У дарэвалюцыйным губернскім Віцебску жыла рамантычная і летуценная асоба — юная, уражлівая і прыгожая гімназістка Волечка Шыдлоўская. Вось паглядае яна з фотаздымка, зробленага яшчэ ў мірную пару і надрукаванага ў 1916 годзе ў вельмі папулярным расійскім ілюстраваным часопісе «Огонёк».
У шырока адкрытых, чыстых, як крынічная вада, даверлівых вачах гімназісткі няма яшчэ ні смутку, ні болю, ні адчайнай рашучасці.
Пачуцці гэтыя з’явяцца пазней, калі на жыццё накладуцца змрочныя фарбы. А пакуль жыве Волечка звычайнымі ў яе пяшчотным узросце дзявочымі клопатамі. Круглатварая, з хвалістымі, чорнымі, як смоль, валасамі, што вадаспадам струменяць на тонкую шыю і зграбныя плечы, яна, можна не сумнявацца, паланіла ўжо не адно гарачае юначае сэрца. Ды і сама ў душэўным трымценні чакае таго чароўнага моманту,
калі на дарозе лёсу — увесь у сонечных промнях — з’явіцца, нарэшце, той, што мроіцца ў цнатлівых дзявочых снах. З’явіцца аднойчы — і назаўсёды.
Лета 1914 года выдалася спякотным і навальнічным. У Еўропе нарастаў востры палітычны крызіс, набываючы ўсё больш пагрозлівыя праявы. Але што дзяўчыне да гэтага крызісу! Яна, праўда, заўважыла, як бацька, прачытаўшы свежыя газеты і адклаўшы іх убок, хмурнеў і надоўга замаўкаў.
Сяргей Аляксеевіч з’яўляўся прадвадзіцелем дваранства Сенненскага павета. Служыў віцэ-губернатарам Магілёўскай, Варонежскай, Эстлянскай губерняў. У лютым 1907 года быў выбраны дэпутатам II Дзяржаўнай Думы. Праўда, Дума тая трымалася нядоўга праз сваю канфрантацыю з царом і яго ўрадам, і ўжо ў чэрвені Мікалай II распусціў непаслухмяны яму парламент.
Сяргей Аляксеевіч быў чалавекам ліберальных поглядаў. У 1909 годзе магілёўскі губернатар нават загадаў сваім жандарам сачыць за яго перапіскай, пра што даведаўся прэм’ер-міністр Пётр Сталыпін. Ён абурыўся, але абмежаваўся тым, што выказаў губернатару сваё «неудовольствие».
Два сыны Сяргея Аляксеевіча служылі ў царскім войску. Таму з відавочнай трывогай сачыў ён за развіццём палітычных працэсаў у Еўропе. Сцюдзёнае дыханне вайны рабілася ўсё больш блізкім.
І на пачатку жніўня яна грымнула. У першай жа бітве пад Гумбіненам ва Усходняй Прусіі рускае войска атрымала перамогу над 8-ай нямецкай арміяй. Тая адступіла, збіраючыся наогул пакінуць Усходнюю Прусію. Але тут рускае камандаванне дапусціла стратэгічны пралік. 1-ая армія генерала Паўла Раненкампфа і 2-ая генерала Самсонава замест узгодненных дзеянняў працягвалі наступаць у розных напрамках, пашыраючы разрыў паміж сабой і адкрыўшы непрыяцелю свае флангі. І гэтым імгненна скарыстаўся новы камандуючы 8-ай нямецкай арміяй Пауль Гіндэнбург, спешна перакінуўшы свае корпусы ракаднай чыгункай. Сканцэнтраваўшыся, яны раптоўна атакавалі 2-ую армію з правага і левага флангаў, сашчапіўшы яе ў клешчы. Парадак у рускіх дывізіях адразу ж парушыўся, сувязь паміж імі была страчана. Пачалося хаатычнае адступленне. Вось што ўспамінаў потым просты рускі салдат Аляксей Сімакоў: «Цэлы тыдзень блукалі ў нямецкіх лясах, няспынна сеяўся дождж, усюды гразь. Шынялі на салдатах мокрыя, колькі сутак не пераапраналіся. Госпадзі! Ці доўга, думалі, будуць такія пакуты? І тут кажуць: мы ў тыле ворага. Трэба хутчэй уцякаць. І вось, зусім не адпачыўшы, давялося ісці яшчэ кіламетраў 60. Сабралі апошнія сілы, разважаючы: чым у палон трапляць, лепей спачатку паваяваць, а потым — што Бог пашле…»
У бітве пад Таненбергам немцы разбілі 2-ую армію. Бітва тая атрымала ў гісторыкаў назву «Самсонаўскай катастрофы». Асобныя групы рускіх воінаў з баямі прабіваліся да сваіх скрозь нямецкія заслоны ляснымі нетрамі і балотамі… Прарваліся нямногія… У акружэнні апынуўся са сваім адрэзаным ад палкоў штабам і генерал Самсонаў. Паводле адной з версій, сабраў афіцэраў і, пачарнелы, з пякуча-вострым адчуваннем уласнай віны сказаў горкія словы: «Імператар так верыў мне. Як я буду глядзець яму ў твар пасля такога няшчасця». А потым, выбраўшы зручны момант, непрыкметна для штабістаў знік у лясным гушчары… Толькі летам наступнага года ўдава генерала з дапамогай нямецкага лесніка адшукала яго магілу. Генерал застрэліўся…
Паблізу гарадка Зальдау ў ар’ергардных баях, прыкрываючы адыход свайго 102-га Вяцкага стралковага палка, загінуў і капітан Павел Шыдлоўскі…
Чорная вестка падкасіла сям’ю. Бацька трымаўся з усіх сваіх сіл. Маці злегла з сардэчным прыступам. А для Вольгі скалануўся свет. Зусім нядаўна, колькі тыдняў таму, разам з іншымі экзальтаванымі гімназісткамі, падхопленымі хваляй узнёслага патрыятызму, прымчалася яна, запыханая, на сабраную афіцыйнымі ўладамі гарадскую маніфестацыю, каб далучыцца да «святого единения Царя и Народа в грозный час испытаний». Ва ўзвышаным сваім уяўленні гімназісткі бачылі ў кожным стрэчным афіцэры будучага героя. І ў дзявочым звонкім захапленні дарылі кветкі вайскоўцам, збянтэжаным ад імпульсіўнай увагі шчабятлівых паненак. І яна, такая тады наіўная, шчыра верыла з салодкім шчымленнем на сэрцы, што браты яе хутка вернуцца з вайны, як тыя антычныя спартанцы, не на шчыце, а са шчытом, у арэоле пераможцаў — на зайздрасць сяброўкам, засмучаным, што не маюць братоў-герояў.
Вольга доўга ніяк не магла паверыць у тое, што здарылася. Боль душэўны толькі мацнеў. А трэба яшчэ год вучыцца ў гімназіі. Вольга была адказнай і стараннай вучаніцай, ды і заняткі прыглушалі маркотны настрой, адцягвалі ад журботных успамінаў пра любага брата. Яна зрабілася задуменнай, прыкметна пасталела.
І аднойчы вечарам падступілася да бацькі: «Тата, калі ласка, выслухай мяне і не перапыняй. Я буду прасіцца ў армію — помсціць за Паўліка».
Сяргей Аляксеевіч не адразу ўсвядоміў пачутае, нечакана для сябе ўражаны пераменай, што адбылася з дачкой. Такой сур’ёзнай ён яе да гэтага не бачыў. Перад ім стаяла не кволая дзяўчынка-пястушка, бестурботная гарэзніца, а ўпэўненая ў сабе і ўжо дарослая дзяўчына, якая сказала тое, што абдумала грунтоўна, на што рашылася цвёрда і ад чаго, ён адчуў гэта бацькоўскім інстынктам, не адступіцца. Яна глядзела на бацьку і не адводзіла позірк. Ён прытуліў яе і скрозь падступіўшыя да горла спазмы здолеў прашаптаць ціхім голасам: «Ты толькі маці нічога не кажы».
Скончыўшы Віцебскую гімназію, Вольга Шыдлоўская звярнулася да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Вялікага князя Мікалая Мікалаевіча з просьбай накіраваць яе ў Марыупальскі гусарскі полк. Яго дзяўчына выбрала свядома. Полк лічыўся прэстыжным, са слаўнай баявой гісторыяй. У час вайны 1812 года ў ім служыла славутая «кавалерист-девица» Надзея Дурава.
З Магілёва, дзе знаходзілася Стаўка, адказалі хутка, запрасіўшы пісьмовы дазвол бацькі. Сяргей Аляксеевіч яго даў.
І давялося Вользе Шыдлоўскай пастрыгчыся нагала, са схаваным ад іншых шкадаваннем развітацца са сваёй шыкоўнай аздобай — доўгімі чорнымі валасамі, якія так дбайна даглядала. І апрануцца ў аднастайную вайсковую форму, якая тым не менш вельмі пасавала да ладна скроенай фігуркі, вабна аблягаючы яе. Дакументы аформілі на Алега Шыдлоўскага. Такім было патрабаванне армейскага начальства. Пад гэтым прозвішчам і быў змешчаны яе фотаздымак у часопісе «Огонёк».
Мужчынскія псеўданімы мусілі прыняць усе жанчыны і дзяўчаты, што выказалі жаданне служыць у дзеючай арміі. Сарапульская мяшчанка Антаніна Пальшына стала Антонам Пальшыным, дваранка Еўдакія Чарняўская — Іосіфам Глушаковым, сялянка Клаўдзія Багачова — Мікалаем Багачовым, паслушніца Казанскага манастыра Анна Красільнікава — Анатолем Красільнікавым. Усе яны ўвайшлі потым у кагорту Георгіеўскіх кавалераў. Як і былая віцебская гімназістка Вольга Шыдлоўская.
Загадам камандзіра Марыупальскага гусарскага палка палкоўніка Пятра Часнакова (выпускніка Полацкага кадэцкага корпуса) дзяўчына-гусар паступова павышалася ў чынах — ад ніжняга, яфрэйтара, малодшага, а затым і старшага унтэр-афіцэра.
Ваявала два гады на Паўночна-Усходнім і Заходнім франтах. Была ўзнагароджана акрамя Георгіеўскага крыжа 4-ай ступені і Георгіеўскім медалём «За храбрасць».
Тым часам Сяргей Аляксеевіч у лютым 1917 года, за лічаныя дні да адрачэння цара, быў прызначаны губернатарам Ліфляндскай губерні, але даволі хутка, у маі, пад націскам Часовага ўрада быў адпраўлены ў адстаўку. Перабраўся ў свой маёнтак Шыпы Сенненскага павета.
У лістападзе 1917 года савецкая ўлада расфарміравала легендарны полк. Дэмабілізаваная Вольга, дашчэнту стомленая вайной, з’ехала з палка нібы з хаўтураў. Узвышаная душа дзяўчыны не разумела і не прымала многае з таго, што адбывалася ў краіне. У прыгнечаным стане адшукала бацькоў, да якіх яшчэ раней за яе далучыўся сярэдні брат — інвалід, пакалечаны на вайне.
У пошуках спакойнага жыцця сям’я падалася ў Крым, дзе Вольга працавала начным вартаўніком на вінаградніку. Але грамадзянская вайна дабралася неўзабаве і на паўвостраў. Вольга ведала, што многія яе саслужыўцы папоўнілі армію Урангеля, адрадзіўшы родны полк. Былы яе камандзір Пётр Часнакоў, ужо генерал-маёр, камандаваў зборнай кавалерыйскай дывізіяй. Але сама яна ваяваць болей не хацела.
Невыноснай зрабілася думка зноў узяць у рукі зброю. Дзеля чаго? Ды і на каго пакінуць бездапаможных бацькоў і брата?
Яшчэ да прыходу Чырвонай арміі сям’я паспела выбрацца з ускаламучанага Крыма. Павандравалі па Еўропе, пакуль не знайшлі больш-менш прыдатны прытулак у Сербіі, дзе апынуліся неўзабаве многія эмігранты, у тым ліку і Пётр Часнакоў. Жылі вельмі цяжка, у невылазнай галечы, ледзь зводзячы канцы, перабіваліся з хлеба на ваду. Вольга не цуралася ніякай працы, вымушаная хапацца за любую, самую чорную, бо толькі на яе кволых плячах трымалася сям’я. У Бялградзе сышлі на той свет бацькі. Неўзабаве пасля Другой сусветнай трагічна, пры нявысветленых акалічнасцях, загінуў брат. І Вольга, застаўшыся зусім адна, перабралася за акіян, у далёкую і чужую Аргенціну. Там у 1959 годзе і згасла самотная свечка яе жыцця. Не вытрымала сэрца… Пахавалі яе на могілках Сан-Марцін у прадмесці Буэнас-Айраса. Праз восем гадоў парэшткі перанеслі ва ўсыпальніцу праваслаўнай царквы ва Ітусаінга, абшчына якой і даглядае магілу гусарскага афіцэра-ветэрана Першай сусветнай вайны…
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.