Расстраляўшы патроны, у адчайным парыве кінуліся на немцаў з сапёрнымі рыдлёўкамі і бебутамі... Якім быў апошні бой падпаручніка Сухорскага?

logo
Среда, 14.08.2024 11:23 | Рубрика: Общество
0452

14 августа/ "Витьбичи"/. Атрымаўшы агульную адукацыю ў гімназіі, віцебскі юнак Андрэй Сухорскі паступіў у Віленскае ваеннае вучылішча. Скончыў яго ў 1913 годзе і быў накіраваны на службу ў 97-ы Ліфляндскі стралковы полк, што дыслацыраваўся ў Дзвінску (Даўгаўпілс). Полк увахо­дзіў у склад 25-й пяхотнай дывізіі, якая адной з першых перайшла руска-германскую дзяржаўную мяжу і ўступіла ў бой ля горада Шталупёніне (Несцераў Калінінградскай вобласці). 1-ы нямецкі корпус пацясніў 27-ю пяхотную дывізію. На выручку падаспела 25-я дывізія, заходзячы ў тыл немцаў. Тыя адступілі ў бок Гумбінена, дзе завязалася буйная бітва, пераможная для рускага войска.

Падпаручнік Сухорскі прыняў каманду кулямётчыкаў. У царскай арміі такія каманды з’явіліся па адной у кожным пяхотным палку якраз напярэдадні вайны. Каманда мела на ўзбраенні чатыры кулямёты «максім». Ставіўся кулямёт на станок, які нагадваў невялікі артылерыйскі лафет. Важыла такая канструкцыя 74 кілаграмы. У камплекце былі вяроўкі і санкі. Перавозілі кулямёт коні. Крыху пазней, падчас вайны, у палкі паступілі двуколкі.

Баі ва Усходняй Прусіі з самага пачатку набылі даволі жорсткі характар. Каля гарадка Ольвіта немцы знянацку атакавалі з засады рускі паходны атрад, з якім рухалася каманда кулямётчыкаў. Падпаручнік Сухорскі, ужо маючы пэўны баявы вопыт, не разгубіўся. Доўгая кулямётная чарга, узрыхляючы пагоркі, прыціснула немцаў да зямлі, адразу ж адбіла ахвоту працягваць бой і прымусіла тых, каго не пасеклі кулі, ратавацца ў лагчынах, адпаўзаючы да сваіх.

Падпаручнік Сухорскі быў прадстаўлены камандаваннем да Георгіеўскага медаля «За храб­расць» — вельмі пачэснай узнагароды для любога афіцэра, тым больш маладога. Праўда, прадстаўленне гэтае доўга блукала потым у калідорах высокіх армейскіх інстанцый, пакуль не было аформлена «Высочайшим приказом» самога гасудара імператара.

Усю восень полк правёў ва ўпартых баях. Каманда кулямётчыкаў стала яго ўдарнай сілай. Воінаў пасылалі на самыя адказныя баявыя заданні. І ўжо на зыходзе 1914 года Андрэй Сухорскі быў адзначаны ордэнамі Святой Анны 4-й ступені і Святога Станіслава 3-й ступені.

У снежні 25-я стралковая дывізія была аператыўна перакінута ў Польшчу. Рускае войска не змагло ўтрымаць горад Лодзь, адступіўшы на рубеж уздоўж рэк Бзура і Раўка. Разведка даведалася, што немцы актыўна рыхтуюцца ў гэтым раёне да маштабнага наступлення.
15 студзеня 1915 года 97-ы Ліфляндскі і 98-ы Юр’еўскі стралковыя палкі занялі пазіцыю ля польскай вёскі Гумін.

У той перыяд у рускім войску ўжо адчуўся востры снарадны голад, якога зусім не ведала кайзераўская армія. Снарадаў немцы не шкадавалі. 17 студзеня яны пачалі інтэнсіўную шматга­дзінную артылерыйскую падрыхтоўку. Прапаршчык Юр’еўскага палка А. Ванянкоў успамінаў: «Усё злілося ў адзін няспынны гул і выццё… Вогненная сцяна ўзрываў бурыла акопы, знішчаючы лінію абароны. Ад нясцерпнага грукату не было чуваць чалавечага голасу… Наша артылерыя адказвала зрэдку, болей маўчала. І тады салдаты зразумелі, што ім давядзецца змагацца без артылерыйскай падтрымкі. Змагацца і гінуць… У многіх салдат не вытрымлівалі нервы. Прыціснутыя спінай да прамёрзлай зямлі акопаў, яны маліліся Богу… І плакалі, прасілі таварышаў не пакідаць іх ворагу, калі загінуць, і аднесці да сваіх і пахаваць па-хрысціянску. А калі параняць, то аднесці на перавязачны пункт. Жахліва было слухаць усё гэта. Хацелася самому плакаць і суцяшаць кожнага».
Наступным днём шалёны артылерыйскі абстрэл доўжыўся тры гадзіны. А затым нямецкая пяхота густымі ланцугамі хваля за хваляй пайшла ў атаку. Іх сустрэў шквальны кулямётны агонь, літаральна скасіўшы першыя ланцугі. Атака захліснулася. З успамінаў прапаршчыка: «Завязалася рукапашная схватка, мы перакалолі немцаў».

І далей: «У нас не паспяваюць перавязваць. Параненыя, як могуць, перавязваюць адзін аднаго. Жывыя перамяшаліся з забітымі. Брустверы разбітыя, стралкі стаяць на каленях».

Артылерыйская кананада з боку немцаў не змаўкала. Паміж палкамі дывізіі сувязь была страчана. Калі абстрэл спыняўся, немцы зноў шчыльнымі калонамі — плячо да пляча, локаць да локця — наступалі на Гумін. З успамінаў прапаршчыка: «Салдаты і афіцэры, сцяўшы зубы, стралялі і стралялі…Калі ж патроны скончыліся, лю­дзі ў апошнія хвіліны свайго жыцця, добра ўсведамляючы, што чакае іх непазбежная пагібель, скінулі свае шынялі і, выйшаўшы з акопаў, узяліся за штыкі».

18 студзеня немцы абстралялі рускія акопы снарадамі з задушлівымі газамі, ад якіх у воінаў пайшла кроў з горла, і людзі альбо паміралі ў пакутах, альбо надоўга гублялі прытомнасць. Апошніх прымалі за забітых і хавалі разам з мёртвымі, сцягваючы ва ўжо неглыбокія акопы і засыпаючы зверху зямлёй. Пасля схамянуліся і пачалі мацаць у непрытомных пульс. Да многіх свядомасць вярталася, і яны зусім не помнілі, што з імі адбылося. На ўсё астатняе жыццё ў тых, каго газы не забілі, здароўе было падарвана.

20 студзеня немцы, абышоўшы каманду Сухорскага, апынуліся ў яе тыле. І раптам перасталі страляць. Іх афіцэр прарэзліва крыкнуў: «Рус, здавайся!». Паспрабаваў яшчэ нешта дадаць, але рускія воіны імгненна павярнулі зброю ў яго бок і, заняўшы кругавую абарону, зноў націснулі на гашэтку кулямётаў. Расстраляўшы патроны, у адчайным парыве кінуліся на немцаў з сапёрнымі рыдлёўкамі і бебутамі — кароткімі сталёвымі клінкамі, што мелі на ўзбраенні артылерысты ў царскім войску…
Жорсткая сутычка была бязлітаснай і кароткай…

У той жа дзень бясследна знік паручнік Ула­дзімір Бялецкі, ураджэнец Віцебскай губерні. Яго палічылі без вестак прапаўшым. Але ён непрытомным трапіў у палон. Далейшы лёс афіцэра невядомы.

У 1918 годзе нямецкі ваенны часопіс напісаў пра бой ля вёскі Гумін: «Нязначнае прасоўванне ўглыб рускіх пазіцый было дасягнута цяжкімі стратамі і не мела нават тактычнага значэння».

Узятыя ў палон нямецкія салдаты прызнаваліся падчас допытаў, што дывізію, якая наступала на Гумін, назвалі дывізіяй смерці.
Але і страты рускіх былі жахлівымі. Ад Юр’еўскага палка засталася рота маладых салдат, якія прыбылі для камплектавання і ў баях не ўдзельнічалі. Ліфляндскі полк быў зведзены ў батальён.

За свой апошні бой падпаручнік Андрэй Сухорскі атрымаў пасмяротна ордэн Святога Георгія 4-й ступені — у верасні 1915 года. Праз месяц быў падпісаны, нарэшце, загад аб узнагароджванні яго Георгіеўскiм медалём «За храбрасць».

Пасмяротна ён быў адзначаны таксама ордэнам Святой Анны з мячамі і бантам.

Да рэвалюцыі Сухорскія жылі сваяцкай суполкай у вёсцы Хадулава Каралёўскай воласці Віцебскага павета (падчас калектывізацыі яе ссялілі ў вёску Паляі). Адзін з Сухорскіх — Казімір Купрыянавіч — на Першай сусветнай ваяваў грэнадзёрам у гвардзейскім палку. А ў гады Вялікай Айчыннай капітанам камандаваў стралковым баталь­ёнам. Не стала ветэрана ў 1970 годзе. Пахаваны ў вёсцы Паляі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Анатоль Бруцкі, Віцебск.