У панядзелак у Барсуках Докшыцкага раёна адбылася самая значная падзея года ў гісторыі аграгарадка — пуск прыроднага газу. Яна ператварылася ва ўсеагульнае свята, бо блакітнае паліва — гэта камфорт, цяпло і ўтульнасць.
На святочнае мерапрыемства прыбыло шмат высокіх гасцей. Вяскоўцы з радасцю сустракалі іх на плошчы ля сельскага Дома культуры. Газавы факел, які як бы даў дабро на газіфікацыю вёскі, запалілі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык (на здымку).
Пасля заканчэння ўрачыстай цырымоніі святочнае мерапрыемства прадоўжылася ў Барсукоўскім СДК, дзе былі ўручаны граматы і ўдзячнасці спецыялістам, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве газаправода, і адбыўся канцэрт. Падчас выступлення на ім Уладзімір Андрэйчанка адзначыў вялікую значнасць падзеі для аграгарадка Барсукі.
— Прэзідэнт праводзіць моцную сацыяльную палітыку, і сённяшні пуск газу — яркае таму пацвярджэнне, — сказаў ён. — У 2008 годзе пускам блакітнага паліва ў Расонах закончылася газіфікацыя ўсіх райцэнтраў і гарадоў Віцебскай вобласці. Зараз працягваецца газіфікацыя сельскіх населеных пунктаў. Гэта мерапрыемства патрабуе вельмі вялікіх выдаткаў, але яно значнае і важнае, бо здымае многія бытавыя праблемы і паляпшае жыццё людзей.
Мікалай Шарснёў правёў паралель паміж наяўнасцю блакітнага паліва і адраджэннем жыцця ў вёсцы. «Там, дзе ёсць газ, там будзе прадпрыемства, будуць жыць людзі, нараджацца дзеці, — сказаў ён, — таму пажадана, каб газіфікацыя максімальна хутка прыйшла ў кожны аграгарадок, калі мы хочам спыніць адток людзей з вёскі. Каб ажыццявіць жаданне вяскоўцаў, якое яны выказалі, калі былі на прыёме ў Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, і газіфікаваць Барсукі, спатрэбіліся намаганні многіх структур рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў. Наступным населеным пунктам стане аграгарадок Порплішча».
Для Докшыцкага раёна гістарычнай датай стала 12 студзеня 2006 года, калі ў райцэнтры газавы факел запаліў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. За адзі-наццаць гадоў, якія прайшлі з таго часу, эканамічна выгадным, экалагічна чыстым відам паліва па прымальным кошце пачалі карыстацца жыхары Докшыц і Крулеўшчыны, Бягомля і Пруднікаў, Сітцаў і Параф'янава, Крыпуль і Таргуноў, Янкоў і Гліннага. Агульная працягласць газавых сетак на сёння складае 261 кіламетр, карыстальнікамі значацца больш за пяць тысяч абанентаў.
У сваім выступленні на мерапрыемстве старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук падзякаваў высокім гасцям за вялікую ўвагу і канкрэтную дапамогу ў газіфікацыі раёна. Ён паведаміў, што ў Барсуках газ паступіць у 200 індывідуальных дамоў, некалькі шматкватэрных, зернесушыльны комплекс. Паабяцаў, што за дзяржаўны клопат аб патрэбах вяскоўцаў працаўнікі раёна адкажуць добрасумленнай працай. Шчырыя словы падзякі за дарагі падарунак у выглядзе блакітнага паліва выказалі таксама старшыня ААТ «Барсучанка» Сяргей Маскалёнак і старшыня газавага кааператыва Аляксандр Варган.
У гэты ж дзень Уладзімір Андрэйчанка, Уладзімір Патупчык і Мікалай Шарснёў наведалі таксама прадпрыемства «Віцебскаблторф» у Крулеўшчыне.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.