Белорусский театр «Лялька» в дни новогодних праздников снова радует юных зрителей и взрослых сказочным представлением

logo
Среда, 27.12.2017 11:51 | Рубрика: Культура
03782

Навагоднія праграмы ў Беларускім тэатры «Лялька» – гэта заўсёды сапраўднае свята для гледачоў. Кожны раз віцебскія лялечнікі, якія маюць ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”, імкнуцца паказаць нешта новае, цікавае. Нязменным застаецца толькі адно – атмасфера дабра і высокі ўзровень казачнага прадстаўлення. Не дзіўна, што квіткі, калі загадзя не паклапаціцца, набыць вельмі цяжка.

Сёлетні Новы год не выключэнне. Спачатку дзеці і іх мамы і таты, бабулі і дзядулі праходзяць у глядзельную залу, дзе для іх падрыхтаваны спектакль “З Новым годам, добры Гном!”, які паставіў мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук. Зімовая казка, якую дапамог стварыць мастак Вячаслаў Шайнураў, прыносіць маленькім гледачам радасць і весялосць, а дарослым – адчуванне ўтульнасці, цяпла і... абавязковай перамогі дабрыні. Усё гэта становіцца магчымым дзякуючы прафесійнаму складу трупы, натхнёнай працы артыстаў. Мышы, Зайцы, казачны лес, Снягурка, Дзядуля Мароз… Як тут самому заставацца абыякавым, калі бачыш, якія шчаслівыя дзеці сярод усяго гэтага чараўніцтва! Хочацца разам з маленькімі гледачамі, чые эмоцыі такія шчырыя, папрасіць у Гнома чароўную ялінку, без якой не прыйдзе Новы год.

А пасля спектакля ў фае госці “Лялькі” становяцца ўдзельнікамі танцавальна-забаўляльнай праграмы “У гасцях у Дзеда Мароза”, якую паставіла Дар’я Зімніцкая (мастак – Аксана Нікеенка). І зноў гледачы трапляюць у рэзідэнцыю Дзядулі Мароза – у дні навагодніх святаў яна традыцыйна размяшчаецца ў сценах тэатра. Але ў гэты раз тут яшчэ і чароўная Цётухна Печ, у якой гарэзлівыя Заяц і Алень павінны прыгатаваць лепшы святочны пачастунак. І ўсё гэта з песнямі, танцамі, морам гумару. Вось так і атрымліваецца – і дзятве весялосць, і дарослым забава.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота Вячаслава ШАЙНУРАВА.