Цікавыя факты з гісторыі беларускай мовы, выказванні знакамітых беларусаў сабраў аўтар vitbichi.by да Міжнароднага дня роднай мовы

logo
Пятница, 19.02.2021 08:49 | Рубрика: Культура
04041

21 лютага ў многіх краінах свету адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы.

Цікавыя факты з гісторыі беларускай мовы, выказванні знакамітых беларусаў сабраў наш няштатны аўтар Канстанцін Карнялюк.

Пра мову за мінулыя стагоддзі напісана мноства артыкулаў, навукова-папулярных кніг, манаграфій. З маленства для мяне матчына слова – свята душы і сэрца, на ёй заўсёды лёгка думаецца.

Мне як грамадзяніну Беларусі вельмі хочацца, каб родныя слоўцы гучалі з вуснаў суайчыннікаў штодня. Захацелася знайсці найбольш красамоўныя прычыны, чаму мову з вялікай гісторыяй трэба вучыць, любіць, паважаць, шанаваць, прапагандаваць.

*Мова пачала складвацца ў XIV — XVI стагоддзях, была аформлена напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзяў.

*У перыяд знаходжання беларускіх земляў у Вялікім Княстве Літоўскім афіцыйнай мовай была старабеларуская: на ёй вялося афіцыйнае і прыватнае ліставанне, судовая практыка, перакладаліся творы, размаўлялі.

*Беларускі першадрукар, ураджэнец Полацка Францішак Скарына сцвярджаў: “Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў”. 6 жніўня 1517 года ён выдаў першую друкаваную кнігу “Псалтыр”.

*Ля вытокаў развіцця літаратурнай мовы стаяў і ўраджэнец вёскі Кукавячына Віцебскага павета паэт, фалькларыст, кнігавыдавец Аляксандр Рыпінскі.

*Знакамітыя “Ляўкі” на Аршаншчыне былі заснаваны ў жніўні 1945 года. У 1978-м створаны ўжо Купалаўскі мемарыяльны запаведнік. У 2015-м з’явілася новая экспазіцыя. У кожнага з нас ёсць цудоўная мачымасць прыехаць сюды і прайсці Купалавымі сцежкамі.

*Сын зямлі глыбоцкай Вацлаў Ластоўскі сцвярджаў: “Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі”. Ён складаў чытанкі для дзяцей, апрацоўваў гістарычныя легенды. У 1924 годзе выдаў “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” (у 1990 г. — факсімільнае перавыданне). У 1926-м Ластоўскі выдаў “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі (у 2012 г. — факсімільнае перавыданне).

*Паэтка, ураджэнка фальварка Пешчын Лідскага павета Цётка пісала: “Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць”. Яна выдала “Першае чытанне для дзетак беларусаў”.

*Сын Стаўбцоўшчыны, ураджэнец засценка Акінчыцы Якуб Колас казаў: “Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет”. Пісьменнік выдаў буквар “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, стварыў нацыянальную эпапею, энцыклапедыю жыцця народа — паэму “Новая зямля”.

*Слынны сын зямлі аршанскай Уладзімір Караткевіч зробіць выснову: “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў”. На мове ён стварыў бессмяротную прозу: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі” і іншыя творы.

* Яшчэ адзін сын зямлі аршанскай, ураджэнец вёсачкі Зубрэвічы паэт Янка Сіпакоў даказвае: “Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам”.

*Беларуская мова прызнана ЮНЕСКА другой у свеце па мілагучнасці пасля італьянскай.

*Беларусы жывуць і размаўляюць па-беларуску ў Расіі, Украіне, Латвіі, Літве, Польшчы, Чэхіі, ЗША, Канадзе, Казахстане і некаторых іншых краінах.

*У мове ёсць велізарная колькасць слоў, якія нельга перавесці даслоўна: у гэтым яе ўнікальнасць, непаўторнасць і сэнс існавання.

* У старажытным Полацку ёсць унікальны помнік – літары “Ў”. Сімвалічна, што ён размешчаны у самым цэнтры старажытнага горада, на бульвары Францішка Скарыны. Ў – не проста 22-я літара алфавіта, гэта каларытная прыкмета мовы.

*Ды і ўсё нацыянальнае прыгожае пісьменства – адно з адметных і цікавых. Варта кожнаму беларусу пачаць сур’ёзна знаёміцца з яго бессмяротнымі старонкамі, са шматтомнай спадчынай!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Канстанцін КАРНЯЛЮК.