Старадаўні дуб-волат і Сушчоўскі камень. Краязнаўца з Віцебскага раёна распрацоўвае турыстычныя маршруты

logo
Воскресенье, 30.07.2023 09:19 | Рубрика: Общество
01720
Старэйшына вёскі Сушчова Міхаіл Шыдлоўскі, у прамым сэнсе, «і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц», да таго ж з’яўляецца звязуючым звяном з кіраўніцтвам Мазалаўскага сельсавета. А яшчэ распрацоўвае турыстычныя маршруты. І шмат чаго іншага можна сказаць пра гэтага цікавага чалавека.


Жыццё ў «культуры»
Міхаіл Шыдлоўскі доўгі час з’яўляўся дырэктарам і мастацкім кіраўніком мясцовага Дома культуры, куды прыехаў з вёскі Лагі Межаўскага сельсавета Аршанскага раёна. Родны дзед, дарэчы, займаўся вырабам музычных інструметаў. Яго любоў перадалася і ўнуку. Міхаіл разам з жонкай Ларысай скончылі Віцебскае мастацкае вучылішча, але грошай маладой сям’і катастрафічна не хапала.

Таму ўладкаваўся на міжкалгасны будаўнічы камбінат, які ўзводзіў жыллё ў Сушчове. Аднойчы старшыня гаспадаркі даведаўся, што Міхаіл у вольны ад працы час няблага грае на баяне і гармоніку, і прапанаваў тут застацца работнікам культуры, узамен паабяцаўшы двухпакаёвую кватэру. І слова сваё выканаў. А чаго тут адмаўляцца вясковаму жыхару?!

Прыходзілася працаваць не толькі ў сферы культуры, але і ў сельскай гаспадарцы. Засвоіў прафесію трактарыста, механізатара тока, насеннеачышчальных машын і толькі з глыбокай восені можна было цалкам прысвяціць сябе яе вялікасці музыцы.

З сівой мінуўшчыны
За доўгія гады Міхаіл дасканала вывучыў гісторыю населенага пункта. Паселішча ўздоўж берагоў Лужаснянкі было вядома з даўніх часоў.

На старых картах пазначаны фальварак Сушчова. На гэтых маляўнічых і ўрадлівых землях здаўна сяліліся людзі. Вялі гаспадарку, вырошчвалі сельскагаспадарчую прадукцыю. Ёсць урочышча Пуцілава. У 1783 годзе фальварак належыў шляхціцу Казіміру Жабе.

Быў вялікі сад з пладовымі дрэвамі. Для яго набывалі саджанцы з усёй Еўропы. Потым фальварак надоўга перайшоў пад уладу прыбалтыйскіх гаспадароў. Такімi былі Андрэй Грапс і пан Круміньш. Ацалела цагляная сцяна, якую называюць «Мураванка». Вядома, што пасля рэвалюцыі будынак упадабалі камунары. У час аднаго з пасяджэнняў нехта кінуў сюды бомбу. Загінула шмат прапаведнікаў новага жыцця.

Была тут і кузня. Дагэтуль на месцы фальварка людзі знаходзяць цікавыя артэфакты з даўніх часоў. З супрацьлеглага берага рэчкі захаваліся ў добрым стане і старыя панскія могілкі, аднак вандалы-скарбашукальнікі даўно парушылі вечны сон гаспадароў. А былі ж прыгожыя клады… Старажылы кажуць, што ў 1960-я гады прыязджаў хтосьці з нашчадкаў, але хто ж тады рызыкнуў бы шчыра паразмаўляць з «капіталістамі».

Праз Сушчова праходзіў і знакаміты Велікалуцкі тракт. Ён ішоў з Віцебска (вуліца дагэтуль носіць такую назву), праз Барвін, дзе была пераправа праз Дзвіну, у сушчанскім урочышчы Пуцілава знаходзіўся мост над Лужаснянкай, ад якога захаваліся толькі сваі, а потым выходзіў у Гарадоцкі раён ды кіраваўся да Вялікіх Лук. Пасля вайны тут правялі меліярацыю, у баку пабудавалі новую дарогу, і месца, дзе праходзіў тракт, могуць паказаць толькі такія краязнаўцы, як Міхаіл Шыдлоўскі.

Крывёй паліты кожны метр…
Увесь гэты край у час вайны быў суцэльнай партызанскай зонай. Непадалёку існаваў торфазавод, дзе размясціўся цэнтр усіх дыверсійных груп. Туды немцы баяліся нават сунуцца. У народных мсціўцаў былі свой млын, пекарня і нават друкарня, дзе выдавалі газету. Перыядычна фашысты праводзілі па лясах карныя экспедыцыі, палілі навакольныя вёскі.


У Сушчове ж быў нямецкі гарнізон. Ён адстаяў тут да 1944 года. Нарэшце пасля наступу ўдалося гітлераўцаў выбіць.
Шэфства над мемарыялам палеглым вызваліцелям раней ляжала на мясцовай школе і Доме культуры. Зараз, калі іх не засталося, месца апякуецца сельгаспрадпрыемствам «Сушчова-Агра» і Віцебскім кадэцкім вучылішчам.

Таксама клопат на плячах гэтага апантанага чалавека. Тут пахаваны больш за тысячу воінаў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду Айчыны. Вайсковае пахаванне перажыло дзве мадэрнізацыі. Спачатку быў адзінкавы помнік, пабудаваны яшчэ ў 1958 годзе. Цяпер жа маем цэлы комплекс з мармуровымі плітамі. Пра мемарыял клапоціцца і старшыня Мазалаўскага сельсавета Леанід Дубіна.

Па ініцыятыве Міхаіла Шыдлоўскага да 65-годдзя Вялікай Перамогі была закладзена бярозавая алея. Да мемарыялу рэгулярна прыязджаюць сваякі пахаваных. Напрыклад, з Тулы неяк завітаў унук радавога Сямёна Бычкіна, які ўдзельнічаў у трох войнах і загінуў на чацвёртай у нашых мясцінах. Неўзабаве ўжо немалады чалавек даслаў у Сушчова паэму, дзе ёсць такія прачулыя радкі:
Сердце жмет предательская сила,
Вижу я из-под сивых бровей
Обелиск над братскою могилой
И плиту с фамилией своей.

Таксама жорсткія баі ішлі ля суседняй вёскі Шчучына, дзе таксама ёсць брацкая магіла. А наогул па ўсіх ваколіцах былі пахаванні.

Міхаілу Шыдлоўскаму давялося пасябраваць с прадстаўнікамі віцебскага аўтаклуба «Паўночны рубеж», якія з вялікай пашанай ставяцца да сваёй гісторыі. Яны добраўпарадкавалі 24 пахаванні і штогод прыязджаюць іх даглядаць.

Волаты з каралеўства прыроды
Сушчова адметнае і сваімі цудамі прыроды. Разам з Міхаілам Шыдлоўскім з’ездзілі да дрэваў-волатаў ва ўрочышча Пуцілава. Яны знаходзяцца недалёка ад сутокі рэк Лужаснянка і Храпаўлянка. На месцы былога латышскага хутара, дзе дагэтуль расце шмат кустоў тавалгі ясенелістай, горца Вейрыха і іншых цікавых раслін.

На беразе Лужаснянкі знаходзіцца самая вялікая хвоя ў Беларусі. Яе вышыня складае каля 30 метраў пры дыяметры ствала ў 140 сантыметраў. Дацэнт ВДУ імя П. М. Машэрава кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар лічыць, што яе ўзрост 200–250 гадоў.


Ёсць і дуб са шматвекавой гісторыяй. Яму Міхаіл Васільевіч нават прысвяціў паэму — «Чакае дуб гаспадара, каб зноў сяліба расцвіла». Па апошніх замерах ён мае 6,4 метра ў абхваце. У крокавай даступнасці яшчэ адзін волат — велічэзная бяроза. Такіх у горадзе не сустрэць: толькі ў запаветных месцах, захаваных ад чалавека.


Самы вялікі ў раёне — Сушчоўскі камень. Яго тут называюць «мамант» за памеры і відавочнае падабенства з нейкай жывёлай. Хаця, на мой позірк, за наяўнасць дзвух «гарбоў» і ўпадзіны паміж імі можна было б ахрысціць і «вярблюдам». Як лічаць некаторыя даследчыкі ў даўнiя часы ён, верагодна, выкарыстоўваўся для ахвяраванняў.

Старэйшына распавёў казку пра паходжанне звілістай 34-кіламетровай рэчкі Лужаснянкі. Зверы сабраліся пракласці русла ад возера Вымна да Дзвіны. А як яго зрабіць? Выбралі зайца: маўляў, як ён прабяжыць, так і выкапаем. Але ж мы ўсе ведаем, як «роўна» бяжыць касы. Хочацца верыць, што тут неўзабаве з’явіцца і экалагічная сцежка.

Нават «бацька» Фёдара Махнова
Міхаіл Шыдлоўскі засвяціўся на беларускім тэлебачанні ў праекце «Зямля беларуская», у выпуску, прысвечаным Фёдару Махнову. Яму даверылі сыграць бацьку волата з-пад Віцебска, які вучыў сына граць на баяне і гармоніку.

А яшчэ Міхаіл Шыдлоўскі апантаны паляўнічы. Лічыць, што гэты занятак дапамагае рэгуляваць колькасць звяроў. Гэта, ён упэўнены, не забойства, а здабыча. Старэйшыне хапае часу на яшчэ адно захапленне: ён пчаляр са стажам.

Нядаўна Міхаіл Шыдлоўскі падараваў з уласнай калекцыі не адзін дзясятак інструментаў (баяны, гармонікі, цымбалы, усемагчымыя трашчоткі), якія збіраў на працягу жыцця, Віцебскаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў.

Галоўнае — каб было камфортна
Міхаіл Шыдлоўскі лічыць, што сёння ў Сушчове жыць цудоўна. Ёсць і маляўнічая прырода, выгаднае месца літаральна ў двух кроках ад абласнога цэнтра. Шкада толькі, што ўжо няма школы, дзіцячага садка і Дома культуры. Але што зробіш: няма для каго трымаць гэтыя аб’екты. Дарэчы, дзяцей на спецыяльным транспарце адвозяць у школу ў Бабінічы.

Сёння ў вёсцы пражываюць каля 250 чалавек. Па словах Міхаіла Васільевіча, прыкладна на 70 працэнтаў жыхары вёскі пенсіянеры. Людзі маладзейшага ўзросту абіраюць для працы альбо Віцебскую бройлерную птушкафабрыку, альбо сельскагаспадарчае прадпрыемства «Сушчова-Агра». Ды і да Віцебска не так ужо і далёка.

Ёсць фельчарска-акушэрскі пункт ад гарадской паліклінікі № 7. Неўзабаве яго збіраюцца капітальна рамантаваць. Арганізаваны і якасны гандаль харчовымі таварамі. Людзі спадзяюцца, што новая крама, якая неўзабаве адчыніцца, зможа яшчэ больш задаволіць патрэбы вяскоўцаў. Штодзённа прыязджае «пошта на колах». Заменены электрычныя сеткі, якія пакладзены ў кабелі.

Што тычыцца грамадскага транспарту, то ёсць рэгулярныя рэйсы аўтобуса і маршруткі. Дзякуючы дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірыне Паляковай нядаўна паклалі новы асфальт, які не мяняўся з 1975 года. Вельмі важна, што пабудавалі станцыю абезжалезвання.
* * *
Толькі адно хвалюе творцу, што зараз у школах скарацілі ўрокі спеваў і музыкі, якія нам «строить и жить помогают». 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.