Ад Ветранай да Чэхава. Усяго 300 метраў у даўжыню мае адна з самых старадаўніх вуліц абласнога цэнтра

logo
Четверг, 11.07.2019 08:38 | Рубрика: Год народного единства
0958

На мяжы Пескаваціка

Вуліца Чэхава (ранейшая Ветраная) знаходзіцца на мяжы раёна, які даўно атрымаў народнае найменне Пескавацік. Як сведчаць гісторыкі, вуліца сфармiравалася ўжо ў XVIII стагоддзі. Вядома, што людзі сяліліся ў гэтым месцы значна раней. Так, славуты беларускі археолаг Георгій Штыхаў адкрыў і даследаваў тут гарадзішча, дзе з ІІ стагоддзя да нашай эры было ўмацаванае пасе­лішча. (Больш за тысячу гадоў да легендарнай княгіні Вольгі!) На месцы, дзе цяпер плошча Леніна, калісьці быў Смаленскі рынак, ад якога вуліца і пачалася.

Чаму ж Ветраная? Адказ на гэтае пытанне ляжыць на паверхні. Прос­та ў гэтым раёне калісьці быў Баруноўскі вятрак (ветраны млын). Наш летапісец Мікалай Нікіфароўскі згадваў, што «мельница была каменным неуклюжим строением… с деревянным колпаком, откуда торчали полуразрушенные мельничные крылья».

У 1901 годзе на Пескаваціку (там жыла пераважна «бедната») адбыўся спусташальны пажар, які часткова закрануў і Ветраную. Пасля гэтага на ёй сталі будаваць у асноўным цагляныя дамы, некаторыя з якіх захаваліся да нашага часу.

У 1950 годзе вуліцу перайменавалі ў гонар класіка рускай літаратуры Антона Паўлавіча Чэхава да 90-годдзя з дня яго нараджэння.

Ад духоўнай адукацыі да цывільнай

Цікавасць уяўляе дом пад нумарам 11/44 на перакрыжаванні з вуліцай Суворава пабудовы 1890-х гадоў. Яго аўтарам стаў губернскі архітэктар Аляксандр Кляменцьеў. (Вышэйзгаданы пажар нейкім цудам удалося спыніць ля самага будынка.) Першапачаткова гэта было духоўнае мужчынскае вучылішча, у якім атрымлівалі адукацыю пераважна дзеці праваслаўных святароў. Пры ім нават існавала свая бальніца на пяць ложкаў. З пачаткам Першай сусветнай вайны тут нават зрабілі лазарэт для параненых.

Пасля рэвалюцыі ў будынку былі савецкая адзіная працоўная школа, сямігодка, камуністычны ўніверсітэт імя Энгельса, Беларускае педвучылішча, мастацка-графічны факультэт педагагічнага інстытута…

Сёння ў старых мурах месціцца педагагічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава, дзе можна атрымаць такія спецыяльнасці, як «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Алігафрэнапедагогіка», «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія».

Музей народнага мсціўцы

Сваю цікавую гісторыю мае дом нумар 4, дзе зараз Музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова.

Да рэвалюцыі ў ім быў прытулак для састарэлых чыноўнікаў імя Кузьмы Галембіёўскага. Гэты чалавек збудаваў яго на ўласныя грошы і завяшчаў для дапамогі непрацаздольным калегам. Адначасна там знаходзіліся 40 чалавек. Кожны з іх да таго ж атрымліваў дапамогу ў памеры 15 рублёў на месяц. Пасля рэвалюцыі ў будынку мясціўся дом інвалідаў.

З 1969 года тут музей, які, здаецца, наведаў ці не кожны жыхар горада і многія яго госці, і расказ пра яго проста цяжка «ўціснуць» у дадзеную публікацыю. У iм праводзяцца і шматлікія мерапрыемствы. Цікавасць уяўляе вулічная кампазіцыя з зямлянкамі, у якіх так любіць палазіць малеча.

Працягваючы ваенную тэму, варта адзначыць, што ў жылым доме з другога боку вуліцы ў 1957—1995 гадах жыў былы лётчык Герой Савецкага Саюза Цімафей Лядскі. За вайну ён здзейсніў больш за 100 баявых вылетаў на варожыя пазіцыі.

Малы і вялікі бізнес

Чырвоны аднапавярховы дом № 7 да рэвалюцыі належаў купцу Шнеру Смалянскаму. Старажылы ўзгадваюць, што пасля вайны тут жылі кітайскія сем’і, якіх у той час было ў нас багата. З 2012 года ён перададзены музею М. П. Шмырова. У перспектыве тут плануюцца экспазіцыі па ўвекавечанні ахвяр вайны. Але перадусім будынак патрабуе сур’ёзнага рамонту. Побач, таксама на рагу з вуліцай Суворава, цагляны былы даходны дом № 9. Кватэры ў ім здаваліся ў арэнду.

А вось напрыканцы вуліцы быў кафляны завод Міхаіла Буднікава. Яго вырабы карысталіся попытам далёка за межамі Віцебскай губерні. Кафля выпускалася трох гатункаў, да 10 тысяч штук у год. Іх да спажыўца дастаўлялі дзедаўскім метадам: на плытах па Дзвіне. Такім жа чынам прывозілі і сыравіну: белую і чырвоную гліну.

«Храм найгалоўнейшага мастацтва»

І хто ж з жыхароў Віцебска хоць раз не наведваў кінатэатр «Мір»?! Ён быў пабудаваны ў той самы год, калі Юрый Гагарын паляцеў у космас. Хоць я і жыў на іншым канцы горада (гэты факт у 1980-я сам па сабе нёс рызыку нарвацца на непрыемную сустрэчу з «абарыгенамі»), але чамусьці больш за іншыя мяне прываб­лівала менавіта гэта ўстанова культуры. Многа хто, мабыць, прыгадвае «блакітную» і «ружовую» залы, якія насамрэч былі вытрыманы ў гэтых каляровых гамах.

Паплылі!

Не адно пакаленне гараджан актыўна адпачывала ў плавальным басейне «Маладосць» (цяперашняя ­СДЮШАР № 8). Старэйшыя людзі памятаюць, што яго адкрыццё стала трагічным. Пабудаваны прадпрыемствамі Кастрычніцкага раёна да 50-годдзя ўтварэння БССР у 1969-м, спартыўны аб’ект не справіўся ўжо са стартам сваёй эксплуа­тацыі. На ўрачыстым мерапрыемстве балкон не вытрымаў вялікай колькасці людзей і абрынуўся. Хтосьці апынуўся проста ў вадзе: спачатку людзі падумалі, што ўсё так і запланавана па сцэнарыі. Відавочцы ўзгадваюць, што неўзабаве ля басейна было мноства машын хуткай дапамогі. Цяжка сказаць, ці былі загiнуўшыя (такая інфармацыя тады не афішавалася), але тое, што людзі траплялі на бальнічныя ложкі, у тым ліку генерал-маёр авіяцыі будучы Ганаровы грамадзянін горада Віцебска Мікалай Зайцаў, адназначна. Інфармацыя пра віцебскае здарэнне прасачылася праз «жалезную заслону», і пра яго ўжо хутка паведаміла радыёстанцыя «Голас Амерыкі». Пэўны час потым басейн знаходзіўся
на датацыі абутковай фабрыкі «Чыр­воны Кастрычнік».

Абавязкова трэба адзначыць, што зусім побач з басейнам месціцца добра знаёмы асілкам горада зал цяжкай атлетыкі і атлетычнай гімнастыкі прафсаюзнай спартыўнай школы «Спорт­альянс». Тут ёсць і платныя групы для дарослых.

Шлях да Дзвіны

Частка ад вуліцы Кутузава да берага Дзвіны самая маладая: яна забудавана ўжо ў пасляваенны час. Варта ­адзначыць дом № 13, дзе на першым паверсе месціцца Натарыяльны архіў Віцебскай натарыяльнай акругі. Тут у фае прадстаўлена экспазіцыя «Натарыят Віцебскай вобласці ў асобах», можна азнаёміцца з летапісам, у якім расказ­ваецца пра натарыяльныя канторы, што знаходзяцца на тэрыторыі акругі.

Злева яшчэ застаўся яр, па якім працякае ручай, што меў не вельмі мілагучную наз­ву Слізкі. Раней ён меў куды большыя памеры, і на плане 1904 года яго пачатак зафіксаваны каля сучаснай плошчы Леніна. Ля месца яго ўпадзення ў Дзвіну і ўздоўж ракі да цяперашняй вуліцы Грыбаедава ў даўнія часы была Пескавацікская набярэжная.

Не магу не закрануць «сорамную» тэму. Не адкрыю Амерыкі, калі адзначу: у Віцебску катастрафічна не хапае туалетаў, што, між іншым, адзначаюць госці нашага горада. Дык вось, у тутэйшым парку захавалася, мабыць, адзіная ў нашым горадзе бясплатная грамадская прыбіральня. Некаторы час таму ў Інтэрнэце пачалася дыскусія, што, маўляў, гэты аб’ект ганьбіць наш горад. Мушу не згадзіцца: унутры і асабліва звонку тут нейкія значныя парушэнні санітарыі цяжка знайсці. Бачна, што ёсць замацаваныя гаспадары, якія добра даглядаюць гэтыя «зручнасці».

Насельнікам тутэйшых дамоў можна па-добраму пазайздросціць. ­Жывуць, можна сказаць, у цэнтры горада, але між тым і на прыродзе. Як паказчык добрай экалогіі нярэдка трапляюцца вужакі і вожыкі. А навакольныя дрэвы апанавалі дразды, яны не даюць спуску іншым птушкам, якія рызыкнуць сюды заляцець. Сустрэты мужчына з гумарам распавёў, як з гэтага «аазіса» з жахам уцякала варона.

Праблемнае месца для мясцовых жыхароў — кантэйнерная пляцоўка. Справа ў тым, што тут выкідваюць смецце не толькі насельнікі шматпавярховак, для якіх яна ўсталявана, але і ўладальнікі далейшых прыватных дамоў. Да гонару камунальных службаў, колькі б разоў тут нi хадзіў, тэрыторыя трымаецца ў больш-менш дагледжаным выглядзе.

У даўнія часы акурат у канцы вуліцы была лодачная пераправа праз Дзвіну. Сімвалічна, што менавіта тут для разгрузкі транспартнага патоку ў цэнтры Віцебска плануецца пабудаваць Паўночны мост. Праўда, пакуль гэта падзея адкладваецца на няпэўны час…

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.