Фестывальныя тэатральныя сустрэчы адкрыў спектакль “Дзеці. Вёрсты” паводле творчасці Якуба Коласа

logo
Среда, 12.07.2023 11:48 | Рубрика: Культура
01550
Родную беларускую мову вывучала ва ўніверсітэце, пісала на ёй артыкулы ў першыя гады працы, але ўжо колькі часу не карысталася ёй, як раней нашы бабулі не карысталіся святочным адзеннем: бераглі, захоўвалі, так і яна проста жыла ў памяці. Звяртаюся да беларускай мовы зноў, адчуваю вялікі сэнс родных слоў дзякуючы спектаклю “Дзеці. Вёрсты”, хочацца, каб яго ўбачыла як мага больш людзей, таму што ў кароценькім адрэзку часу – паўтары гадзіны без антракту – сканцэнтравана такая моц перажыванняў, філасофскага роздуму.


Лёс маці, Кабеты, пражывала на сцэне артыстка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Раіса Грыбовіч. Лёс гэты трагічны. Павучальны. Ёць над чым задумацца і дарослым, і дзецям. Пачынаецца спектакль з моцнай, нават жахлівай сцэны: “Цягні! Цягні!” – панукаюць дзеці маці, якая ўгінаючыся цягне за сабой вялікі воз, яго няма на сцэне, як і хлыстоў, якімі махаюць сын і дачка, узняўшы рукі, але у гэтым возе і хата, і падвор’е, і турботы жыцця, і няма спачування дзяцей, таму ён такі цяжкі. “Цягні. Дзецям трэба вучыцца. Дзецям трэба і тое, і гэтае!” – крычаць сын і дачка, наступаючы на Кабету, якая ледзьве не валіцца з ног, а калі падае, то за ёй куляецца воз і дзеці ляжаць на зямлі. Так, дарэчы, бывае ў жыцці. Але Кабета ўстае, ёй нельга паміраць, таму што жыве яна не дзеля сябе, за ёй падымаюцца і дзеці.

Дзеянне спектакля перавернута ў часе, дарослыя дзеці пакінулі маці, а чаму так адбылося паказваюць карціны-успаміны іх сумеснага жыцця. Як ў хаце не ставала хлеба і сын-падлетак украў з царквы грошы, каб накарміць сястру. "Не для сябе ўзяў" - так ён паўтараў, калі святы айцец раскрыў яго злачынства і прывёў да маці. Моцнай была сцэна, калі святы айцец, які пагражаў надзець на падлетка кандалы, потым моўчкі прынёс у хату поўны завязаны мех і ціха выйшаў. У мяху быў хлеб. Маці ўзрадавалася, але адлупцавала сына розгамі, бо лепш памерці, чым красці грошы з цэрквы, так яна сказала.

Настаўнік як сімвал новага жыцця з’яуляецца ў хаце. Ён кажа Кабеце, што ў яе сына талент, але яна не верыць, не хоча адпусціць яго вучыцца ў мастацкае вучылішча. “Калі ў старасці мне спатрэбіцца стакан вады, што ён мне яго намалюе”, – здзекліва адказвае Кабета. Ні малюнкі сына, якія ён сарамліва хаваў ад маці, ні словы Настаўніка, што калі сын не раскрые свой талент, ён прападзе як чалавек, не пераконваюць Кабету. Дачку яна таксама не пускае вучыцца, бо хто тады курэй і парася карміць будзе, хто замуж пойдзе – такім было тое далёкае сялянскае жыццё. У маці – свая праўда, у дзяцей – свая.

Спектакль пра сэрца маці, якое баліць за дзяцей, жадае для іх лепшай долі, але не хоча прывязаць ад сябе, а калі дзеці разлятаюцца па свеце і забываюць родны парог, трапяткое сэрца пасля доўгіх пакут раптам разумее, што нельга асуджаць птушак за іх імкненне ляцець, але ўсе адно кліча сваіх буслянят. Песня-роспач гучыць у выкананні Раісы Грыбовіч.

У фінале сын, які прыехаў з горада пры грашах, адракаецца ад маці, кідае ёй на зямлю капейкі, міластыню, і кажа нявесце, што гэта неякая жабрачка. Сын, які рос нібыта чулым, з душой мастака, перайначыўся, чаму так адбылося, коласаўцы прапануюць паразважаць самім гледачам.

Спектакль пранізаны філісофскім роздумам пра жыццёвыя шляхі чалавека. Станцыйны наглядячык (Георгій Лойка, Уладальнік медаля Францыска Скарыны, Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь) гаворыць: “Хіба мы сляпыя, дарога ў нас пад носам, а мы не можам свой шлях намацаць”. А на пытанне Кабеты, куды ёй цяпер ісці, адказвае: “Свой шлях я ведаю, а твой не магу за цябе ведаць”. У гэтым адказе – вялікі сэнс. Нельга выбіраць ні за ўласных дзяцей, ні за кога іншага іх дарогу. І нельга дазваляць, каб гэта рабілі за вас. Чалавек сам павінен зрабіць выбар і адказваць за яго, каб не абвінавачваць потым нікога.

Аўтар п’есы “Дзеці. Вёрсты” Арцём Казюханаў – расійскі акцёр тэатра і кіно, выпускнік Расійскага інстытута сцэнічных мастацтваў – беражліва дакрануўся да спадчыны Якуба Коласа, па-аўтарску асэнсаваў творы народнага паэта і пісьменіка. Вывеў на сцэну яго літаратурных герояў з трылогіі “На ростанях” (настаўнік Лабановіч) і з п’есы “На дарозе жыцця” (Кабета, сын Кабеты) і яны паклікалі гледача ў свет беларускай класічнай літаратуры - выпакутанавай, трагічнай, якая прымушае разважаць, задумвацца.

Моладзь і сталыя героі п’есы не разумеюць адзін аднаго – і адначасова перад вачамі гледачоў розныя пакаленні артыстаў – самавітыя Георгій Лойка, Раіса Грыбовіч і маладыя коласаўцы. Яны як раз адзін аднаго разумеюць і дапаўняюць, і таму атрымоўваецца спектакль - моцны, які бярэ за душу.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА. Фота аўтара.