На жывёлагадоўчым комплексе «АграБаравінка» у Шумілінскім раёне устаноўлены цеплавізарны комплекс для аўтаматычнага вымярэння тэмпературы жывёлы

logo
Пятница, 09.07.2021 10:08 | Рубрика: Экономика
02355

На жывёлагадоўчым комплексе ААТ «АграБаравінка», што ў Шумілінскім раёне, устаноўлены цеплавізарны комплекс для аўтаматычнага вымярэння тэмпературы жывёлы. Падобнае абсталяванне, якое праходзіць тэсціраванне ў нашым раёне, пакуль што адзінае ў рэспубліцы, сцвярджаюць спецыялісты сельгаспрадпрыемства.

Каб больш падрабязна даведацца пра новыя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, накіроўваемся на жывёлагадоўчы комплексе ААТ «АграБаравінка». Намеснік дырэктара па вытворчасці Мікалай Рыбікаў расказаў, што інавацыйны праект рэалізуецца сумесна з унітарным прадпрыемствам «Гандлёвы дом «Віцебская біяфабрыка». Разам яны супрацоўнічаюць з адкрытым акцыянерным таварыствам «ТД Контур СБ», у склад якога ўваходзяць расіяне і кітайцы. Спачатку таварыства займалася распрацоўкай, пастаўкай і ўстаноўкай цеплавізійнага абсталявання для кантролю тэмпературы цела чалавека (у сувязі з пандэміяй такія ўстаноўкі закупілі буйныя прадпрыемствы многіх краін). Зараз спецыялісты пашыраюць сферу сваёй дзейнасці і стварылі цеплавізарны комплекс “панда” для сельгасвытворчасці. З яго дапамогай (на жывёлагадоўчым комплексе ўстаноўлены дзве камеры), акрамя звычайнага відэа, у кароў бескантактна вымяраецца тэмпература цела, а таксама на ранняй стадыі выяўляюцца розныя хваробы. Інфармацыя паступае на ноутбук, устаноўлены ў пакоі адпачынку, а таксама на мабільны тэлефон кіраўніка гаспадаркі. І заатэхнік ці ветурач кожны дзень кантралююць, якіх кароў трэба падлячыць. Гэта дае свой эфект – хворыя каровы ізалююцца і не заражаюць астатніх.

«Мы самі ў рэальным часе назіраем за працэсам вытворчасці, гэта робяць нашы партнёры ў Кітаі і Маскве. Усё дзеля таго, каб разам распрацаваць новыя тэхналогіі, – тлумачыць намеснік начальнік па развіцці начальнік зааветслужбы Віцебскай біяфабрыкі Раман Навуменка, які часта прыязджае на Шуміліншчыну, каб пракантраляваць працэс. – На самой справе падчас праходжання кароў пад «пандамі» за гэтым сочаць кітайцы і расіяне, якія распрацоўвалі праект і маюць на мэце яго ўдасканаліць. Мы задаволены новай тэхналогіяй, яна вельмі дапамагае ў рабоце».

Акрамя гэтага, на комплексе ўстаноўлены некалькі звычайных відэакамер, якія ў першую чаргу дысцыплінуюць людзей. У любы момант спецыялісты могуць прааналізаваць прабелы вытворчасці: па відэа бачна, ці своечасова накармілі жывёлу, ці пачысцілі стойлы, ці падмылі вымя каровам, ці здаілі першыя струмені малака.

У беларуска-расійскім праекце з кітайскімі партнёрамі праекце прымаюць удзел і спецыялісты «АграБаравінкі». Паколькі тут праходзіць выпрабаванне новага комплексу (яго паставілі сельгаспрадпрыемству бясплатна), ёсць мажлівасць уносіць і свае прапановы. Так, спецыялісты сельгасарганізацыі прапанавалі стварыць праграму для цеплавізарнага комплекса для выяўлення кароў у ахвоце, для вымярэння тэмпературы зерня на вагавай падчас жніва, для вымярэння тэмпературы кармоў, якія раздаюць на комплексе.

Як паведаміла кіраўніцтва ААТ «АграБаравінкі» (гаспадарка адносіцца да інтэграцыйнай структуры Віцебскага мясакамбіната) і ў далейшым плануюць выкарыстоўваць інавацыйныя тэхналогіі. У прыватнасці, відэакамеры мяркуюць устанавіць і на іншых фермах сельгаспрадпрыемства. Што тычыцца комплексу, то яго мяркуюць дабудоўваць, а малочна-даільныя ўстаноўкі рэканструяваць.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА.