Акция «Наши дети» превратилась во всебелорусский новогодний марафон добра

logo
Вторник, 03.01.2017 23:03 | Рубрика: Общество
01421

Атрымаць падарункі, пачуць шчырыя, душэўныя словы — менавіта такую магчымасць маюць хлопчыкі і дзяўчынкі з Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната штогод падчас навагодніх свят. Акцыя «Нашы дзеці», якую можна ўпэўнена называць нацыянальным дабрачынным марафонам, завітала ва ўтульную, упрыгожаную рукамі выхаванцаў і іх настаўнікаў школу.

Ужо пяты год запар старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка (на здымку) тут жаданы госць. Як заўсёды, не пашкадаваў Уладзімір Паўлавіч цёплых слоў у адрас навучэнцаў і педагагічнага калектыву. А як шчыра ўзрадаваліся школьнікі чарговаму падарунку ад спікера беларускага парламента — васьмі спартыўным трэнажорам і, вядома ж, цукеркам у яркіх пакунках-доміках.

З падарункамі прыехала і кіраўніцтва раёна.

— Вельмі хочацца, каб прыўзняты настрой і душэўная цеплыня, якія пануюць на сённяшнім свяце, захаваліся тут на цэлы год, — сказаў у сваім звароце да прысутных старшыня райвыканкама Алег Пінчук. — Спадзяюся, відэакамера і лічбавы фотаапарат спатрэбяцца вам для захавання ў памяці і яркіх, адметных падзей у жыцці школы, такiх як сённяшняя, і рабочых момантаў.

Намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Уладзімір Занько, які разам з калегамі наведаў мерапрыемства, зазначыў, што работнікі банкаўскай сістэмы ўжо на працягу дзесяці гадоў прымаюць удзел у акцыі «Нашы дзеці» і гэтым разам з вялікім задавальненнем дораць навучэнцам тэлевізар, а таксама салодкія пачастункі.

Мабыць, навучэнцы добра засвоілі ад сваіх настаўнікаў, што калі атрыманую радасць памножыць на падораную ў адказ, то яна стане проста бязмежнай. Тэатра­лізаванае прадстаўленне па матывах казкі «Марозка», падрыхтаванае навучэнцамі, як заўсёды, уразіла феерычнасцю і дынамічнасцю, выдатным выкананнем роляў і музычным суправаджэннем. Несумненна, педагагічным калектывам школы было прыкладзена шмат намаганняў, каб свята прайшло на высокім узроўні.

У гэты ж дзень У.Андрэйчанка правёў прыём па асабістых пытаннях з жыхарамі раёна.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ. Фота БелТА.