Ён завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі і вяртаецца да сябе на радзіму, дзе будзе працаваць у Міністэрстве замежных спраў і курыраваць эканамічныя пытанні.
На сустрэчы ў аблвыканкаме са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым пасол адзначыў, што міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Польшчы і вобласці будзе актыўны працягвацца.
— За два гады працы я некалькі разоў наведваў Віцебшчыну. Гэта быў плённы час, мы заключылі некалькі пабрацімскiх дамоваў паміж гарадамі, адкрылі парусную школу ў Браславе. Дарэчы, плануем гэты праект развіваць і надалей: рыхтаваць інструктараў, што было рэалізавана на аўгустоўскіх азёрах у Польшчы, — падкрэсліў К. Паўлік. — У эканамічнай сферы рэалізавалі некалькі праектаў, у тым ліку інвестыцыйных, напрыклад, завод «МАДЭРН-ЭКСПА», якi з’яўляецца адным з самых буйных у СЭЗ «Віцебск». Важным этапам стала супрацоўніцтва і ў вобласці культуры: было праведзена шмат знакавых мерапрыемстваў. Нашы кантакты жадаем выводзіць на новыя ўзроўні.
Са свайго боку Уладзімір Цярэнцьеў выказаў словы падзякі паслу за асабісты ўклад у развіццё ўзаемадачыненняў і падкрэсліў, што праца з польскім бокам падчас дыпмісіі Конрада Паўліка была не проста зручнай, а камфортнай.
— За гэты перыяд у некаторых сферах праекты былі прарыўнымі. Папершае, Польшча стабільна ўвайшла ў пяцёрку краін па ўзроўні тавараабароту — у сярэднім 115 мільёнаў долараў за год. Важна, што ён сбалансаваны, гэта зручна абодвум бакам, — звярнуў увагу кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці. — Конрад Паўлік — адзін з тых, хто прасоўваў такі праект, як «МАДЭРН-ЭКСПА»: 8 мільёнаў долараў ужо інвеставана, з’явіліся рабочыя месцы, зараз працуем над другой чаргой стварэння прадпрыемства. Каля 25 фірмаў з польскім капіталам дзейнічае на тэрыторыі вобласці, з іх 4 — у свабоднай эканамічнай зоне. Падпісана дамова паміж аблвыканкамам і Лодзінскім ваяводствам, у мінулым годзе да нас прыязджала дэлегацыя прадстаўнікоў кіраўніцтва ваяводства і мясцовага бізнесу. Быў падпісаны шэраг дамоваў, якія, думаю, паспрыяюць далейшаму развіццю. Важным этапам стала і культурнае супрацоўніцтва — ні адзін буйны фестываль на Віцебшчыне не праходзіў без польскіх калектываў. Цудоўным падарункам і задзелам на будучае супрацоўніцтва сталі яхты для клуба ў Браславе. З прыездам пасла ў Беларусь два гады таму адразу адчулася актывізацыя ўзаемадачыненняў.
Падчас сустрэчы было абмеркавана яшчэ некалькі новых праектаў.
Затым пасол разам з дэлегацыяй з Гістарычнага музея горада Кракава і прадстаўнікамі Польскага Інстытута ў Мінску адкрыў у ратушы выставу «Кракаўскія калядныя батлейкі». Яны адлюстроўваюць традыцыі польскага народа і з’яўляюцца культурнай і духоўнай спадчынай Польшчы. Інсцэніраваныя манахамі батлейкі былі вельмі папулярнымі ў ХVII стагоддзі. Асобныя кляштары спаборнічалі між сабой, удасканальваючы прадстаўленні і ўводзячы новых герояў і сюжэтныя лініі, а таксама пашыраючы дэкарацыі. Традыцыя менавіта кракаўскіх батлеек бярэ свой пачатак у XIX стагоддзі. Да сёння захоўвае яе Гістарычны музей горада Кракава, які ў 1937 годзе арганізаваў конкурс на самую прыгожую батлейку. Гэтыя творы маюць складаную канструкцыю, адразу бачна, што майстры многа часу прысвяцілі іх стварэнню. Нездарма традыцыя занесена ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Польшчы.
Намеснік дырэктара Гістарычнага музея горада Кракава Ганна Сухавяк і загадчык аддзела музея Малгажата Нехай адзначылі, што кракаўскія батлейкі не першы год прэзентуюцца ў шматлікіх музеях свету.
— Яны выкананы ў розных стылях, але ўтрымліваюць архітэктурныя асаблівасці Кракава і паўстаюць з яго легенд і традыцый. На галоўнай плошчы горада, побач з помнікам Адаму Міцкевічу, збіраюцца творцы батлеек, пазней журы ацэньвае іх і выбірае найпрыгажэйшыя. Асобна ацэньваюць працы дзеці, моладзь і дарослыя ў катэгорыях «Вялікія, сярэднія, малыя і мініяцюрныя батлейкі», — расказалі спецыялісты.
Прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій адзначылі прыгажосць батлеек, падкрэсліўшы, што яны займаюць важнае месца і ў беларускай гісторыі. Дырэктар абласнога краязнаўчага музея Глеб Савіцкі падзякаваў польскаму боку за супрацоўніцтва.
Наведаць выставу можна да 1 красавіка.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.