Штогод 19 жніўня творчы калектыў Полацкага раённага Цэнтра культуры ладзіць мерапрыемства-падарожжа “Яблычны маршрут”

logo
Четверг, 20.08.2020 12:34 | Рубрика: Год народного единства
02225

Штогод 19 жніўня творчы калектыў Полацкага раённага Цэнтра культуры ладзіць мерапрыемства-падарожжа па Полаччыне пад назвай “Яблычны маршрут”.

Як паведаміў загадчык аддзела народнай творчасці РЦК Аляксей Зуеў, у бягучым годзе першым прыпынкам творчага падарожжа стала сядзіба Рымскіх-Корсакавых у вёсцы Бяздзедавічы. Тут адбылася сустрэча артыстаў з Полацка і аграгарадка Астроўшчына, падчас якой можна было пазнаёміцца з мясцовымі традыцыямі правядзення свята – адорваннем яблыні прысмакамі, варожбамі на яблыках, прыгатаваннем яблычных страў… Пасля ўдзельнікі святочнага маршрута сабраліся на ўбраным полі каля Астроўшчыны, дзе змаглі падзякаваць лету і сонейку за добрае надвор’е і багаты ўраджай. Не абышлося і без наведвання этнаграфічнай выставы ў Астроўшчынскім сельскім доме культуры, з экспазіцыяй якой палачан пазнаёмілі мясцовыя калектывы мастацкай творчасці.

“Яблычны маршрут” працягнуўся ў аграгарадку Блізніца. Сваімі спевамі тут вітаў фальклорны ансамбль “Блізнянка”, вядомы не толькі ў Полацкім раёне, але і за яго межамі. У прыгожым садзе за святочным сталом, дзе адбывалася дэгустацыя страў з яблык, сабраліся госці і мясцовыя жыхары, каб паведаміць пра дзейнасць пана Лісоўскага і яго садоўніка Вальмуса Вікенція. Скончылася свята варожбамі на яблыках, песнямі, гульнямі ды танцамі.

Удзельнікі падарожжа яшчэ раз пераканаліся, што наша зямля багатая на народныя традыцыі і звычыі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй СТРУНЧАНКА, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ. Фота прадстаўлена Полацкім РЦК.