Ва ўстанове сабраліся прыхільнікі беларускай літаратуры, родныя і сябры вядомага пісьменніка, журналіста і заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча. У самым пачатку аўтар расказаў пра свой творчы шлях – ад таго моманту, калі першы верш убачыў свет на старонках наваполацкай газеты «Хімік», да сённяшняга творчага багажу з разважаннямі пра тое, якое месца ў ягоным жыцці належыць беларускай мове.

Галоўнай падзеяй вечара стала прэзентацыя аўтабіяграфічнага рамана-эсэ «Чырвоны мост». Дзея абываецца ў родным горадзе пісьменніка – Полацку, і Чырвоны мост паўстае не толькі як сведка даўніх бітваў, але і сакральны куток аўтарскай душы.
– Для мяне гэта не проста месца сустрэч з сябрамі, а сапраўдны мост паміж дзяцінствам і сучаснасцю, – прызнаўся ён.
Невыпадкова, напэўна, Навум Гальпяровіч вырашыў працягнуць працу над творам і даў другой частцы назву “Мой Іерусалім”.
– Чаму Іерусалім? – спытаў ён пад час прэзентацыі і сам адказаў: – Таму, што Полацк для мяне – святое месца, такі ж духоўны цэнтр, як Іерусалім для ўсіх хрысціян.

Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць падзяліцца ўласнымі ўражаннямі ад кнігі. Сярод тых, хто ўзяў слова, быў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, які адзначыў не толькі мастацкую вартасць рамана-эсэ, але і яго значэнне для захавання беларускай моўнай традыцыі.
– Гэтую кнігу раю прачытаць усім, хто не прачытаў, раю любіць Радзіму так, як яе любіць Навум Якаўлевіч. – пранікнёна пажадаў ён.
Сустрэча стала не проста прэзентацыяй кнігі. Яна пераўтварылася ў той самы масток ад сэрца да сэрца, шчырую размову аб вечнасці і жыццёвых каштоўнасцях.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










