Гараджане сталі вяскоўцамі ў Глыбоцкім раёне. Цяпер да іх едуць з усёй краіны і з суседняй Расіі, каб пакаштаваць сыр

logo
Вторник, 24.05.2022 14:17 | Рубрика: Общество
0524

Шчасце пачынаецца ва ўсіх па-рознаму. І час у кожнага свой. Галоўнае – давяраць сваім пачуццям. Як зрабілі гэта 10 год таму Аксана Лашкевіч і Вячаслаў Бураў, пераехаўшы жыць у невялікаю вёсачку Хролы, што ў Глыбоцкім раёне. Абодва гарадскія, яны кінуліся ў вясковае жыццё, як у цікавае падарожжа, якое працягваецца і сёння. Так, дарога не заўжды бывае лёгкай і гладкай, але выпрабаванні – гэта ўсяго толькі вопыт, які абавязкова адчыняе перадп адарожнікам новыя дзверы.

Новаспечаныя гаспадары адразу ўзяліся разводзіць жывёлу ды птушак. Куры, гусі, свінні, трусы – хіба толькі страўсаў не было на іх панадворку. Але скралі сэрца Аксаны козы. Гараджанцы яны падаліся нейкімі касмічнымі істотамі – прыгожымі, з прамавугольнымі зрэнкамі і свабодалюбівым норавам. Такія ж жвавыя, як сама гаспадыня. Так з дзвюх жывёлін за некалькі год вырас статак у 50 галоў. А невялікая вясковая хата ператварылася ў аграсядзібу «Краіна Мар», якая на ўсю Беларусь славіцца сваімі сырамі.

– Аднойчы я паспрабавала прыгатаваць плаўлены сыр. Атрымалася смачна. А суседскія госці, пакаштаваўшы, захацелі купіць. Так я зразумела, што гэты прадукт можна прадаваць, – рассказала Аксана, з чаго пачынаўся іх з мужам аграбізнес.

Сеня аграсядзіба прапануе 10 гатункаў сыра, праводзіць дэгустацыі, майстар-класы, экскурсіі на сыраварню, фотасесіі з жывёламі. Сюды едуць з усёй краіны і з суседняй Расіі, каб пакаштаваць натуральны прадукт, атрымаць асалоду ад яднання з прыродай.




Свой сыр гаспадары параўноўваюць з жывым арганізмам, з трапятаннем ставяцца да кожнага этапу прыгатавання. Галоўны сакрэт поспеху – якасная сыравіна. Козы ў «Краіне Мар» жывуць вольна, бы дзікія. Гаспадыня пасе іх у лясках ды на лужках, што не апрацоўваюцца хімікатамі. Жывёліна сама ведае, што ёй з’есці для добрага і смачнага малака. Гоцаючы па палетках, козы зрываюць верхавіны траў, у якіх утрымліваецца найбольшая колькасць вітамінаў і харчовых рэчываў. І ніякага камбікорму і дабавак!

Коз гаспадары дояць толькі ўручную, бо калі выкарыстоўваць спецыяльны апарат, прыйдзецца пастэрызаваць малако, а гэта заб’е ўсе жывыя арганізмы. І такіх вось няхітрых сакрэтаў добрага сыру шмат. Не апошнюю ролю іграе настрой сыравара ды і саміх жывёлін.


Аксана і Вячаслаў працягваюць вучыцца. Спрабуюць новыя гатункі. Яны робяць стаўку на вытрыманыя, сычужныя сыры, але заўжды гатовы і на эксперыменты. Для таго, каб зварыць добры сыр, мала ведаць рэцэпт, патрэбна разумець, якія працэсы адбываюцца ў малацэ, інтуітыўна адчуваць, якое малако для якога сыру падыходзіць. Аксана гэта называе «чуйкай». Гэту здольнасць, па ўсім відаць, яна прыняла ў спадчыну ад дзеда, які ў свой час працаваў на малочнай вытворчасці.

За дзень гаспадары збіраюць 60-80 літраў малака, яшчэ літраў сто купляюць у мясцовых жыхароў – каровінага. Можна сабе ўявіць маштабы вытворчасці! І ўсё роўна ўсім жадаючым ласунку не хапае. Гаспадары плануюць пашыраць сваю справу: ужо пабудавалі дадатковае памяшканне. Але рук і часу не стае, таму яны запрашаюць на лета валанцёраў. Гарантуюць смачны стол, начлег і адпачынак у маляўнічым краі ў далечыні ад шумнага горада.

– Летась у нас працаваў хлопец з Канады. Ён прыехаў у Мінск на курсы рускай мовы, даведаўся ад знаёмай, што нам патрэбны валанцёры, і жыў у нас цэлы месяц. Ад работы было не адцягнуць, – адзначыў Вячаслаў. – Ён так захапіўся нашай прыродай, вясковым жыццём, што нават купіў сабе дом недзе пад Мінскам.

– У нас тут цудоўныя мясціны з багатым гістарычным мінулым, некранутай прыродай, – дадала гаспадыня. – Наша сядзіба размясцілася на маляўнічым беразе возера Івесь. Непадалёку знаходзіцца самае глыбокае возера ў Беларусі – Доўгае. А яшчэ возера Шо – цэнтр Еўропы. Турысты нязменна застаюцца ў захапленні і прыязджаюць да нас зноў і зноў.

«Краіна Мар» разам з іншымі аграсядзібамы Глыбоччыны аб’яднаныя ў кааператыў па развіццю аграэкатурызму «Велесаў шлях». Апроч іншагага спадары надзвычай зацікаўленыя вывучэннем традыцыйнай культуры і гісторыі роднага краю. Тут прапануюць шмат цікавых турыстычных маршрутаў з экскурсіямі, майстар-класамі і нават паляваннем. А 12 чэрвеня ў культурным гісторыка-турыстычным цэнтры ў вёсцы Івесь адкрыецца яшчэ адна цікавая лакацыя, дзе можна будзе не толькі паглядзець на аўтэнтычныя ткацкія станкі, але і навучыцца ткаць пад кіраўніцтвам майстра Аляксея Глота, які атрымаў гэта ўменне ў спадчыну ад продкаў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота з архіва Аксаны ЛАШКЕВІЧ.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений