День города и фестиваль Двух рек праздновали несколько дней в Докшицах

logo
Четверг, 18.08.2016 22:16 | Рубрика: Культура
03255

Некалькі дзён доўжыліся ўрачыстасці ў Докшыцах, прысвечаныя Дню горада і Фестывалю дзвюх рэк, насычаныя шматлікімі конкурсамі, гульнямі, выставамі, канцэртамі.

Докшыцкі раён — адзін з культурных цэнтраў Беларусі. З году ў год жыхары яго пішуць летапіс свайго краю. Дзякуючы працавітым рукам, стараннасці людзей развіваецца райцэнтр, тут будуюцца жыллё, новыя аб’екты сацыяльнай сферы. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Докшыцкі раён па выніках 2015 года быў занесены на Рэспубліканскую Дошку гонару. Таму свята Дня горада стала прэзентацыяй яго дасягненняў і ў цэлым раёна — «За моцную і квітнеючую Беларусь».

Сабралася ў Докшыцах шмат ганаровых гасцей, якіх вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук. Сярод іх — старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат па Докшыцкай выбарчай акрузе №22 Уладзімір Андрэйчанка, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і яго намеснік Васіль Чэрнік, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін. У святах таксама прынялі ўдзел дэлегацыі горада-пабраціма Балві (Латвія), гарадскога пасёлка Палкіна (Расійская Федэрацыя), прадстаўнікі раёнаў-суседзяў.

Праграма мерапрыемстваў пачалася ўвечары 12 жніўня і доўжылася яшчэ два выхадныя дні. Новы фестываль з паэтычнай назвай — «Фестываль дзвюх рэк», як адзначалася, стаў сапраўднай падзеяй у Год культуры і варты выхаду нават на міжнародны ўзровень! Ідэя фестывалю цікавая, бо як Вілія і Бярэзіна сваімі вытокамі аб’ядноўваюць тэрыторыю раёна, так і фестываль дапамог зблізіць творчыя сілы і таленты Докшыцкага раёна з іншымі рэгіёнамі.

Падрыхтаваная праграма была насычанай і вельмі цікавай. Так, жыхары і госці шмат часу маглі праводзіць у «Алеі майстроў», дзе ладзілася выстава-ярмарка: свой талент тут дэманстравалі полацкія, маладзечанскія, глыбоцкія, вілейскія, мінскія майстры. Яркімі фарбамі, мудрагелістымі сюжэтамі, незвычайнымі элементамі ў выкананых работах вабіла выстава, арганізаваная раённым Цэнтрам дзяцей і моладзі, Домам рамёстваў, а таксама майстрамі народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў «Докша». Наведвалі госці і жыхары райцэнтра імправізаваныя панадворкі сельсаветаў раёна. Сем’і з малышамі аддаліся забавам на «Тэрыторыі дзяцінства», маляўнічымі былі і прэзентацыі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з розных куточкаў Віцебскай вобласці.

З ранку да позняга вечара было багата забаў і гульняў на любы густ. У межах фестывалю арганізавалі выставу-дэгу­стацыю прадукцыі кандытарскі цэх раённага спажывецкага таварыства і Докшыцкі хлебазавод: апетыт абуджалі ва­нільна-салодкі пах печыва, фантазійна ўпрыгожаныя прысмакі і торты з выявамі сімвала фестывалю. Юныя мастакі прынялі ўдзел у пленэры «Я малюю фестываль», месцам правядзення якога стаў бераг гарадскога возера. Алоўкамі, акварэльнымі фарбамі дзеці малявалі фестываль, а пераможцай у творчым конкурсе стала Ксенія Юрцэвіч з Крулеўшчыны.

Можна сказаць, што свята ў цэлым атрымалася сямейным, і шмат увагі на ім было ўдзелена менавіта сямейным каштоўнасцям, праслаўлялася сіла гэтай маленькай, але такой магутнай адзінкі дзяржаўнасці і еднасці роднай Беларусі. Так, па даўняй традыцыі на свяце шанавалі лепшую працоўную дынастыю, якой у гэтым годзе абралі настаўніцкую сям’ю Стадольнікаў. Стаж Віктара Юльянавіча ў сістэме адукацыі склаў 44 гады. Разам з жонкай Марынай Рамуальдаўнай яны працуюць у Барсукоўскай сярэдняй школе. Вышэйшую педагагічную адукацыю атрымалі трое сыноў і дачка, у сістэме адукацыі працуе і нявестка.

Віншавалі і залатых юбіляраў — сем’і, якія вось ужо 50 гадоў жывуць у згодзе і каханні, служаць добрым прыкладам для сваіх дзяцей і ўнукаў. Так, свой шлюб у 1966 годзе зарэгістравалі Іван Мікалаевіч і Валянціна Сяргееўна Марковічы, Уладзімір Мікалаевіч і Марыя Уладзіміраўна Гулевічы. Не абмінулі ўрачыстасці і самую маладую пару, якая ўступіла ў шлюб літаральна за некалькі гадзін да пачатку мерапрыемства. Гэта Дзяніс і Вольга Малючэнкі, якія цёплыя пажаданні атрымалі ад герояў намінацыі «Залатыя юбіляры». А яшчэ словы падзякі і пажаданні дабрабыту на сямейным свяце пачулі і прадстаўнікі намінацыі «Старажылы».

Адной з самых яркіх падзей стаў конкурс, на якім выбіралі Лэдзі Фестывалю дзвюх рэк. Удзельніцамі феерычнага шоу сталі 11 таленавітых прыгажунь Докшыччыны, а журы склалі сапраўдныя эксперты ў жаночай прыгажосці — мужчыны.

Тры творчыя этапы прайшлі ўдзельніцы конкурсу. Дэфіле-знаёмства прадэманстравала вобразы, характэрныя для іх светапогляду; на другім этапе спаборніцтваў дзяўчаты дэманстравалі вобраз галоўнага сімвала фестывалю — чароўнай птушкі-лебедзя, калі ўдзельніцы ў шыкоўных белых сукенках плаўна рухалі­ся па сцэне ККЗ «Іскра», дзе і праходзіла шоу; нарэшце, апошні — бліцінтэрв’ю — выявіў фантазію і крэатыўны падыход прыгажунь да раскрыцця тэмы слогана фестывалю — «Тут самыя чысцейшыя крыніцы, дзе звонкіх песень льюцца галасы». Кожнае выпрабаванне членам журы і гледачам адкрывалі ўнутраную прыгажосць, святло, цеплыню, любоў і дабрыню, якія нясуць па жыцці жанчыны. Нездарма старшыня журы Сяргей Куратнік падкрэсліў, што, выбіраючы Лэдзі фестывалю з адзінаццаці ўдзельніц, прыйшлося выдзеліць лепшую сярод роўных!

Па выніках галасавання дзесяць канкурсантак атрымалі тытулы Лэдзі: «Абаянне», «Грацыя», «Зачараванне», «Рамантыка», «Вытанчанасць», «Элегантнасць», «Непаўторнасць», «Гламур», «Арыгінальнасць», «Пяшчота». І, нарэшце, пераможцай конкурсу прыгажосці і грацыі «Лэдзі Фестываль-2016» стала Настасся Стэфаньян. Дарэчы, бухгалтар ПМС у гэтым годзе ўжо прымала ўдзел і перамагла ў конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства «Місс БДАТУ-2016», а таксама стала фіналісткай Міжнароднага студэнцкага конкурсу «Каралева Вясна-2016». На конкурсе «Лэдзі Фестываль» у Докшыцах дзяўчына паўстала ў вобразе беларусачкі, якая вельмі ганарыцца сваёй малой радзімай.

Наогул, прэзентацыя дасягненняў горада і раёна пераканала, што Докшыцкі край багаты на таленавітых і майстравых людзей. Несумненна і тое, што ў шэрагу фестываляў, якія пра­хо­дзяць на Ві­цеб­шчы­не, Фестываль дзвюх рэк у Докшыцах таксама зойме годнае месца.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Матэрыялы падрыхтавалі Алена Несцяронак, Яўгенія МАЛЕВІЧ, Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ, Вячаслаў ЧАРВІНСКІ. Фота аўтараў (газета «Родныя вытокі»).