Адразу трое камбайнёраў агракамбіната «Юбілейны» перасягнулі планку па намалоце ў тысячу тон зерня

logo
Четверг, 22.08.2019 09:30 | Рубрика: Экономика
02678

Камбайнеры з ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аляксей Парчэўскі, Дзмітрый Новікаў і Віктар Фальковіч добра ведаюць цану хлебнага коласа, бо не першы год працуюць у сельскай гаспадарцы і прымаюць удзел у жніве. Днямі адразу трое гэтых хлебаробаў перасягнулі планку па намалоце ў тысячу тон зерня. Цяпер у кожнага з іх за плячыма першая «зорная» тысяча. А гэта добры стымул для новых поспехаў.

Механізатар Аляксей Парчэўскі спачатку быў неаднаразова лідарам сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў, пасля перайшоў у іншую катэгорыю, але і там сваіх пазіцый не здае. Цвёрда трымае пераможны вымпел у руках. Аляксея некалькі разоў ушаноўвалі на «Дажынках», быў ён лепшым і ў конкурсах прафе­сійнага майстэрства. Праўда, кожнае жніво для хлебароба — самы адказны перыяд: ніколі не ведаеш, якія сюрпрызы чакаюць наперадзе.

Дзмітрый Новікаў пачынаў з памочніка камбайнера. Узгадваецца адна размова з ім, калі ён расказваў, як хацеў быць галоўнай фігурай падчас уборкі ўраджаю і ўпэўнена трымаць штурвал камбайна. Прайшлі гады, і запаветная мара здзейснілася… Апошнія сем сезонаў Дзмітрый працуе на жніве камбайнерам. Пашчасціла яму аднойчы прымаць удзел у «Дажынках», як, дарэчы, і Віктару Фальковічу. Віктар на «Юбілейным» працуе дзесяць гадоў, восем з іх — камбайнерам. Адказны, добрасумленны, бездакорны, сціплы — так каротка можна ахарактарызаваць механізатара. Яго вельмі паважаюць за працавітасць, адданасць сваёй прафесіі.

З тысячнымі намалотамі камбайнераў павіншавалі кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт агракамбіната, старшыня Аршанскай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза АПК Станіслаў Кошкін. Ім уручылі ганаровыя граматы, каштоўныя падарункі, шчыра падзякавалі за выдатную працу, пажадалі з поспехам і перамогай завяршыць жніво. Хлебаробы ў сваю чаргу паабяцалі, што пастараюцца апраўдаць аказаны ім давер.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Настасся ТУРОК. Фота прадстаўлена прафкамам агракамбіната «Юбілейны».