День города и республиканский фестиваль Двух рек отмечали в Докшицах

logo
Вторник, 14.08.2018 17:05 | Рубрика: Год народного единства
03961

Жнівень адзначыўся дзвюма яркімі падзеямі для Докшыцкага раёна – Днём горада і Рэспубліканскім фестывалем дзвюх рэк. Сёлета шаноўнымі гасцямі сталі начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Палкіна і Дзмітрыева (Расія), а таксама Балві (Латвія).

Малая радзіма – вялікая любоў

Цэнтр горада, якому споўнілася 611 гадоў, ператварыўся ў яркую, багатую на таленты і народныя традыцыі “Докшыччыну гасцінную”, дзе кожны сельсавет прапанаваў свой брэнд. Водарам духмянага печыва вабіў “Смачны фальварак”, дзе прысмакі на любы густ прапаноўвалі гаспадыні з арганізацый раёна. Жыхары горада і госці свята набывалі сувеніры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на “Алеі майстроў”. Падарункам гораду стаў арт-аб’ект лапікавага шыцця “Палатно сяброўства”. Гэту своеасаблівую карту Докшыцкага раёна выканалі вядомыя майстрыхі – Наталя Канцавая з дачкой Таццянай.

Святочная праграма “Малая радзіма – вялікая любоў” распачалася з прывітальнага слова старшыні райвыканкама Алега Пінчука. Шчыра падзякаваў дакшычанам за любоў да малой радзімы ў дасланым адрасе старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Ліст ад імя старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва і старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева зачытаў Пётр Падгурскі. Ад імя Міністэрства культуры ўсіх шчыра віншавала са святам Наталля Задзяркоўская, якая асаблівыя словы падзякі выказала мясцовай уладзе за падтрымку сферы культуры раёна.

Прыемным падарункам для ўсіх стала прэм’ера песні “Докшыцкі край” у выкананні народнага хору ветэранаў працы “Залатыя гады” і творчых калектываў мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў. Аўтарам і слоў, і музыкі з’яўляюцца нашы землякі – Ірына Сясіцкая і Мар’ян Зелянкевіч.

Па традыцыі на мерапрыемстве былі падведзены вынікі агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні тэрыторый Докшыц, адзначаны самыя сталыя і самыя юныя жыхары горада.

Уся праграма святкавання суправаджалася музычнымі нумарамі ў выкананні лепшых творчых калектываў Докшыччыны. Прыемным сюрпрызам стала выступленне таленавітых ураджэнцаў Докшыц – выкладчыка БДУ культуры і мастацтва кандыдата мастацтвазнаўства Веранікі Раманенкавай і выкладчыка Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, лаўрэата многіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Надзеі Аўласевіч.

Пасля святочнага феерверку адбыўся моладзевы праект “Горад, які танцуе”.

На маляўнічым беразе Бярэзіны

Фестываль дзвюх рэк распачаўся ўрачыстым тэатралізаваным шэсцем, якое рухалася ў бок гарадскога возера. Там прайшоў абрад “Лебядзіная вернасць”, яго галоўнымі героямі сталі Аляксандр і Анастасія Зямчонкі – маладая пара, што напярэдадні ўзяла шлюб.

У суквецце сяброўства злучыла шматлікія творчыя калектывы з розных куткоў Беларусі, Расіі і Латвіі святочная праграма “Віват, фестываль!” Музычныя падарункі гучалі са сцэны летняга амфітэатра ў выкананні народных калектываў “Лявоніха”, “Сузор’е”, “Адраджэнне”, “Вялея Казацкая” з розных абласцей Беларусі, гурта “СМС” з Расіі. Народным танцам парадаваў самадзейны калектыў з Балві.

У святочны фестывальны дзень кожны знайшоў занятак па душы. Дзеці разам з бацькамі з задавальненнем удзельнічалі ў квэст-гульні “Сямейныя забавы”. Юныя мастакі арганізавалі на беразе возера пленэр і з натуры малявалі фестываль. Аматары здаровага ладу жыцця скарылі вяровачны гарадок і гулялі ў пляжны валейбол, турнір па якім арганізаваў райкам БРСМ. У гэты ж час кінаканцэртная зала “Іскра” сабрала ўдзельнікаў конкурсу вакалістаў “Бярэзінскія напевы”, а таксама агляду-конкурсу сямейнай творчасці “Кірмаш сямейных талентаў”, пераможцы якіх былі адзначаны на фінальнай праграме свята. Завяршыў фестывальны дзень канцэрт арт-гурта “Беларусы”, песні ў выкананні якога доўга гучалі на “біс”.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Яўгенія МАЛЕВІЧ. Фота аўтара.