Віцебск разам з краінай адзначае 135-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа

logo
Среда, 01.11.2017 14:20 | Рубрика: Культура
05661

3 лістапада Беларусь святкуе 135-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа — аднаго са сваіх незабыўных песняроў.

У Віцебску ў гэты дзень адбудуцца завочная экскурсія «Коласаўскія адрасы Беларусі» для школьнікаў у бібліятэцы імя Е.Лось і літаратурная гадзіна «Як песня народа — неўміручы наш Колас» у бібліятэцы імя Я.Купалы. Такое ж мерапрыемства праходзіць тут і 2 лiстапада, а таксама Цэнтральная гарадская бібліятэка імя М.Горкага запросiць на мультымедыйную прэзентацыю «Жыве ў сэрцы плынь крыніц». 9 лістапада літаратурна-музычныя святы адбудуцца ў бібліятэках імя У. Маякоўскага і Я. Коласа.

На гэтым тыдні юбілейныя мерапрыемствы ладзяцца па ўсёй краіне. А 4 лістапада ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, на малой радзіме песняра, пройдзе Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «Тое водгулле душы паэта ...».

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў гэтым праекце прадставіць літаратурна-музычную кампазіцыю па матывах паэмы «Новая зямля» і па спектаклях паводле коласаўскіх твораў «Зямля» (пастаноўка Віталя Баркоўскага) і «Сымон-музыка» (пастаноўка Валерыя Мазынскага). Гэта тэатральнае дзейства падрыхтавалі для свята, прысвечанага 135-годдзю Якуба Коласа, вядучыя майстры сцэны Юрый Цвірка, Раіса Грыбовіч, Зінаіда Гурбо і кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Коласаўскага тэатра Алесь Замкоўскі.

— Мне Колас цікавы. І дагэтуль няма пакою, як можна было так напісаць, быццам я гавару, быццам я жыву, а «Новая зямля» - быццам гэта ўсё пра маё дзяцінства на Палессі, — разважае Раіса Грыбовіч. — І Коласа, І Купалу хвалявалі ў іх часы тыя ж пытанні, якія хвалююць нас ў наш час, але я ніколькі не сумняваюся, што яны прыйшлі ў гэты свет, каб потым былі мы — сапраўдныя, са сваімі каранямі. Вось у гэтым сучаснасць Песняроў.

Імя класіка беларускай літаратуры, народнага паэта БССР, акадэміка Якуба Коласа звязана з тэатрам у горадзе на Дзвіне. «Тэатр страшэнна зацікавіў мяне ...» — пісаў паэт у 1936 годзе. Тады адбылася сустрэча яго з калектывам БДТ-2. Ён чытаў урыўкі са сваёй п'есы «Вайна вайне». Тут яна спадабалася і ў наступным 1937-м была пастаўлена на сцэне. У творчых пошуках тэатра гэта быў па-сапраўднаму новы этап паглыблення ў нацыянальную гісторыю, культуру, літаратуру. У 1944-м, пры жыцці паэта, рашэннем беларускага ўрада тэатру ў Віцебску было нададзена імя Якуба Коласа.

Сцэну Коласаўскага творы песняра не пакідалі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталія КРУПІЦА. Фото из свободных Интернет-источников