Штогадовая выстава ўласнай прадукцыі навучальных устаноў Віцебшчыны «Восеньскі карагод» прайшла на пляцоўцы каля Палаца спорту.
У мінулыя выхадныя на гэтым традыцыйным восеньскім кірмашы было шматлюдна. Мерапрыемства кожны год прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей горада разнастайным выбарам, прывабнымі коштамі і дастойнай якасцю прадукцыі.
Свята было прымеркавана да Дня настаўніка: для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, заслужаных настаўнікаў і працаўнікоў адукацыі дзейнічала 10-працэнтная cкідка.
Яшчэ на ўваходзе разгарнуліся рады з бульбай, цыбуляй, морквай, саджанцамі. Каля некаторых палатак пакупнікоў віталі і запрашалі (часам і ў народных строях) набываць сваю прадукцыю прадстаўнікі навучальных устаноў.
На кірмашы дзейнічаў «Горад майстроў» устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дзе ўмельцы дэманстравалі свае таленты. Тут наведвальнікам прапаноўвалася паглядзець, як ствараюцца ўзоры кулінарнага і цырульніцкага майстэрства, а таксама сувеніры з лазы і дрэва. Бадай што найбольшай папулярнасцю карысталіся майстар-класы прычосак ад студэнтак з Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа. Дзяўчаты і жанчыны з задавальненнем карысталіся паслугамі майстроў. Чарга каля іх палаткі не знікала на працягу свята.
Паралельна з кірмашом распачалася канцэртная праграма на імправізаванай сцэне на прыступках Палаца спорту. Дзяліліся сваімі талентамі і дарылі святочны настрой навучэнцы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі і гарадскія творчыя калектывы.
Вакальная студыя «Ассоль», узорны харэаграфічны ансамбль «Рамонкі», салісты вакальна-эстраднай студыі «Серпанцін» Марыя Ганчарова, Вераніка Марцынкевіч, Вадзім Панцюхоў, тэатр мод «Наш стыль»… Акрамя гэтага, у рамках мерапрыемства начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома пасля прывітальных слоў узнагародзіў ганаровымі граматамі лідараў уборачнай кампаніі, лепшых прадстаўнікоў сістэмы прафесійнай адукацыі.
Навучэнцы Гарадоцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці імя І.В.Дарашчэнкi дэманстравалі свае дасягненні ў выглядзе беспілотных мадэляў самалётаў на радыёкіраванні. Іх палатку не абміналі цікаўныя позіркі хлопцаў і мужчын.
— На стварэнне аднаго такога самалёта сыходзіць год працы. Лётае ён за кошт акумулятара, якога хапае прыкладна на 15 хвілін. Думаем калі-небудзь завезці самалёты на выставу такой тэхнікі, — запэўніваў адзін са студэнтаў.
За час кірмашу ўстановы адукацыі нагандлявалі прадукцыі на 71545 рублёў 40 капеек, паведаміў начальнік аддзела прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі аблвыканкама Сяргей Каваленка.
— Гэта ўжо 35-ты кірмаш, які праводзіцца з 2002 года на пляцоўках горада Віцебска, Оршы і Полацка, на якім дэманструюцца поспехі ўстаноў адукацыі за навучальны год. У гэтай выставе-продажы ўдзельнічаюць 30 устаноў прафесійнай адукацыі, 4 рэспубліканскія каледжы, 9 аддзелаў адукацый і 2 школы-інтэрнаты. Прадукцыя, якая тут прадстаўлена, вырабляецца ў майстэрнях каледжаў і ліцэяў, вырошчваецца на вучэбных гаспадарках ці прышкольных участках. На кірмашы заяўлена тавараў больш чым на мільярд недамінаваных рублёў, — заявіў Сяргей Аляксандравіч.
Прадукцыя лепшых устаноў адукацыі будзе прадстаўлена на «Дажынках» у Сянне.© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.