Нават не ўсе старажылы Віцебска ведаюць, што ў ім ёсць вуліца, названая ў яго гонар

logo
Среда, 24.06.2020 08:44 | Рубрика: Год малой родины
0735

Знаходзіцца гэта вулачка ў старым прамысловым раёне Віцебска, які гараджане здаўна называюць «Пяты камунальны», ад наймення адпаведнага дома на Максіма Горкага. Побач, у камунальнай кватэры на вуліцы Смятаніна, я правёў толькі першыя дні свайго жыцця, таму ўспамінаў не засталося.

Варта адзначыць, што аб папулярнасці нашага старажытнага горада сведчыць тапаніміка не аднаго населенага пункта
ў Беларусі і ў суседніх краінах. Так, Віцебскія вуліцы ёсць у Мінску і Магілёве, Рызе і Харкаве, Маскве і Іванаве…У Смаленску ёсць Віцебская шаша.

Асаблівы піетэт да нас мае Санкт-Пецярбург, дзе ёсць вядомы многім Віцебскі вакзал, а аднайменны праспект — адна з галоўных магістраляў паўднёвай часткі горада.

Не зусім лагічна, але аналагічная назва ёсць і ў самім Віцебску, хаця яна падыходзіць да кожнай з соцень віцебскіх вуліц. Праз яе, цікавы факт, праходзіць і пара «сталічных магістраляў»: Кіеўская і Рыжская.

Шчыра кажучы, рыхтаваўся да горшага і баяўся ўбачыць «правінцыйны» пейзаж, з калдобінамі ды лужынамі. Аднак вуліца выглядае зусім няблага, нават заасфальтавана. Прахожыя, да якіх звярнуўся за размовай добрым словам узгадалі галоўнага ўрача абласнога клінічнага стаматалагічнага цэнтра, дэпутата гарадскога Савета дэпутатаў Алега Багінскага, які дапамог вырашыць пытанне з асфальтаваннем вуліцы. А то да гэтага месцічам даводзілася хадзіць у гумовых ботах.

Усе сустрэтыя жыхары аказаліся вельмі інтэлігентныя і гасцінныя, аднак катэгарычна адмаўляліся ўпрыгожыць здымкамі сваіх добрых усмешлівых твараў старонкі нашай газеты. Затое яны з радасцю давалі каментарыі наконт дзіўнай назвы вуліцы. Па версіі аднаго спадара, тут калісьці была гарадская мяжа, і людзі, што з вёсак прыязджалі працаваць ў горад, тут кампактна сяліліся. Таму і першапачаткова размоўная назва «віцебская» пазней і перайшла на карты і дакументы.

Напрыклад, Галіна Кірылаўна — ураджэнка Бешанкавіцкага раёна, але ўжо даўно тут жыве і працуе швачкай на адным з прадпрыемстваў абласнога цэнтра. Яна таксама лічыць Віцебскую сваёй малой радзімай. Успамінае, што спачатку купілі паўдома, а потым пакрысе разбудаваліся. Лічыць, што аблічча вуліцы з году ў год мяняецца да лепшага. Праўда, многія знаёмыя шчыра здзіўляюцца назве. Нават некаторыя таксісты не ведаюць, куды ехаць па выкліку. Бывала, прыязджалі і ў Тулава, і нават ў аграгарадок Ноўка, у якім гэтаксама ёсць вуліца Віцебская.

Вельмі любіць свой горад добрая бабулька Маргарыта Аляхновіч, якая на прызбе адпачывала з сынам. Яна адразу ж, не шкадуючы, нарэзала госцю белых півоняў «для жонкі альбо мамы». Маргарыту Сяргееўну смела можна занесці ў старажылы Віцебскай, бо жыве на ёй 65 гадоў! Сама яна ўраджэнка Гомельшчыны, а ў яшчэ дарэвалюцыйнай пабудове жылі мужавы продкі. Самы стары дакумент на хату быў датаваны ажно 1901 годам. Тут жа, у двары, пад нагамі радасна скакаў невялічкі сабачка старажытнай пароды коргі. «Такая ёсць у самой ангельскай каралевы, а дакументаў у яе больш, чым у мяне», — з непрыхаваным гонарам падкрэсліў гаспадар.

Вельмі гаваркім аказаўся і мужчына, які прадставіўся Мікалаем Мікалаевічам. Ён адпрацаваў у свой час на на розных будоўлях па ўсёй Расійскай Федэрацыі ў камандыроўках ад віцебскай ПМК-24, але радзіма заўсёды цягнула да сябе: бацькавы карані на Палессі, а матчыны — на Верхнядзвіншчыне. Сёння Мікалай і пражывае разам з матуляй. Вельмі падабаецца гэты райскі куток, дзе на прыродзе нават сёлетняя спёка пераносіцца куды лягчэй, чым у каменным цэнтры горада.

«Афіцыйна» на вуліцы няма ніякіх арганізацый, толькі жылы сектар. Аднак ёсць санаторны дзіцячы яслі-сад № 37, які мае прапіску па вуліцы Шырокай, 22. Сталыя жыхары прыгадваюць, што раней тут было багата дашкольных устаноў, у якія ўладкоўвалі сваіх дзяцей маладыя пары — работнікі прадпрыемства «КІМ», што тут кампактна сяліліся. Неўздалёк знаходзіцца і сярэдняя школа № 18. Так што, як бачым, сацыяльныя стандарты ў сферы адукацыі тут выконваюцца добра. Каларыт наваколлю надае бачны купал праваслаўнай царквы Дзмітрыя Салунскага, якая знаходзіцца на суседняй вуліцы з зусім не рэлігійнай і нават атэістычнай назвай — Чырвонагвардзейская. Сваю прагу да духоўнага жыцця можна спатоліць і ў недалёкай евангельскай царкве «Новае жыццё».

Напрыканцы вуліцы чыгунка, так што аматарам засынаць пад гукі цягнікоў, якія раніцай могуць замяніць будзільнік, тут самае тое.

Неўздалёк спартыўная школа «Камсамолец» і стары парк за ёй, які вядзе акурат на бераг Заходняй Дзвіны, дзе таксама можна добра адпачыць

Вось такая яна, самая Віцебская з усіх віцебскіх вуліц, на якой жывуць сапраўдныя віцьбічы. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь Бынькоў. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений