Сваё 25-годдзе адзначыў народны ансамбль народный песні “Кросны” ўнітарнага прадпрыемства «Элект» ГА «БелТІЗ»

logo
Среда, 11.11.2020 14:45 | Рубрика: Культура
01807

Да юбілею калектыў атрымаў віншаванні ад кіраўніцтва “Электа” і ад дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыны Лабука. Вельмі сумна, што сёлета дачасна пайшла з жыцця спецыяліст гэтай установы і адначасова мастацкі кіраўнік “Кроснаў” Антаніна Слінькова.

На прадпрыемстве, дзе значную частку калектыву складаюць людзі з інваліднасцю па зроку, ганарацца сваімі калектывамі мастацкай самадзейнасці. У тым ліку і створанымі ў 1995 годзе “Кроснамі”. Ля іх вытокаў (ансамбль быў арганізаваны яшчэ на прадпрыемстве “Мега”, якое потым і ўвайшло ў “Элект”) стаяў выдатны музыка Юрый Казлоў.

Варта адзначыць, што падчас існавання калектыву ім кіравалі выбітныя асобы. Напрыклад, намеснік дырэктара прадпрыемства Соф’я Валасевіч, якая ў свой час з’яўлялася членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яе і змяніла некалькі гадоў таму Антаніна Слінькова. Да гэтага на чале “Кроснаў” стаялі Аляксандр Бардулёў і Аляксандр Дубко. Сённяшні мастацкі кіраўнік Валерый Бруйко працягвае слаўныя традыцыі.

Гэты калектыў – удзельнік шматлікіх фестываляў і канцэртных праграм, што ладзяцца ў сістэме БелТІЗ. Сярод значных мерапрыемстваў можна адзначыць рэспубліканскі конкурс “Грай, гармонік!”, фальклорны фестываль імя Вольгі Сяргеевай ва Усвятах Пскоўскай вобласці. У ім калектыў рэгулярна займаў прызавыя месцы. Дарэчы, “Кросны” рэгулярна радуюць сваімі выступамі суседнія расійскія рэгіёны. На той жа Пскоўшчыне ўзгадваецца міжнародны фестываль “Золотые родники” ў Пячорах. Частымі гасцямі яны з’яўляюцца і ў Веліжы Смаленскай вобласці. Народны ансамбль – пастаянны госць на розных пляцоўках у рамках фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Калектыў, праз які прайшлі дзесяткі творчых асоб, не спыняецца на дасягнутым. У бліжэйшых планах – выезд напрыканцы лістапада ў Лепель на фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Зорка надзеі”.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.