Упершыню ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску-2022» адбылося міжнароднае свята-конкурс кавальскага рамяства «Зніч»

logo
Понедельник, 25.07.2022 12:25 | Рубрика: Славянский Базар в Витебске
04719

Упершыню ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адбылося міжнароднае свята-конкурс кавальскага рамяства «Зніч».

Дарэчы, старажытнае беларускае слова «зніч» азначае святы агонь у язычнікаў. Удзельнікі свята­конкурсу сапраўды былі падобныя на багоў у чалавечым абліччы. Яны ўтаймоўвалі агонь і прымушалі непадатлівы метал станавіцца прыгажосцю.

10 майстроў кавальскай справы, мастацкага кавальства, мастакі па метале са сваімі памочнікамі з розных абласцей Беларусі і Расіі перш чым прыступіць да спаборніцтва, прылюдна ўласнымі пячацямі замацавалі статут конкурсу. Пад жоўта­чырвона­чорным вогненным сцягам «Знічы» каларытныя мужчыны ў вышытых кашулях, скураных фартухах, з закасанымі для работы рукавамі рушылі на месца дыслакацыі.

Два дні варажылі яны над перасоўнымі накавальнямі, раздувалі мяхі, вярцелі металічныя нарыхтоўкі кляшчамі. Вясёлы звон іх малаткоў ажыўляў пляцоўку на вуліцы Талстога, ля лес­віцы, вядучай да Свята­ Успенскага храма, з рання да вечара. Часам яны дазвалялі стукнуць па металічнай пласціне якому цікаўнаму хлопцу — дык той здзіўляўся, як можа такі цяжкі непаваротлівы інструмент паслухмяна танцаваць у руках каваля­волата, як таму патрэбна.

Тым часам цікаўныя гара­джане і госці Віцебска любаваліся вырабамі, якімі кавалі аздобілі сваю пляцоўку. Падобныя на сапраўдных птушкі і звяры, казачныя царэўна­жабка са стралою ў роце, драконы і трохгаловы Змей Гарыныч, карціны з металу, вада якіх выно­сіць з палатна дакладна выраблены паруснік, фантастычныя маскі, кветкі… З прадметаў дамашняга ўжытку — качэргі, вешалкі, кручкі… Вядома ж, да экспанатаў можна было дакранацца — метал без праблем вытрывае любыя дотыкі — і набываць іх. А ў каваным вазку наведвальнікі не толькі фатаграфаваліся на памяць, але і прос­та адпачывалі.

У майстра з Оршы Алега Шкрэдава мы запыталі, ці даўно і як ён прыйшоў да свайго захаплення. Аказалася, мужчына яшчэ і матацык­ліст, і 10 год таму ў яго ўзнікла жаданне апгрэйдзіць свайго жалезнага каня. Не было да каго звярнуцца — і Алег сам узяўся за інструменты. Яго імя далёка загучала, не так даўно закончыў каваць вялізныя вароты на заказ ажно ў Казахстан. Адна толькі створка з мудрагелістым узорам важыць 380 кілаграмаў! Працаваў над вырабам каваль паўгода.

— Кавальства — гэта не хобі, не работа, не проста захапленне, гэта лад жыцця, — адгукаецца аб сваім рамястве, а лепей сказаць, мастацтве Сяргей Кудзікаў з Мсціслаўля. — Я адчуваю ў сабе Божую іскру, якой хачу падзяліцца з людзьмі праз свае вырабы.

Сяргей захапляецца гістарычнай рэканструкцыяй, і 15 год назад гэта прымусіла яго ўзяцца за каванне мячоў, іншай старажытнай зброі, шлемаў і кальчуг. Дарэчы, на свяце ў іх фарсіў малады памочнік каваля. Хтосьці спрабаваў патрымаць у руках шлем — і здзіўляўся, што ён такі цяжкі. Сяргей Кудзікаў у родным горадзе пры Доме рамёстваў адкрыў кавальскую майстэрню і вядзе аматарскае аб’яднанне, дзе перадае прафесійныя веды маладым.

Падчас конкурсу мужчыны спаборнічалі ў чатырох намінацыях. Лепшым па рашэнні журы, якое ўзначальваў доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, у «Хатняй калекцыі» стаў выраб Андрэя Цюменева з Гродна, адзначылі таксама работу Алега Шкрэдава. У намінацыі «Мастацкае кавальства» перамог Юрый Татарыновіч з Глыбокага, ненамнога саступіў яму Аляксандр Маліноўскі з Расонаў. У «Захаванні старажытных тэхналогій» вылучыўся Сяргей Ку­дзікаў. Найлепшым «Аўтарскім вырабам» дзякуючы тонкаму мастацкаму густу і філіграннай рабоце стаў твор Валерыя Нікалаева з Пскова, на другім месцы — Васіль Капцюг з Вілейкі.

Складана адрадзіць працаёмкае, цяжкае кавальства як рамяство ў наш час высокіх тэхналогій, калі з металам навучыліся працаваць машыны. Але душу ў вырабы з яго можа ўдыхнуць толькі чалавек.

Нават прадметы практычнага прызначэння кавалі­канкурсанты ўме­юць рабіць асаблівымі, непаўторнымі, з гус­там. Іх бачанне свету дазваляе ства­раць шэдэўры — самыя трывалыя за кошт матэрыялу, а талент узводзіць рамяство ў статус мастацтва.

Калі знакамітыя слуцкія ткачыхі ткалі «цвяток радзімы васілька», то мужчыны сабралі яго з металічных кветак уласнага вырабу! Валошкі, як вядома, — сімвал «Славянскага базара ў Віцебску». Юрыю Татарыновічу даручылі выка­ваць сцябліны, аснову для фестывальнага букета. На яго рахунку такія адмысловыя работы ў родным гарадку, як Барон Мюнхгаузен, які збіраецца ляцець, асядлаўшы ядро, залачоная карэта Вішнёвай каралевы, у якой яна ездзіць падчас «Вішнёвага фэсту», вялізны — з трохпавярхоўку — кветнік-­карусель…

Віцебску, які прыняў іх сардэчна, з удзячнасцю і захапленнем, майстры падарылі валошкавы букет з металу. Ён будзе вечным напамінам, як у горадзе над Дзвіной у ХХI стагоддзі ўпершыню звінелі малаткамі кавалі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.