У Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі захоўваецца ўнікальная спадчына ўраджэнкі вёскі Пронскае Домны Рогалевай — альбомы з фотаздымкамі і біяграфіямі байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, якія ахвяравалі сваім жыццём пры вызваленні Лёзненшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стосы іх пісьмаў, спісы пахаваных чырвонаармейцаў і загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцаў.

Пра Домну Сілівестраўну Рогалеву, патрыёта сваёй малой радзімы і Беларусі, расказвае Анатоль Бруцкі, журналіст, пісьменнік, лаўрэат абласной прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.
Восенню 1943 года, перад самым вызваленнем Лёзненшчыны, немцы пагналі ў Оршу для адпраўкі ў Германію калону мясцовых жанчын і дзяўчат. Пратрымалі ў перасыльным лагеры ўсю зіму і вясну. Ад голаду, здзекаў і хвароб многія памерлі. Маладая Домна Рогалева выжыла і пасля выгнання фашыстаў на спадарожнай вайсковай машыне дабралася ў родную вёску Пронскае. Ледзь не загінула, калі на дарогу спікіраваў нямецкі знішчальнік.
Хата бацькоў не згарэла. Але ніхто на вуліцы дзяўчыне не сустрэўся. Вайна праклятая, забіваючы людзей, параскідала яшчэ жывых. Дзяўчыну ахапіў адчай. Прыйшла на магілу бацькі, прысела на лавачку, схіліла сірочую галаву, пачала скрушна жаліцца: «Татачка, міленькі, падкажы, як жыць». Скрозь слёзы, што затуманілі зрок, не адразу заўважыла насыпаны побач свежы магільны пагорак з пакладзенай зверху фанернай таблічкай. Зацікавілася: хто ж гэта знайшоў апошні прытулак каля бацькі? Узяла таблічку і здзівілася: прозвішча не з мясцовых, не з тутэйшых, пра такое Домна ніколі не чула. Ды і прачытаць яго поўнасцю не змагла: вільгаць ужо размыла некалькі літар.
Гэта была магіла салдата. Ва ўцалелых сялянскіх хатах спыніўся ваенны шпіталь, параненыя паміралі, іх і хавалі на вясковых могілках. Нехта з персаналу хімічным алоўкам пісаў прозвішчы байцоў на шматках фанеры і проста клаў іх на халодны жвір.
Домна жахнулася: праз нейкі час ад дажджоў і сырога туману магілы непазбежна стануць безыменнымі.
Наведаўшы шпіталь, Домна старанна занатавала прозвішчы пахаваных у вёсцы салдат, іх хатнія адрасы, калі такія меліся, а таксама месца прызыву ў армію.
Ад гэтага часу яе жыццё набыло сэнс. Найперш неабходна было пазначыць магілы ўваткнутымі ў зямлю слупкамі з прыбітымі фанернымі таблічкамі.
У магазіне суседняй вёскі Чарніцы сталага веку прадавец, даведаўшыся, для чаго дзяўчына купляе цвікі, спахмурнеў і сказаў: «Я грошы з цябе не вазьму». Памаўчаў крыху і глуха дадаў, змахнуўшы слёзы: «У мяне сын на фронце загінуў».

Пасля вайны жылося цяжка, людзі выбіваліся з сіл, каб выбрацца з галечы, з цесных задушлівых зямлянак. Але з гадамі Домну Сілівестраўну ўсё мацней непакоілі і вярэдзілі душу неадступныя думкі: ці ведаюць сем’і салдат пра месца іх вечнага спачыну? Пры актыўным спрыянні афіцэраў Лёзненскага раённага ваенкамата пачала пасылаць пісьмы ў тыя рэгіёны, дзе прызываліся салдаты ў армію. І гэта спрацавала. Неўзабаве яна атрымала першыя лісты, завязалася перапіска. Домна спакваля дапаўняла біяграфіі салдацікаў, як яна іх называла, новымі звесткамі. Папрасіла сваякоў прысылаць фотаздымкі. І тыя адгукнуліся.
З пажоўклых ад часу здымкаў са свайго даваеннага мінулага глядзелі на Домну бязвусыя юнакі і маладыя мужчыны з адкрытымі прыгожымі тварамі, стрыманымі ўсмешкамі, з усведамленнем уласнай фізічнай моцы, у шчаслівым няведанні пра блізкую вайну і свой лёс. А Домна ўсё гэта ведала, і сціскалася ад невыноснага жалю шчымлівае дзявочае сэрца.
Асабліва ўразіў Домну здымак капітана Барыса Фалькова. Усё ў яго абліччы выдавала, што быў ён афіцэрам мужным і валявым, сапраўдным героем. Дзяўчыну агарнула пяшчотная хваля нязвычнага лірычнага натхнення, і яна, зусім нечакана для самой сябе, адчула, як кладуцца на душу простыя рыфмаваныя радкі. Да яе, узрушанай, не адразу дайшло, што стварыла свой першы верш.
Паблізу Лёзна капітан Барыс Фалькоў з Кемераўскай вобласці быў цяжка паранены ў жывот, руку і нагу, памёр у шпіталі.
А вось яшчэ адзін нават для вайны выключнай трагічнасці лёс. Разанскі юнак Васіль Архіпаў ваяваў у славутым авіяпалку «Нармандыя — Нёман». У паветраным баі французскі пілот прыняў самалёт Васіля за варожы і абстраляў яго. Васіль пачаў зніжацца, пакідаючы шлейф чорнага дыму. І тут француз даў наўздагон яшчэ адзін гарматны залп.
Домне Сілівестраўне даслала ліст Марыя Чарамных з Пермі, якая служыла ў авіяпалку ўрачом: «Такі вясёлы быў і малады. Той выпадак моцна засмуціў аднапалчан, такое не забываецца… А вам, Домна Сілівестраўна, шчыры дзякуй за тое, што зберагаеце памяць пра нашага Васіля».
Асабліва шмат лістоў атрымала Домна Сілівестраўна з Краснатурынскага раёна Свярдлоўскай вобласці. З тых мясцін прыехаў у вёску Пронскае брат загінуўшага воіна, магілу якога дапамагла знайсці Домна Сілівестраўна. Вярнуўшыся дамоў, удзячны чалавек выклаў свае ўражанні ў мясцовай газеце. І, як восенню лісце з дрэў, пасыпаліся пісьмы ў Пронскае.
«Шаноўная Домна Сілівестраўна! Мой брат Герасімаў Іван прапаў без вестак. Страцілі ўжо надзею знайсці яго. Молімся на вас».
«Прашу паведаміць, ці ведаеце вы нешта пра майго мужа Сямёнава Канстанціна Сяргеевіча, а таксама пра брата Турчанінава Аляксея Пятровіча і дзядзьку Сотнікава Сямёна Іванавіча. Усе яны прапалі без вестак».
Людзі пісалі з верай у тое, што адшукаецца, нарэшце, след блізкага чалавека. І кожную просьбу Домна Сілівестраўна брала блізка да сэрца. Вольга, сястра, раіла: «Пашкадавала б сябе. Начамі не спіш, перажываеш, плачаш». І на кожнае пісьмо трэба даць адказ: людзі ж чакаюць, жывуць, можа, апошняй для іх надзеяй.
І як горка і цяжка было Домне Сілівестраўне адказваць, што дапамагчы ў пошуку не можа. Аднойчы да яе звярнулася дзяўчынка з Сібіры: «Дарагая Домна Сілівестраўна! Мяне завуць Света. Можа, вы ведаеце штосьці пра майго прадзеда Кукліна Сцяпана Андрэевіча, які прапаў без вестак у Беларусі? Я так хачу знаць, дзе ён пахаваны».
Звестак пра роднага чалавека Светы не было, і жанчына, суцяшаючы дзяўчынку, папрасіла прабачэння. Папракала сябе, адчуваючы віну.
Свердлаўчанка Валянціна Міхайлава ніяк не магла даведацца пра лёс свайго мужа. У раённым ваенкамаце патрэбнае прозвішча ў картатэцы знайшлося. Высветлілася, што пахаваны муж свердлаўчанкі ў суседнім Крынкаўскім сельсавеце. Домна Сілівестраўна паехала ў Крынкі. І толькі знервавалася: чамусьці не занеслі прозвішча воіна на магільную мемарыяльную пліту.
У 1980-я гады людзі прыязджалі ў вёску Пронскае зблізку і здалёку, з розных куткоў Савецкага Саюза — каб пакланіцца магілам загінуўшых сваякоў. Здаралася, і нярэдка, што ў хаце сясцёр спыняліся па 12–15 чалавек. Сёстры мелі вялікі запас гумавых ботаў — дарога да могілак была на той час неўладкаванай. Калі ботаў не хапала, выручалі суседзі.
На зыходзе гарбачоўскай перабудовы ў нямецкамоўным часопісе Sowjetunion heute («Савецкі Саюз сёння») быў надрукаваны фотанарыс, прысвечаны Домне Сілівестраўне Рогалевай. Падрыхтаваў яго Юрый Іваноў, адзін з самых слынных беларускіх фотамастакоў, лаўрэат многіх прэстыжных міжнародных прэмій. Героямі яго ў розны час з’яўляліся Пётр Машэраў, лідар Югаславіі Іосіп Броз Ціта, кампазітары Ігар Лучанок і Уладзімір Мулявін, паэты Яўген Еўтушэнка і Андрэй Вазнясенскі, скульптар Іван Міско, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь… Адметную галерэю выдатных дзеячаў майстар папоўніў партрэтам звычайнай беларускай вясковай жанчыны Домны Рогалевай.
Неўзабаве Юрый Іваноў атрымаў з Германіі ўсхваляванае пісьмо. Нямецкі прадпрымальнік Хельмут Брандль, павіншаваўшы мэтра з несумненнай творчай удачай, выказаў сваё захапленне асобай гераіні, прызнаўшыся, што ніколі да гэтага не бачыў такога добрага чалавечага твару, як у паважанай фрау Домны Рогалевай. Сентыментальны немец быў настолькі ўражаны, што спецыяльна прыехаў у Беларусь, каб сустрэцца з Домнай Сілівестраўнай. Правёўшы ў вёсцы цэлы дзень, паабяцаў пералічваць жанчыне штомесячную грашовую дапамогу.
Домна Сілівестраўна рашуча адмовілася: «Мне хапае пенсіі».
У 1995 годзе яна пайшла з жыцця. Пахавана побач са сваімі салдацікамі — на ваенных могілках у вёсцы Пронскае. Шмат гадоў мінула, але яе на Лёзненшчыне помняць, з глыбокай пашанай называючы цёткай Домнай. Як вядома, з пачцівым словам «цётка» ў вясковай згуртаванай суполцы звяртаюцца не толькі да сястры бацькі або маці , але і да жанчыны мудрай, са светлай душой, багатым жыццёвым досведам і з неаспрэчным маральным аўтарытэтам.
Мемарыяльны комплекс прадметаў, якія Домна Сілівестраўна Рогалева пакінула Лёзненскаму ваенна-гістарычнаму музею, — не проста экспанаты. Гэта — скарб душы цёткі Домны.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










