Наведаўшы падчас чарговай канферэнцыі гімназію №2, можна было пачуць каля дзесяці моваў, складалася ўражанне, што ты знаходзішся дзесьці за мяжой. У сценах установы адукацыі сабраліся навукоўцы, выкладчыкі і дыпламаты з Беларусі, ЗША, Германіі, Расіі, Венесуэлы і Кітаю. На працягу двух дзён у рамках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў і навучэнцаў «Дыялог моў і культур у ХХІ стагоддзі» тут прайшлі майстар-класы, выступленні, кітайская гарбатная цырымонія і гульня ў бейсбол.
Дырэктар гімназіі №2 Канстанцін Кісялёў адзначыў, што такога роду мерапрыемства праходзіць у трэці раз. У Віцебск прыехалі прадстаўнікі пасольстваў розных краін у Беларусі, замежныя выкладчыкі.
– У чарговы раз мы становімся культурным і адукацыйным цэнтрам рэгіёна, – расказаў Канстанцін Леанідавіч. – Прысутнасць замежных гасцей заўсёды важная, бо гэта абмен вопытам і ідэямі. Акрамя таго, падобныя мерапрыемствы фарміруюць імідж нашай краіны.
Першы сакратар пасольства ЗША ў Беларусі Рыма Койлер упершыню наведала Віцебск. Ёй спадабаўся горад і яна адзначыла, што пра гімназію №2 шмат ведае, бо некалькі чалавек, якія працуюць у пасольстве, выпускнікі ўстановы.
– Любая культура звязаная з мовай народа. Англійская мова важная, каб паразумецца з людзьмі іншых нацыянальнасцяў, але ў кожнай краіны ёсць свой скарб – родная мова, – падкрэсліла Р.Койлер.
Першы сакратар пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Лізэт Караліна Хімена расказала пра ролю малых народаў у абагачэнні лексікі іспанскай мовы, адзначыўшы важнасць білінгвальнай адукацыі для разумення паміж народамі.
Цікавымі і чуллівымі былі разважанні выкладчыка англійскай мовы з ЗША пры Полацкім дзяржаўным універсітэце Дэвіда Сіманса наконт таго, ці жывая амерыканская мара. Яго выступленне, падмацаванае прыкладамі з ўласнага вопыту, не пакінула нікога абыякавым. Малады выкладчык таксама правёў невялікі майстар-клас для гімназістаў па гульні ў бейсбол.
Дырэктар Інстытута Канфуцыя з кітайскага боку Шы Лін паразмаўляла з вучнямі, правераўшы іх узровень валодання кітайскай мовай. У межах канферэнцыі яна таксама абмеркавала з Канстанцінам Кісялёвым магчымасць стварэння цэнтра кітайскай культуры на платформе гімназіі №2.
Удзельнікі канферэнцыі змаглі не толькі бліжэй пазнаёміцца з мовамі краін свету, але і адчуць культурныя асаблівасці кожнага народа, паразмаўляць з носьбітамі той мовы, якую яны вывучаюць.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.