У тэатры Якуба Коласа адбылася прэм'ера камедыі "Мая жонка - падманшчыца", прысвечаная дню заснавання коласаўскага калектыва

logo
Пятница, 06.12.2019 11:33 | Рубрика: Культура
03224

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбылася прэм’ера камедыі «Мая жонка — падманшчыца», прысвечаная дню заснавання коласаўскага калектыву.

Класічная камедыя, вясёлая, але разумная. Добрыя рэжысура, сцэнаграфія, акцёрскі ансамбль. Аншлаг. Прагляд на адным дыханні, які дае падставу спадзявацца, што прыемнае «послевкусие» на шмат дзён наперад забяспечана. Вось і атрымалі ідэальны тэатральны вечар, калі шырокія масы заінтрыгаваных працоўных з вялiкiм задавальненнем ідуць на новы спектакль, ведаючы, што атрымаюць зарад станоўчых эмоцый і адпачнуць.

Менавіта так было 21 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, дзе адбылася прэм’ера авантурнай камедыі «Мая жонка — падманшчыца» па п’есе Маргарэт Мэё і Морыс Энекен.

Рэжысёр Міхась Краснабаеў (мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэат­ра), вядомы сваёй прыхільнасцю да «цяжкавагавай»класікі, прапанаваў нам якасную пастаноўку лёгкага жанру і не пралічыўся: гледачам — задавальненне, тэатру — касавы спектакль. Але ў ім закладзены і глыбокія думкі. Рэўнасць разбуральная. Шчасце — у сям’і, у каханні і дзецях, а не ў забаўках, пасля якіх надыходзіць душэўная пустата. Усё гэта падаецца лёгка, праз нарастаючы клубок смешнай блытаніны з абавязковым хэпі­эндам. Выдатная работа мастака-­пастаноўшчыка Святланы Макаранка ўзнаўляе атмасферу векавой даўнасці — пас­пяховы сярэдні клас, шырокія пінжакі і капелюшы ў мужчын, элегантныя сукенкі ў чароўных жанчын.

Галоўныя героі — раўнівы Уільям Гарысан (Цімур Жусупаў) і яго жонка Кэці Гарысан (Вікторыя Шамар­дзіна). Аднак выкажу думку, напэўна, спрэчную. Здаецца, што цэнтральны камедыйны персанаж — прастадушны дабрак Джымі Скот у выдатным выкананні ­Арцёма Блахіна. Ва ўсялякім выпадку, на яго легла асноўная нагрузка класічнай камедыі становішчаў. Перш за ўсё менавіта ён трапляе ў смешныя сітуацыі і расплачваецца за вынаходлівасць Кэці, якая падманвае на кожным кроку дзеля выратавання сям’і. Брава, Арцём!

Вялікія магчымасці ­бліснуць даюць акцёрам усе персанажы: метр­датэль і хабарнік Генры (Яўген Бераснеў і Юрась Цвірка), слёзатачывая Зоэ (Анжаліка Баркоўская), якая любіць уцякаць у іншы пакой, каб паплакаць, і тым нязменна выклікае ў зале смех; вытанчаная ­лэдзі Мэджы Скот (Святлана Сухадолава), баявітая міс Пэціктан (Вольга Куляшова і Раіса Грыбовіч), прасцяч­ка Мод (Тамара Краснабаева-­Чарняк), Палісмэн (Герман Дымарэцкі і Ва­дзім Асвяцінскі).

Нешта прыемнае застаецца ў душы пасля такой весялосці, а ў галаве — светлыя думкі. Так, сямейнае жыццё з дзецьмі — не забава, якая ні да чаго не абавязвае. Задавальненні праходзяць, а святло кахання застаецца назаўсёды. Трэба берагчы адзін аднаго. І хадзіць у Коласаўскі тэатр на вясёлыя камедыі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота Наталлі ЛАВІЦКАЙ­-ЯРМОЛАВАЙ.