Разынка, казуля, страхар... Прапанавалі жыхарам Віцебшчыны перакласці з беларускай на рускую мову некаторыя словы. Вось што атрымалася

logo
Пятница, 14.10.2022 08:34 | Рубрика: Мнения
07511
Ёсць меркаванне, што наш артыкуляцыйны апарат прыродай прыстасаваны для таго, каб размаўляць на роднай мове. Магчыма, таму рускія даволі лёгка вызначаюць беларусаў, як бы мы не стараліся выказвацца на чыстай мове Пушкіна і Талстога. Але ж чалавек размаўляе на той мове, на якой маці спявала яму калыханкі. А ў нас ужо не адно пакаленне вырасла на так званай трасянцы.


Мы вырашылі правесці невялікае даследаванне. Прапанавалі людзям перакласці на рускую мову наступныя словы: патэльня, дыван, абрус, разынка, аматар, ануча, зязюля, кава, казуля, клопат, ныркі, алей, сняданак, арэлі, страхар, канапа, сукенка, панчохі і іншыя. Трапіліся нам рэспандэнты ад 9 да 60 год, вяскоўцы і гараджане, нейкія іншыя сацыяльныя статусы мы не высвятлялі. Усяго ў эксперыменце паўдзельнічалі 50 чалавек.

Здаецца, прапанаваныя словы, хіба за выключэннем «разынкі» ці «страхара» (не так часта ўжываюцца ў паўсядзённасці), не павінны выклікаць збянтэжанасці ў чалавека, які жыве ў Беларусі. Дзе там! Без лішніх каментарыяў прапануем тую безліч варыянтаў рускіх «адпаведнікаў» да нашых беларускіх слоў: патэльня (сковорода) – пастель, подоконник, котельная; дыван (ковер) – диван, кровать, покрывало; абрус (скатерть) – фартук, занавеска, брусок, полотенце, арбуз, портянка; разынка (изюм) – резинка; аматар (любитель) – слушатель, инициатор, фанат, деятель; ануча (тряпка, портянка) – полотенце, носок; зязюля (кукушка) – дятел; кава (кофе) – какао; казуля (косуля) – коза, козел; клопат (забота) – работа, беспокойство, уход; ныркі (почки) – норки; сняданак (завтрак) – крыльцо, еда, обед; арэлі (качели) – тяпка; канапа (диван) – кровать, покрывало; сукенка (платье) – занавеска, сорочка, одежда, косынка, блузка, платок; панчохі (чулки) – носки, туфли, панталоны, тапки, сапоги, обувь.

У сувязі з гэтым успамінаецца аповед знаёмага расіяніна, які даволі доўга жыў у Беларусі. Неяк сябры тэставалі яго на прадмет валодання мовай. І ён паспяхова перакладаў усё, што яны прапаноўвалі. Спатыкнуўся ж на слове «кавалак», якое пераклаў, як «кузнечик». А на рогат у адказ патлумачыў: «кузнец» – гэта «каваль», значыць, «кавалак» – гэта «маленькі кузнец», «кузнечик». Гэтай жа логікай, па ўсім відаць, кіраваліся і тыя, хто арэлі абазваў «тяпкой» (ад слова араць, верагодна), а клопат – «работой». Каву ў «какао» перайменавалі аж 10 чалавек. Тое ж і з казуляй, якую прынялі за «козла». Падманула сугучнасць слоў у варыянтах: «абрус – брусок», «разынка – резинка», «ныркі – норкі» і іншых.

Можна меркаваць, што з такім жа поспехам мы можам перакладаць з польскай ці ўкраінскай моў – па сугучнасці, па асацыяцыях. Хто паспрачаецца з тым, што сняданак – гэта «еда», сукенка – «одежда», а панчохі маюць пэўнае дачыненне да ног! І аматар у нейкай ступені «деятель», і абрус можа зніякавець да «портянки».

Стала зразумела, што людзі старэйшага пакалення мову ведаюць: ні страхаром (кровельщик), ні разынкай іх не здзівіш. А вось тыя, каму ад 9 да 25 змаглі перакласці толькі па 3–5 слоў, ды і тое з памылкамі. Мамы расказваюць, што родную мову са сваімі малымі вывучаюць гэтак жа, як і замежную: завучваюць словы на памяць.
Так, мы можам выбіраць, якой мовай карыстацца. І гэта выдатна. Але на справе выходзіць, што ні той, ні другой, па-сутнасці, не ведаем, ні на адной бездакорна размаўляць не можам. Вось у чым праблема.

У сувязі з гэтым мы вырашылі адкрыць у «Віцьбічах» пастаянную рубрыку «Моўны кейс». Плануем запрашаць да гутаркі экспертаў-мовазнаўцаў, разбірацца ў спецыфічных правілах, шукаць трапныя адпаведнікі рускім словам і выразам. Давайце вучыць мову разам!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА