Роднае слова наталяе душу, як крыніца вусны - на галоўнай сцэне прайшло адкрыццё ХХХ Дня беларускага пісьменства

logo
Воскресенье, 03.09.2023 09:09 | Рубрика: Культура
01698

Урачыстае адкрыццё ХХХ Дня беларускага пісьменства на галоўнай сцэне прайшло на адным дыханні, добрае, светлае свята, якое гаворыць з намі на мове продкаў.

Віншаванне ад Прэзідэнта краіны, адрасаванае удзельнікам і гасцям нацыянальнага свята зачытаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка: “Родная мова, веды і традыцыі заўсёды яднаюць людзей, натхняюць іх на плённую працу, дазваляюць пераадольваць цяжкаці і перашкоды, з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай сіл і мудрасці народа”.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што старажытны Полацк – калыска дзяржаўнасці, радзіма Францыска Скарыны - ў 1994 годдзе ўпершыню прымаў Дзень беларускага пісьменства, а сёлета наша вобласць ў сёмы раз стала цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто любіць роднае слова, падтрымлівае і развівае нацыянальную культуру. Ефрасіння Полацкая, Язэп Драздовіч, Уладзімір Караткевіч і іншыя асветнікі талентам і плённай працай узбагацілі скарбніцу сусветнай цывілізацыі. Гарадок таксама мае славутае імя – Канстанцін Вераніцын з паэмай “Тарас на парнасе” увайшоў у гісторыю класічнай літаратуры. Вершаваныя радкі дасціпнай жывой мовы, на якой гаворыць галоўны герой паэмы палясоўшчык Тарас, хутка разляцеліся на цытаты і сталі народнымі прымаўкамі. Няхай жа гучыць роднае матчына слова на прасторах нашай краіны і натхняе людзей.

Настала чарга раскрыць галоўую інтрыгу свята: імёны лаурэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі назвалі Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, якія правялі цэрымонію ўзнагароджаня і выразілі ўпэўненасць, што сучасныя аўтары і іх творы, таксама застануцца ў стагоддзях, іх будуць ведаць нашы нашчадкі, так, як мы ведаем і паважаем славутых класікаў Айчыны.

Лепшым творам публіцыстыкі прызнана работа Уладзіміра Макарава “У імя будучыні краіны” аб прыярытэтах нацыянальнай бяспекі. Уладзімір Макараў адзначыў, што як і Уладзімір Мулявін, родам са Свярдлоўска, але менавіта беларуская мова, як і для слыннага “Песняра”, стала для яго роднай і самай мілігучнай у свеце. Мулявін зрабіў так, што на беларускай мове ў свой час спяваў увесь Савецкі Саюз, яго песні на вершы Купалы, Коласа, Багдановіча, гучалі ў кожнай хаце, значыць і нам, сучасным белаурсам па сілах спраўдзіць пажаданне-прароцтва, выказанае ў вершы Максіма Танка “Родная мова” – “І зноў зазвініш ты ў кожнай у хаце, цымбалам дасі іх сарэбраны звон і вусны расквеціш успешкай дзіцяці”. Самы цікавы твор для дзяцей і юнацтва падарыла маленькім беларусам Алена Стэльмах “Пашка і сонечны праменьчык”, бацькам, якія яшчэ ні набылі яго, параілі хутчэй папоўніць гэтай кнігай хатнюю бібліятэку. А сярод тых, хто толькі пачынае свой шлях у літаратуры, паспяхова дэбютавала Алеся Прыходзька з кнігай для дзяцей “Хлюпік і друг яго нюня”. У намінацыя лепшы твор прозы лаурэатам Нацыянальная прэмііі стаў Уладзімір Гаўрыловіч з кнігай “Па веры вашай”. А ў намінацыі лепшы паэтычны зборнік - Соф’я Шах з прыгожай “Дыядэмнай споведзю”. Самым дасканалым творам літаратурнай крытыкі прызнана работа Аліны Сабуць “Мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стагоддзяў.

Самым юным удзельнікам гала-канцэрта на галоўнай сцэне свята стаў пераможца рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” Станіслаў Мартысюк з Брэстчыны. На яго твары блішчэлі кропелькі слёз, калі ён пранікнёна чытаў урывак з твора Янкі Маўра “Завошта” памяці маці, напісаны ў1945 годзе. Маленькі хлопчык Міша мог уратавацца ад фашыстаў, каб зрабіў выгляд, што не ведае сваю маці, як яна і прасіла яго, дзеля таго, каб ён застаўся жывым. Але гучнае “Мама!!!”, яно заглушыла нават роў матору машыны, на якой нелюдзі павезлі маці, з’яднала сына і матулю, самых родных людзей ў любові і гібелі. Слёзы наварочваліся на вочы гледачоў. А Станіслаў Мартысюк, які ніколі не ведаў вайны, дзякуючы нашым продкам-вызваліцелям, продкам-пераможцам, адчуў яе праз душу герояў Янкі Маўра і перадаў народную трагедыю, гэтаму хлопчыку ХХІ стагоддзя ўжо ніхто ніколі не зможа схлусіць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, таму і трэба чытаць - кнігі сапраўдныя, вартыя, не толькі старонкі інтэрнэта. Сёлета Гарадок святкуе не толькі юбілейны Дзень пісьменства, алі і 80-годдзе свайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гарадоцкая наступальная аперацыя, пачалася 80 гадоў таму, пад час яе правядзення загінула больша за 25 тысяч савецкіх воінаў, па колькасці гэта цэлы Гарадоцкі раён сёння. Восем ураджэнцаў Гарадоччыны былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза. На мемарыяльным комплексе “Неўміручасць” яшчэ не завялі жывыя кветкі, якія усклалі ўдзельнікі Дня пісьменства.

А жыццё працягваецца і гучаць песні - заслужаны артыст Расіі уражэнец Віцебшчыны Сяргей Валчкоў моцна, па-мулявінску выканаў песню на верш Янкі Купалы “Спадчына”, аб якой “баюць казкі-сны вясеннія праталіны, і лесу шэлест верасны, і ў полі дуб апалены”. Верш напісаны ў 1918 годдзе, і дуб апалены іншымі шматлікімі войнамі, якія стагоддзямі грамыхалі, ішлі, заўжды каціліся праз нашу беларускую зямлю. У год міра і сазідання мы павінны ўсвядоміць, як добра, што нам выпаў гэты час жыцця ў мірнай краіне, каб больш не пусціць праз нашу Беларусь чужыя войны. Спакойнае неба Дня беларускага пісьменства расквеціў чароўны феерверк.


© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА. Фота аўтара.