Як наладжаны працэс харчавання школьнікаў, што ў меню і ці даспадобы яно навучэнцам даведаліся ў вясковай школе Віцебскага раёна

logo
Суббота, 15.04.2023 12:46 | Рубрика: Общество
01107

У апошні час харчаванню дзяцей у школах Беларусі ўдзяляецца асаблівая ўвага. Нагадаем, у краіне рэалізуецца пілотны праект, згодна якому аналізуюцца смакавыя перавагі вучняў. 30 красавіка плануецца яго фініш, пасля чаго школьная арганізацыя харчавання будзе ўдасканалена.

Як адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, -- эксперымент прыйшоўся даспадобы бацькам і дзецям, але патрабуе пэўных намаганняў ад тых, хто непасрэдна займаецца арганізацыяй працэсу, асабліва ў школах з вялікай колькасцю вучняў. Толькі за апошнюю пяцігодку за кошт розных крыніц фінансавання на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў грамадскага харчавання ва ўстановах адукацыі накіравана больш 15 мільёнаў рублёў, закуплена звыш 5 тысяч адзінак абсталявання. 

На Віцебчшыне пляцоўкамі для правядзення дадзенага эксперымента сталі гімназія № 1 г. Віцебска імя Ж. І. Алфёрава, сярэдняя школа № 2 г. Гарадка імя А. П. Сабалеўскага і Дабрамыслінская сярэдняя школа імя Л. П. Ціхмянава Лёзненскага раёна. 

Сутнасць змен — у колькасці прыёмаў ежы: чым даўжэй дзіця знаходзіцца ў школе, тым больш разоў павінна паесці. Перанесены і час першага прыёму ежы, каб было меней адходаў. Разам з тым ва ўстановах адукацыі, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, усе прыёмы ежы захоўваюцца і іх час таксама. Мяркуецца, што дзённае і двухтыднёвае меню будуць распрацоўвацца з улікам смакавых пераваг па выніках анкетавання дзяцей і іх бацькоў. 

«Віцьбічы» вырашылі наведацца ў адну са школ Віцебскага раёна, каб паглядзець, як наладжаны працэс харчавання ў вясковых школьнікаў. Даведацца, што ў меню школьнай сталоўкі і ці даспадобы яно навучэнцам, вырашылі ў Старасельскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза У. П. Краева, якую наведваюць 103 вучня. 

Усе дзеці без выключэння тут атрымліваюць дзяржаўную датацыю і ахоплены гарачым харчаваннем на 100 працэнтаў. Акрамя таго, другі прыём ежы для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў пры прадстаўленні адпаведных дакументаў (даведкі аб складзе сям’і і заработнай плаце бацькоў, ксеракопіі пасведчання аб статусе шматдзетнасці) таксама бясплатны. 

Трохразавае харчаванне ў школе наладжана для першакласнікаў і вучняў, якія пасля заняткаў застаюцца ў прадлёнцы да 5–6 гадзін вечара. Гэта, між іншым, самая лаяльная катэгорыя школьнікаў, адзначае шэф-повар сталоўкі Таццяна Косарава. Для малых яшчэ ёсць падвячорак. Бацькі аплачваюць толькі другі і трэці прыёмы ежы, калі іх дзеці не падпадаюць пад катэгорыю бясплатнікаў.

Дапамагаюць Таццяне Косаравай прыгатаваць і смачна накарміць вучняў яшчэ тры работніцы харчаблока. Іх працоўная змена пачынаецца каля сямі гадзін раніцы. Дзяцей кормяць за дзве перамены. Хлопчыкі і дзяўчынкі з 1 па 5 клас харчуюцца пасля другога ўрока, старэйшыя — пасля трэццяга ў 11.30. Такі графік узгоднены з Віцебскім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і з’яўляецца аптымальным, зазначае дырэктар школы Вадзім Сакратароў. Як доказ — ідзём у сталоўку, дзе самыя маленькія ўжо памылі ручкі і займаюць свае месцы, пачынаюць есцi. На пытанне, ці смачна прыгатавана, дзеці ўголас адказваюць: «Так!» І малодшыя школьнікі, і старшакласнікі адзначылі сярод сваіх любімых страў аладкі, катлеты, а таксама ватрушкі з павідлам, творагам. Нездарма Таццяну Косараву запрашаюць гатаваць для дзяцей падчас работы летніх аздараўленчых лагераў «Спартакавец» і «Прамень». 

У харчаблоку Старасельскай школы ёсць усё неабходнае тэхналагічнае абсталяванне, яго абнаўлялі апошнія тры-чатыры гады: смажыльная (паравая) шафа, электрапатэльня, электрапліта, машынкі для шаткавання гародніны і здрабнення бульбы, халадзільнік, стэлажы для захоўвання посуду. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Драняева і настаўнік Дар’я Нычкова прыгожа аформілі сцены сталоўкі. Усё для дзяцей! Падчас канікул у харчаблоку робіцца касметычны рамонт, летам — больш дасканальны. 

Як расказала шэф-повар, прадукты пастаўляюць арганізацыі, з якімі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасцi бюджэтных арганізацый заключае дагавор. Сярод іх ёсць і тыя, што працуюць у Віцебскім раёне і горадзе Віцебску. Так, гароднінай установу забяспечвае вытворчы кааператыў «Альгоўскае», яблыкамі — Лужаснянская гатункавыпрабавальная станцыя, мясной прадукцыяй — Віцебскі мясакамбінат, хлебам — Віцебскхлебпрам. Для патаннення кошту харчавання школа займаецца саманарыхтоўкай гародніны. 

Меню, якое прапануюць у школе, разнастайнае і карыснае. Яго і трэба прытрымлівацца дзецям з самых ранніх гадоў, што работнікі сталоўкі і бацькі імкнуцца прывіць малым сумеснымі намаганнямі. 

Пад асобым кантролем — якасць прыгатаванага. Перыядычна кантралюе працэс арганізацыі харчавання школьнікаў міжведамасная камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі райвыканкама, раённых аддзела па адукацыі і цэнтра па забеспячэннi дзейнасці бюджэтных арганізацый, ВЗЦГЭ і іншых структур. На пастаяннай аснове дзейнічае бракеражная камісія, створаная з настаўнікаў школы. Дарэчы, педкалектыў таксама харчуецца ў сталоўцы, платна. Як адзначыла настаўнік пачатковых класаў Наталля Леснікава, гэта і зручна, і смачна.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЛЮБАЧКА. Фота аўтара.