Сімвалічна, што менавіта ў Дзень народнага адзінства свой сумесны праект пад назвай «Разам» прэзентавалі Людміла і Міхась Цыбульскія – творчая сям'я віцебскіх мастакоў.

Людміла і Міхась пазнаёміліся яшчэ ў юнацтве, потым былі гады вучобы ў розных вышэйшых навучальных установах, пошукі сябе ў прафесіі. Сёння яна – мастачка і дызайнер па тканінах, ён – вядомы мастацтвазнавец і жывапісец. І больш за 40 гадоў яны ідуць па жыцці разам.

Выпускніца Віцебскага тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці, Людміла без малога 40 гадоў працавала ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Віцебскія дываны». Яна прымала ўдзел у распрацоўцы асноўных напрамкаў развіцця дывановай вытворчасці. Дызайнерскія работы мастачкі атрымлівалі званне лепшых сярод вырабаў аналагічнага асартыменту на ўсёй прасторы былога Савецкага Саюза. З 2002 года яна ўдзельніца штогадовых міжнародных выстаў вырабаў для інтэр'ера ў Гановеры (Германія). У 2010 годзе Людміла Цыбульская атрымала спецыяльны прыз Віцебскага аблвыканкама як лепшы дызайнер Віцебскай вобласці.

Міхась Цыбульскі – выпускнік 1983 года знакамітага мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута. У 2004 годзе скончыў дактарантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, выкладае ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. У якасці куратара і мастацтвазнаўцы прымаў удзел у многіх міжнародных мастацкіх праектах. Мае ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны – 2015». І ўсё гэта не перашкаджае Міхасю Цыбульскаму займацца любімай справай – стварэннем жывапісных работ у алейнай і гуашавай тэхніцы. Работы выстаўляліся як у Беларусі, так і ў экспазіцыях замежных галерэй: Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Францыі.


І вось упершыню творчая сям'я прадстаўляе свае работы ў Музеі сучаснага мастацтва па вуліцы Генерала Белабародава, 5. Гледачы ўбачылі дэкаратыўныя кампазіцыі, эскізы дываноў, гуаш і графіку Людмілы Цыбульскай і пераважна пленэрныя эцюды і нацюрморты Міхася Цыбульскага. Трэба зазначыць галоўнае: выстава прымеркавана да 65-гадовага юбілею абодвух творцаў.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










