пісьменніка шырока адзначалі і на Полаччыне: рэалізоўваўся праект «Волат слова і духу», прайшоў конкурс буклетаў, літаратурных квэстаў. Візіт у Бычкі, дзе калісьці па сцяжынках басанож бегаў бялявы хлопчык, яшчэ не падазраючы аб сваім вялікім прызначэнні, для нас хвалю­ючая падзея. І такі «малюнак» госці ўбачылі ў тэатралізаванай праграме. Па­станоўка па матывах аўтабіяграфічнага твору «Доўгая дарога дадому» ў выкананні вучняў Арэхаўскай школы атрымалася вельмі пранікнёнай. Да слова сказаць, першая частка прыгаданага твора пры­свечана Кублічам. Як паведаміла загадчык мясцовай бібліятэкі Таццяна Касцючэнка, па тутэйшым сюжэце напісана Васілём Быкавым і аповесць «Аблава».

У тэатральнай падачы старша­класнікі Ільюшынскай школы аднавілі ў памяці ўдзельнікаў імпрэзы франтавыя старонкі біяграфіі Васіля Уладзіміравіча: дзівам застаўшыся жыць у 41-м, калі яго, адстаўшага ад калоны, хацелі расстраляць як здрадніка, ён быў «пахаваны» ў 44-м — імя Васіля Быкава занесена на абеліск украінскага сяла Севярынаўка, а бацькі атрымалі дакумент аб смерці сына.

Ды ўсё ж яму наканавана было ўцалець, каб перанесці перажытае на паперу.

Сярод гасцей свята давялося су­стрэць літаратараў. І які ж дзень на­раджэння без родных людзей! У Бычках яшчэ жывуць жонка яго брата Мікалая Антаніна Быкава, яе сын Мікалай Харак, які з'яўляецца дазорцам сядзібы-музея, стрыечны брат пісьменніка Сямён Быкаў, амаль пастаянна побач з татам і яго дачка Валянціна Казіцкая, якая, прынамсі, добра ведала пісьменніка.

— Нашы дамы стаяць побач, і калі дзядзька Васіль прыязджаў на радзіму, заўсёды ахвотна гутарыў з вяскоўцамі, хадзіў на любімае Белюкоўшчынскае возера, — прыгадвае Валянціна Сямёнаўна. — Быў выпадак, калі мы разам гулялі ў Бычках вяселле Колі Харака. Існуе меркаванне, што Васіль Уладзіміравіч быў надта сур'ёзны — сапраўды, ён не меў звычкі балакаць, выстаўляць сябе напаказ, аднак у зносінах быў вельмі прыемным. Памятаю, як аднойчы пісьменнік падвозіў мяне да Мінска, і мы ўсю дарогу гутарылі пра жыццё...

...У юнацтве Васіль Быкаў хацеў быць скульптарам, ды з-за бядноты скончыць мастацкае вучылішча не змог. Аднак здзейсніў сваю мару ў іншай іпастасі — стаў вялікім скульптарам чалавечых душ. Яго творы фарміруюць у людзях тое, што не змаглі б прывіць лепшыя псіхолагі. У герояў Быкава можна павучыцца, як не губляць чалавечую годнасць нават у самых жорсткіх абставінах.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля БАГДАНОВІЧ, Ушачы. Фото аўтара