Напярэдадні дня нараджэння Васіля Быкава ў цэнтры Ушач былі ўрачыста адкрыты помнікі-бюсты славутым землякам

logo
Понедельник, 21.06.2021 17:35 | Рубрика: Год народного единства
01135

Кожны ведае, што Ушаччына — малая радзіма знакамітых беларускіх пісьменнікаў, якіх памятаюць і чытаюць. Асобнай старонкай у літаратурным жыцці Беларусі праходзяць Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў.

Напярэдадні дня нараджэння Васіля Быкава ў цэнтры Ушач былі ўрачыста адкрыты пом- нікі-бюсты гэтым славутым землякам, ганаровым грамадзянам Ушацкага раёна.

Ініцыятыву грамадскага актывіста Глеба Лабадзенкі па ўшанаванні памяці знакамітых асоб падтрымаў Ушацкі райвыканкам. Сотні прыхільнікаў творчасці В. Быкава і Р. Барадуліна ахвяравалі грашовыя сродкі на выраб бюстаў. Аўтарамі помнікаў сталі скульп­тары Ігар Засімовіч і Аляксей Сарокін, архітэктар Віктар Карака, а пастаменты стварыла Заслаўская майстэрня «Гранітны свет».

Немалую работу па падрыхтоўцы пляцоўкі пад помнікі правяло УП ЖКГ. Спонсарскую дапамогу аказала прадпрыемства «Бурэнергасэрвіс» на чале з ушачанінам Сяргеем Фаміным. Будаўнічы кран для ўстаноўкі помнікаў выдзеліла ПМК-66.

— Гэта знакавая падзея не толькі для раёна, а і для ўсіх беларусаў. Ушачы можна смела называць самым паэтычным куточкам Беларусі, і мы гэтым ганарымся, — адзначыў падчас урачыстага адкрыцця старшыня райвыканкама Уладзімір Аўдошка. — Ніхто не пісаў пра вайну так рэалістычна, як Васіль Быкаў. Вершы Рыгора Барадуліна разабраны на цытаты, некаторыя радкі, яшчэ пачуўшы ў школе, немагчыма забыць. Яны сапраўдныя патрыёты сваёй малой радзімы — гэта адчувалася не толькі ў слове, а і ва ўчынках: Васіль Быкаў сваю Дзяржаўную прэмію накіраваў на будаўніцтва дарогі ў родную вёсачку Бычкі. І вельмі сімвалічна, што мы адкрываем помнікі ў Год народнага адзінства. Не важна, хто мы па веравызнанні, прафесіі, палітычных поглядах — мы ўсе з вялікай павагай ставімся да творчасці гэтых волатаў беларускай літаратуры. Вялікая ўдзячнасць усім людзям, якія задумалі і ажыццявілі гэты праект.

Да мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі працоўных калектываў, выхаванцы аздараўленчых лагераў, многія ўшачане і госці раёна. Да пом­нікаў ляглі кветкі. Фінальным акордам урачыстасці стала песня ў выкананні гурта «Натхненне» на верш «Я не магу пра вас забыцца», які напісаў яшчэ адзін наш знакаміты зямляк Пятрусь Броўка.

Як адзначыў Уладзімір Аўдошка, у перспектыве будзе алея знакамітых землякоў, на якой з цягам часу ўшануюць памяць Петруся Броўкі, Еўдакіі Лось, Генадзя Гарбука…

Працягнулася ўрачыстасць у сядзібе-музеі Васіля Быкава.

Штогод гэтымі чэрвеньскімі днямі ў Бычках бывае шмат гасцей. Дзень нараджэння пісьменніка — нагода, каб выказаць бязмерную павагу да вялікага чалавека. А імпрэзы, што ладзяцца ў двары сціплай вясковай хаты, якая беражліва захоўвае атмасферу даваенных часоў, заўсёды атрымліваюцца вельмі шчырымі і кранальнымі.

Так было і сёлета. Затаіўшы дыханне, гледачы сачылі за сустрэчай сялянкі Серафімы і цяжка параненага капітана Хлебнікава з аповесці «Бліндаж». У герояў Быкава пераўвасобіліся самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Клачок і Кірыл Шалыга. Работнікі раённай бібліятэкі падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю, у якой прагучалі вершы паэтаў розных краін, прысвечаныя Васілю Быкаву. З такіх твораў выдадзены нават адмысловы зборнік «Пасланец мужнасці». І, вядома ж, на яго старонках шмат радкоў ад земляка і сябра народнага пісьменніка — народнага паэта Рыгора Барадуліна.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ, Ушачы.