У суботу каталіцкія вернікі вобласці прайшлі па Віцебску ў працэсіі Божага Цела

logo
Понедельник, 12.06.2017 15:06 | Рубрика: Религия
02986

Маршрут пралёг па вуліцах Воінаў-інтэрнацыяналістаў і Чкалава: ад катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага да касцёла Святога Духа.

Традыцыйнае мерапрыемства было прымеркавана да ўрачыстасці Божага Цела, якую католікі ў гэтым годзе адзначаць 15 чэрвеня. Свята лічыцца адным з самых важных, бо прысвечанае галоўнаму касцёльнаму сакраманту – Эўхарыстыі, падчас якога, лічыцца, хлеб і віно пераўтвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста.

Перад пачаткам працэсіі адбылася імша ў касцёле Езуса Міласэрнага, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У службе ўдзельнічалі святары, сёстры законныя, вернікі як з Віцебска, так і з парафій вобласці, а таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы. Было шмат дзяцей у белым убранні – тыя, хто ў гэтым годзе прынялі Першую Камунію.

Алег Буткевіч прывітаў усіх прысутных, асабліва падзякаваў тым, хто прыехаў здалёк.

– Сёння мы пройдзем па вуліцах Віцебска, вызнаючы веру ў Хрыста. Шэсце не проста даніна традыцыі, якая ўзнікла ў 1264 годзе ў Францыі, а свята, якое павінна абуджаць веру ў жывую і рэчаісную прысутнасць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Гэтая прыгожая працэсія павінна нагадаць нам і ўсім, каго мы сустрэнем, што Хрыстос ідзе з намі па жыцці, каб дапамагаць і сцерагчы ад бедаў, – падкрэсліў Алег Буткевіч. – Пан Езус перасцерагае, каб мы не прымалі яго ў Святой Камуніі ў стане смяротнага граху, а таксама бяздумна і абыякава, бо гэта вялікі грэх і прафанацыя яго любові і дару, народжанага з крыві на Галгофе.

Перад працэсіяй біскуп асвяціў харугву маладой парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску ў мікрараёне Білева. Мясцовыя вернікі яшчэ не маюць уласнага храма і моляцца ў часовым будынку. Харугва павінна стаць трывалым падмуркам у развіцці парафіі.

Падчас шэсця вернікі зрабілі чатыры прыпынкі каля алтароў – першы і апошні размяшчаліся каля храмаў, а другі і трэці неслі на сваіх плячах людзі. Каля іх святары спявалі ўрыўкі са Святога Пісання, біскуп А. Буткевіч бласлаўляў прысутных. Як і ў мінулыя гады, разам з католікамі рымскага абраду ў працэсіі пранялі ўдзел і грэка-католікі, дэманструючы, што хрысціяне любых канфесій павінны быць разам. Па заканчэнні біскуп падзякаваў усім, хто прыняў удзел у гэтай урачыстасці і яе рыхтаваў. Асобныя словы падзякі прагучалі ў адрас мясцовай улады, прадстаўнікоў ДАІ, міліцыі, якія далі дазвол на правядзенне мерапрыемства і забяспечылі парадак. Напрыканцы свята прагучаў гімн «Магутны Божа».

У гэты дзень па вуліцах горада прайшлі дзясяткі вернікаў з розных куткоў Віцебшчыны. Людская плынь стварала незвычайную прыгажосць і паказвала веліч веры. Працэсія пад акампанемент музычных інструментаў і спеву хора прыцягвала ўвагу віцябчан. Некаторыя спыняліся, назіраючы і здымаючы ўсё на тэлефон. Надвор’е спрыяла святочнай урачыстасці.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота аўтара.