Ваенныя гады вачыма дзіцяці: успаміны сына аб вайне і праводзiнах бацькі

logo
Пятница, 14.02.2025 19:27 | Рубрика: Общество
01244

Уздымаючы дарожны пыл босымі нагамі, якія чамусьці раптам становяцца непаслухмянымі, я разам з усім сямействам іду з хутара за цэлы кіламетр у вёску. Мне тры гады, і я ледзь паспяваю, мама Наста падхоплiвае мяне на адну руку, у другой – невялікі вандзэлак з харчам. Ведаю – для бацькі. Бачыў, як мама яшчэ дома клала туды агуркі, колькі вараных яек, круглую буханку хлеба. Апошнюю са спечаных на ўвесь тыдзень для ўсёй сям’і. Пэўна ж на нейкую далёкую бацькаву дарогу. І не на адзін дзень.

Усе спяшаюцца. Мама замарылася. Апускае мяне на зямлю. Каб не адставаць ад усіх, хапаюся за шурпатыя цвёрдыя пальцы бацькавай рукі. Сціскаю іх, як мне здаецца, надта ўжо моцна. Быццам ён можа вырвацца і некуды знікнуць. 

…Я не мог тады, у канцы жніўня 1944-га, ведаць, што зусім нядаўна, усяго са два месяцы таму, прагналі з нашага раёна і ўсёй Беларусі фашыстаў. І цяпер, каго ў ліпені, а большасць у жніўні-верасні, усіх мужчын прызыўнога ўзросту, якіх не паспелі своечасова мабілізаваць на фронт, забіраюць на вайну. 

Мама няўмела хавае такія блізкія слёзы. Чаму яна плача, не магу зразумець. Напаўзае вялікая чорная хмара. Вурчаць далёкія грымоты. Нешта падобнае я чуў і бачыў, калі мы, браты, утрох: Коля, Веня (Славік) і я – адпіхваючы адзін аднаго, ва ўсе вочы глядзелі праз маленькае акенца з гарышча нашай хаты, як немцы бамбілі з самалётаў Бягомльскую партызанскую зону. Далё-ё-ка… За ракой Поня. 

– А ну, марш далоў! – зганяе нас маці ўніз. – Гэта вам не цырк які. Там людзей, дзяцей забіваюць... А вы... Хаты паляць... Вайна, дзеткі. Каб на яе халера!.. 

Мы, усе пяцёра дзяцей, праводзім тату Сымона на вайну. Спяшаемся ў цэнтр вёскі, дзе, відаць, загадана тэрмінова сабраць усіх мабілізаваных. Ніхто нічога не гаворыць. Ад незразумелай агульнай маўклівасці мяне ахінае нейкі страх. Хочацца, хаця б нягучна, заплакаць, як і мама. Але ўсе маўчаць. Цярплю і я. 

Раней ніколі не бачыў у вёсцы столькі людзей у адным месцы. Пад бэзам нешта нягучнае і жаласлівае іграе гарманіст. Наўкола мітусяцца людзі. Дзве кабеты, адна, добра відаць здалёк, намнога маладзейшая, літаральна вісяць на шыі высокага, дужага і шырокага ў плячах мужчыны. 

– На каго ж ты нас кідаеш?! Што ж мы без цябе ды з малымі дзеткамі рабіць будзем?.. Як зямлю араць-сеяць?.. А калі ж ты вернесся? – адчайна, як па нябожчыку, галосяць кабеты. 

Раптам сярод такога гармідару гучыць вайсковая каманда: 

– Мабілізаваныя, пастроіцца!.. 

І адразу ж енк і плач сярод віру людзей усчынаюцца з падвоеным гвалтам. Усе разумеюць, што, магчыма, у апошні раз бачаць сваіх родных і блізкіх. Кідаюцца ў абдымкі. Бацька таксама, расставіўшы рукі, зграбае нас усіх ахапкам і прыціскае да сябе. І мама, і сёстры плачуць усхліпваючы: не могуць ніяк супакоіцца. Я ўчапіўся ў татаву руку. Рашыў: нікуды не адпушчу! І таксама плачу. 

…Невысокі ваенны ў файных зялёных галіфэ і з рыжай кабурой на правым баку чытае з нейкай паперкі прозвішчы навабранцаў. Адзін за адным яны літаральна адрываюць ад сябе рукі праважаючых. Спрабуюць няўмела стаць у адзін строй. Другі вайсковец, у зялёных штанах і гімнасцёрцы, прыкметна храмаючы на левую нагу, непрывычна ціха супакойвае ўсіх: 

– Плачам ды енкам тут не дапамагчы. Я вось сваё адваяваў. Жывы… Вернуцца і вашы сыны ды бацькі. А фашыста нада дабіваць! У яго ж бярлозе… 

Бацька, як і яго меншы брат халасцяк Міша, садзяцца на адны калёсы. На зборны пункт, як я даведаўся многа пазней, у райцэнтр Куранец, яны дабіраюцца на падводах. А мы, збіўшыся ў гурт, як нейкія ягняты, усё яшчэ хліпаючы, няўмела махаем бацьку рукамі. 

Мама і яшчэ некалькі вясковых кабет праз колькі тыдняў збіраюцца разам і пешкі, за 40 кіламетраў, дабіраюцца ў той Куранец. Вязуць мабілізаваным хоць якія дамашнія пачастункі. А галоўнае – каб пабачыцца. Можа, і ў апошні раз. Потым мы чакаем першых пісем ад таты з мястэчка Волма, з-пад Мінска, дзе яны праходзілі курс маладога байца. А яшчэ з большым нецярпеннем пазней – трохвугольнікаў з фронту. Пра баі на Вісле ў Польшчы, пра штурм Берліна… Чытае іх сястра Галя. Яна яшчэ да вайны вучылася ў школе. Мама ж не ўмее ні чытаць, ні пісаць. 

Тыя праводзіны бацькі на вайну, як гэта мне і самому сёння не дзіўна, яскрава помняцца ў дэталях. Занадта ўжо незвычайныя і страшныя для дзяцяцi былі яны! Таму і запомніліся. А тады мы ўсе марылі, каб тата хутчэй вярнуўся дамоў. Жывы і здаровы. Усе мы, матуля і пяцёра дзяцей, як умелі, малілі Бога зберагчы нашага бацьку. 

Не ведаю, ці гэта дапамаглі нашы агульныя малітвы, ці проста яму пашчасціла, але больш чым праз год, у пачатку кастрычнiка 1945 года, вяртаецца ён з дэмабілізаванымі вяскоўцамі дамоў. Высокі, стройны, у вайсковай форме і непаранены! З чыгуначнай станцыі Параф’янаў бацьку і яшчэ некага з учарашніх салдат прывёз дзядзька Піліп. Аб гэтым нам перадаюць сваякі з вёскі Ветахмо. 

Абганяючы адзін аднаго, мы, браты, утрох першымі з усёй сям’і прыбягаем у вёску… Кідаемся ў абдымкі. Тата ці то ад агульнага хвалявання, ці па салдацкай звычцы, каб неяк і самому супакоіцца, закурвае самакрутку. Толькі потым, калі перацалаваў ужо ўсіх дамашніх, бацька дастаў гасцінцы ды фатаграфіі, якія ён яшчэ не паспеў прыслаць нам з фронту. Яны зроблены ў Берліне ў канцы чэрвеня 1945 года, пазней – перад самай дэмабілізацыяй. 

Таты і мамы ўжо даўно няма сярод нас. Але мы, дзеці, а цяпер ужо і маіх дзевяць унукаў і пяць праўнукаў, калі па якой патрэбе ці на святы збіраемся разам, часцяком пераглядаем вялізны запас і сучасных, і старых фатаграфій. Татавы я трымаю ў асобным канверце. 

Няспешна разглядаем такія дарагія здымкі ваеннай пары нашага бацькі, дзеда, прадзеда і прапрадзеда Сымона, падпісаныя яго рукой. Я расказваю аб ваенным і пасляваенным жыцці на хутары, аб тым, што добра помню і не магу забыць. Дзеці і ўнукі многаму ніяк не могуць паверыць. Што ж зробіш – другі час, новае пакаленне… 

А мяне ніяк не адпускаюць успаміны пра гады ўласнага дзяцінства, тыя ж праводзіны бацькі на вайну і сустрэчу з ім пасля дэмабілізацыі. 

Шкада, што не захаваліся татавы пісьмы-трохвугольнікі з фронту… 

Гэтым фотаздымкам, зробленым у 1945 годзе, ужо больш за 80 гадоў. На жаль, не ўсе яны захаваліся. Ды і патрапаліся занадта. Бо вельмі часта, асабліва ў апошнія гады, іх бралі сабе ў «арэнду» шматлікія пляменнікі і ўнукі на святочныя Дні Перамогі ў школы, на розныя конкурсы і агляды. Можа, таму самы дарагі здымак бацькавага гарматнага разліку на фоне Брандэнбургскіх варот дзесьці згубіўся... Асабіста мне пашанцавала звазіць гэтыя фотарэліквіі аж у саму Германію, калі служыў там у войску з 1960-га па 1963 год. Менавіта там, за мяжой, мне і ўспомніліся дэталі таго, як мы ўсёй сям’ёй праводзілі бацьку на вайну і амаль праз год сустракалі дома. Аб гэтым я неаднаразова потым расказваў і братам-сёстрам, і дзецям-унукам. А цяпер вось вырашыў напісаць, каб прачыталі і помнілі... Пасля свята Вялікай Перамогі мяркую паслаць усе фотаздымкі ў вёску, дзе нарадзіўся, жыў і пахаваны мой бацька Сымон – просты радавы салдат мінулай вайны. Там цяпер жыве самы малодшы наш брат. Таксама – Сямён. I ў яго нямала дзяцей і ўнукаў. Упэўнены, што ім будзе вельмі цікава разглядаць ваенныя фатаграфіі дзеда і прадзеда.

Бацька - Берлін 1945

Бацька з аднапалчанамі: другі ў другім радзе злева направа

Бацька з аднапалчанінам: на добрую доўгую памяць вам дарагія дзеці

Бацька з франтавымі сябрамі: 6-ы ў другім радзе злева направа

Бацька злева з аднапалчанінам - Берлін 1945

Пасляваеннае фота бацькі

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Міхаіл КОНАН, Віцебск. Фота АЎТАРА.