Чарговы прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб ва Ушачах правёў Уладзімір Андрэйчанка

logo
Среда, 03.06.2020 14:00 | Рубрика: Официально
05456

Чарговы прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які ва Ушачах праводзіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі № 22 Уладзімір Андрэйчанка, не выклікаў вялікага ажыятажу. Гэта сведчыць аб тым, што большасць праблемных і спрэчных пытанняў вырашаецца на ўзроўні мясцовай вертыкалі ўлады.

На прыёме да спікера звярталіся як грамадзяне, так і прадстаўнікі юрыдычных асоб. Так, малады чалавек паскардзіўся на тое, што Глыбоцкі райаграсэрвіс не выконвае рашэнне суда, згодна якому мужчыну і яго брату належыць выплата матэрыяльнай кампенсацыі маральнага ўрону за гібель бацькоў у аўтамабільнай аварыі. Уладзімір Паўлавіч даручыў начальніку аддзела прымусовага выканання Ушацкага раёна Алене Маслюк інфармаваць упраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкама аб дадзеным факце і ўзяць яго на кантроль, а Глыбоцкаму райаграсэрвісу пастаўлена задача ў пэўны тэрмін выплаціць кампенсацыю па рашэнню суда і далажыць аб выкананні.

Пенсіянерка інвалід другой групы з аграгарадка Ільюшына з дачкой звярталіся наконт магчымасці пераводу доўгу па крэдыце з ААТ “Ільюшынскі” на сябе, каб аформіць дом гападаркі ва ўласнасць – кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства да канца бягучага месяца разгледзіць паступіўшую заяву на агульным сходзе акцыянераў.

Ад імя жыхароў Гуты просьбу аб асфальтаванні дарогі праз вёску агучыў Э. Сабіраў – пасля закрыцця моста ў гарпасёлку асноўны транспартны паток пайшоў праз іх населены пункт. І хоць Ушацкае ДРБУ-105 устанавіла дарожныя знакі, абмежаваўшы хуткасць руху аўтамабіляў да 40 кіламетраў у гадзіну, арганізавала перыядычны паліў гравійкі вадой, вяскоўцы пакутуюць ад пылу. Намесніку старшыні райвыканкама Андрэю Галяковічу і дырэктару Ушацкага ДРБУ-105 Аляксандру Пячкоўскаму пастаўлена задача па апрацоўцы дарогі бітумным пакрыццём, так званым абяспыльванні.

Ад аднаго з грамадзян паступіла пытанне аб унясенні змяненняў у правілы дарожнага руху. Яно будзе накіравана па кампетэнцыі і разгледжана пры карэкціроўцы працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Уладзімір Андрэйчанка таксама азнаёміўся з ходам рэканструкцыі будынка пад дзіцячую школу мастацтваў, наведаў свінакомплексы “Слабада” і “Хадакова”, дзе на базе былых невыкарыстоўваемых аб’ектаў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якое ўваходзіць у аграхолдынг “Славянскі велес” У. Некрашэвіча, стварыла новыя вытворчасці і 60 рабочых месцаў.

Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак далажыў старшыні Палаты прадстаўнікоў аб рабоце фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”, мерах, якія прымаюцца раённымі ўладамі па прыцягненню патэнцыяльных інвестараў да магчымага будаўніцтва інтэрната для спартсменаў побач з комплексам, бо зараз не атрымліваецца прымаць усіх жадаючых, якіх некуды рассяляць. У. Андрэйчанка адзначыў, што пошук прыватнікаў неабходна працягнуць, а таксама даручыў атрымаць падтрымку ў рэалізацыі прыгаданага праекта ў аблвыканкаме для далейшага садзейнічання з уласнага боку. Таксама Уладзімір Паўлавіч узгадніў галоўнаму ўрачу Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы пераразмеркаванне бюджэтных асігнаванняў на набыццё двух аўтамабіляў “хуткай дапамогі”, у якіх установа аховы здароўя мае вострую патрэбу.

У. Андрэйчанка зазначыў, што выязныя прыёмы – важная форма работы з людзьмі, бо не ўсе пытанні можна вырашыць на мясцовым узроўні, а за ўзнятымі прыватнымі запытамі часта паўстаюць і дзяржаўныя справы.

– Людзі падаюць інфармацыю аб праблемах і часам падказваюць шляхі іх вырашэння, – сказаў Уладзімір Паўлавіч. – Для нас, парламентарыяў, важна заканадаўчае забеспячэнне гэтых і іншых пытанняў, мы ўлічваем меркаванні грамадзян у сваёй дзейнасці.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Дзмітрый РАМАНОЎСКІ, Ушачы. Фота БЕЛТА