ПЕРШЫЯ ТЫСЯЧНІКІ ЗАЛАТОЙ НІВЫ

logo
Четверг, 04.08.2016 09:39 | Рубрика: Экономика
02268

Палеткі зараз больш нагадваюць залатыя рэкі, па якіх у сваё доўгае падарожжа адправіліся камбайны, а пах хлеба ні з чым не параўнальны — такі ж духмяны і прыцягальны. Так лічаць старшы камбайнер Мікалай Захарэнка і камбайнер Сяргей Каткоўскі з сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Ларынаўка», якія на працягу некалькіх гадоў запар цвёрда трымаюць лідарскія пазіцыі на жніве.

Вось і сёлета вопытным аграрыям пашчасціла першымі ў вобласці намалаціць тысячу тон зерня. Сімвалічна, што гэта значная для ўсяго Прыдзвінскага краю падзея, дарэчы, ужо ў другі раз прыйшлася на першы дзень жніўня. А ўсяго за шматгадовую працу ў сельскай гаспадарцы экіпаж камбайнераў неаднаразова станавіўся першым тысячнікам Віцебшчыны. Былі на іх рахунку і 2-, 2,5-тысячныя рубяжы.

З гэтай нагоды да пераможцаў жніва адразу на хлебнае поле прыехалі высокія госці, каб выказаць удзячнасць за працу, пажадаць далейшых поспехаў. Словы віншаванняў гучалі ад старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева (на здымку ў цэнтры), старшыні Аршанскага райвыканкама Мікалая Лісоўскага, старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза аграпрамысловага комплексу Мікалая Лабушава, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Кузмянкова, старшыні райкама прафсаюза АПК Алега Макарэвіча.

Як зазначыў падчас цырымоніі ўшанавання хлебаробаў Уладзімір Цярэнцьеў, на працягу апошніх некалькіх гадоў першую тысячу тон зерня на Віцебшчыне намалочваюць хлебаробы Аршаншчыны. Ён пажадаў, каб гэтая традыцыя толькі замацоўвалася, бо раён па праву можна лічыць жытніцай вобласці.

У сваю чаргу старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза АПК Мікалай Лабушаў таксама шчыра павіншаваў Мікалая Захарэнку і Сяргея Каткоўскага з дасягненнем высокіх паказчыкаў на хлебнай ніве, пажадаў і надалей трымаць высокую планку, упэўнена ісці да двух- і нават трохтысячнага намалоту.

Кошт хлебнага коласа Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі ведаюць як ніхто іншы. У сваёй прафесіі яны людзі невыпадковыя, у кожнага за плячыма вялікі стаж і багаты вопыт. Як характарызуе сваіх падначаленых кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Кухцянкоў, Мікалай і Сяргей — прыроджаныя камбайнеры, прафесіяналы з вялікай літары, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх, абласных і раённых «Дажынак» розных гадоў.

Экіпаж камбайнераў працуе на «Лексіоне-580». Памочнік Мікалая Захарэнкі, Сяргей Каткоўскі таксама з’яўляецца вадзіцелем на адвозцы зерня. Даручаную справу выконваюць, як заўсёды, «на выдатна». Як прызналіся хлебаробы, падчас жніва пра поспехі і ўзнагароды ніколі не думаюць. Іх галоўная задача — сабраць хлеб з палёў у максімальна сціслыя тэрміны і з мінімальнымі стратамі.

Дарэчы, зерневы клін СВК «Ларынаўка» пры сярэдняй ураджайнасці 60,8 цэнтнера з гектара сёлета складае 750 гектараў. На жніве задзейнічаны 4 экіпажы камбайнераў і 10 адзінак тэхнікі на адвозцы зерня.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Настасся ТУРОК. Фота аўтара.