Париж, Байкал и многое другое. Забавные истории возникновения странных названий населенных пунктов на Витебщине

logo
Суббота, 16.02.2019 10:55 | Рубрика: Культура
04326

Калі ўважліва паглядзець на падрабязную карту Віцебшчыны, то можна вельмi здзівіцца. Некаторыя назвы вёсак ці азёраў дазваляюць «трапіць», не выходзячы за геаграфічныя межы рэгіёну, ці на Букавіну, ці на Балканы. А можна і зусім Амерыку адкрыць!

Наш няштатны карэспандэнт Анатоль Бруцкі прапануе своеасаблівую вандроўку па карце Віцебшчыны. Ён падрыхтаваў серыю матэрыялаў, прысвечаных займальнай тапаніміцы.

У нас Байкал — не возера!

У Сенненскім раёне давялося ­пачуць жартоўную гісторыю. Трапіў вясковы дзядуля ў абласную бальніцу. Малады ўрач пацікавіўся: «Адкуль будзеце?» Стары адказаў: «Ды з Манголіі». Ад вялікага здзіўлення медык не паверыў і перапытаў: «Адкуль, адкуль?» І з далейшай размовы даведаўся, што ёсць, аказваецца, не так ужо і далёка ад Віцебска самая звычайная вёска з такою незвычайнай назвай. С. Шайко, старшыня камісіі па стварэнні кнігі «Памяць. Сенненскі раён», так растлумачыў яе. Паставіў тут першую хату адстаўны салдат. Ад яго і прыжылася назва, якую ён часта чуў на руска-­японскай вайне.

Краіна Манголія, што ў Цэнтральнай Азіі, часткай сваёй паўночнай мяжы суседнічае з Бураціяй, дзе прывольна разляглося самае глыбокае ў свеце возера Байкал.

Як ні дзіўна, але і ад сенненскай Манголіі да Байкала рукой падаць. Бо Байкал — вёска ў Талачынскім раёне. Пасяліўся тут даўно востры на язык і нястомны ў гаворцы чалавек, вясёлы балбатун. Вось ад слова «байкаць» — выдумляць пацешныя гісторыі — і атрымаў адпаведную мянушку.

У нас на Віцебшчыне і Амерыку можна адкрыць. Да 1964 года так звалася цяперашняя вёска Краснапольцы Аршанскага раёна. Успомнім: быў тады час ідэалагічнага супрацьстаяння дзвюх сістэм, і нехта з занадта пільных апаратчыкаў западоз­рыў у назве нешта крамольнае. Толькі яе тут помняць. Мяркуючы па назве, вёска з’явілася, хутчэй за ўсё, у XIX стагоддзі — і на прыкметнай адлегласці ад іншых паселішчаў.

У тым жа сумным для айчыннай тапанімікі годзе на вёску Парыж Пастаўскага раёна перакінулася назва чыгуначнай станцыі Навадруцк. Ужо ў нашым стагоддзі мясцовыя жыхары дамагліся ­вярнуць былую назву. Паводле падання, летам 1812 года тут спыніўся на кароткі адпачынак імператар Напалеон І і, уражаны хараством краявідаў, загадаў даць назву вёсцы Парыж.

Ад 1812 года, як лічаць талачынскія краязнаўцы, вядзе адлік свайго часу і вёска Піямонт. На баку французаў ваявалі, як вядома, харваты, палякі, баварцы, вестфальцы (сяляне нашы называлі іх бяспальцамі), а таксама італьянцы… Вось нехта з апошніх, паводле яшчэ аднаго падання, трапіўшы ў палон, застаўся на нашай зямлі і нават заснаваў паселішча, назваўшы яго ў памяць пра пакінутую радзіму. П’ямонт — гэта адна з гістарычных абласцей Італіі з цэнтрам у Турыне.

У кур’ёзным фармаце

Сарны — значны чыгуначны вузел у Ровенскай вобласці, а таксама сёлы ў Львоўскай і Чаркаскай абласцях Украiны, населеныя пункты ў Люблінскім і Лодзінскім ваяводствах Польшчы. Назву дало польскае слова «сарна» — касуля. Ад гэтай жа асновы і наша Сарнаполле Полацкага раёна. З фармантамі «поль, поле» называліся шляхецкія паселішчы. Мянушку Сарна магла атрымаць прыгожая паненка з вабнай паставай. Назва з рамантычнай афарбоўкай — поле Сарны.

А вось у рускай транскрыпцыі яна падаецца ў кур’ёзным фармаце — Сорна­полье. Калі па­беларуску, дык смецце на полі. Самае прыкрае, што згубіўся першародны сэнс.

Падобнае атрымалася і з назвамі вёсак Пераслова і Пераслоўка Мёрскага раёна. Толькі з прычыны таго, што некампетэнтныя чыноўнікі пераблыталі калісьці адну літару, назвы сталі цьмянымі і незразумелымі. А аснову іх склала старажытнаславянскае імя Пераяслаў («пярэя» — пераняць і «слаў» — слава). Пад Кіевам знаходзіцца горад Перая­слаў-­Хмяльніцкі, а ў Яраслаўскай вобласці Расіі — Пераслаўль-­Залескі. Паселішчы даволі старажытныя. Мёрскi краязнавец А. Ермалёнак спасылаецца на карту «Русь у 1054 годзе пры Яраславе Вялікім» у атласе Н. Паўлішчава, дзе паміж Друяй і Полацкам на беразе Заходняй Дзвіны адзначаны і населены пункт Пераслаў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by