Экалагічна чыстага транспарту стане больш. У Шуміліне арганізавалі майстэрню, каб рамантаваць старыя веласіпеды

logo
Четверг, 28.04.2022 12:54 | Рубрика: Общество
01030
Веласіпед у Шуміліне – любімы від транспарту. Часам, людзі не ставяць на прыкол свайго жалезнага сябра нават на зіму. А вось з рамонтам бываюць праблемы. Як правіла, людзі самастойна рэанімуюць зламаныя веласіпеды, але бывае, што тыя проста дарэмна займаюць месца ў падвалах ці гаражах.


Развагі на гэту тэму падштурхнулі калектыў раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра паўдзельнічаць у конкурсе маладзёжных ініцыятыў «Новае жыццё старога веласіпеда», які праводзіў інфармацыйна-асветніцкі фонд «Новая Еўразія».

– Бадай, ці не ў кожнага ёсць веласіпед, на якім і ездзіць ужо немагчыма і выкінуць шкада. Чаму б не даць гэтаму транспарту другое жыццё? – разважае дырэктар ФАЦа Ларыса Маладзечкіна. – Мы з радасцю прымем вашыя зламаныя, маральна састарэлыя веласіпеды, адрамантуем іх і арганізуем пракат для ўсіх жадаючых. Упэўнена, што рэалізацыя праекта актывізуе спартыўнае жыццё ў раёне, адкрые новыя магчымасці для моладзі і не толькі займацца веласпортам, прыемна праводзіць час.

Веламайстэрня размясцілася на гарадскім стадыёне. Рамонтам тэхнікі займаюцца валанцёры. На рэалізацыю праекта ёсць амаль дзве тысячы рублёў, што ідуць на абсталяванне, інструменты і запасныя часткі. Далей арганізатары плануюць укладваць у развіццё праекта грошы, атрыманыя ад пракату. Састарэлыя адзінокія людзі, шматдзетныя бацькі, інваліды змогуць адрамантаваць свой веласіпед ці ўзяць транспарт на пракат бясплатна.

– Велапракат дазволіць большай колькасці людзей удзельнічаць у велапрабегах, акцыях па ўборцы смецця ў лясных масівах і месцах адпачынку, – упэўнена грамадскі эколаг лідар грамадскага аб’яднання «ЭкаБум», якое таксама далучылася да ініцыятывы, Ірына Кулікава. – Для нас важна і тое, што экалагічна чыстага транспарту ў райцэнтры стане больш.

У межах праекта запланаваныя разнастайныя мерапрыемствы для дзяцей, моладзі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, таксама будуць распрацаваны новыя схемы веламаршрутаў па раёне.

Часта бывае, што ў распараджэнні сям’і ёсць усяго адзін веласіпед. Як тут адправіцца на прагулку ўсім разам? Пракат лёгка вырашае такую праблему. Велапрагулкі – выдатная рэабілітацыя пасля хваробы, добры спосаб падтрымліваць неабходную для здароўя фізічную актыўнасць. У любым выпадку, такая альтэрнатыва тэлевізару, тэлефону і камп’ютару, можна не сумнявацца, прывабіць многіх шумілінцаў. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.