Хто за саджанцамі, а хто - за прысмакамі. Пабывалі на вясновым кірмашы ў Шуміліне і даведаліся, што пачым

logo
Понедельник, 25.04.2022 10:12 | Рубрика: Общество
0678
Гандаль з самай раніцы быў бойкі. Адны прыйшлі на базар за саджанцамі ды зернем, іншыя – за прысмакамі. І тыя і другія вярнуліся дадому не з пустымі рукамі.




Вяндліну гандляры прапаноўвалі ад 20 да 35 рублёў за кілаграм. Гараджане ахвотна бралі прадукт, што традыцыйным спосабам гатаваў у лазні па-чорнаму 72-гадовы гаспадар з Сенненскага раёна. Людзі найперш каштавалі, а потым абавязкова куплялі хоць невялікі кавалачак.
.
Чарга стаяла за гарадоцкімі яйкамі. На кірмашы ўсяго было багата: селядцы, фрукты, гародніна, каўбасы, печыва. Прывабныя цэны на свежую гародніну прапаноўваў філіял «Вясна-Энерга»: гуркі – 5 рублёў, памідоры – каля 7, капуста – 2,85.

Бульбу на ежу і для пасадкі прадаваў фермер. «Скарб», «Гала», «Вектар», «Каломба», «Мадайра» і іншыя гатункі. Усяго прывёз каля тоны другога хлеба. Праўда, людзі больш цікавіліся якасцямі таго ці іншага гатунку, чым куплялі. Але да прылаўка ўвесь час было не падысці. Бульба ёсць бульба! Невялікую сетку аддавалі за 10 рублёў.

Амаль 4 тоны пшаніцы, ячменю і аўсу прывезла на кірмаш КУСГП «Сіроцінскі». Бралі збожжа ахвотна, у асноўным на корм хатняй птушцы. Пакупнікі заўважалі, што цэны па сённяшнім часе вельмі добрыя. Той жа авёс па 20 рублёў за мяшок (6 вёдраў) ужо не знайсці. А зерне добрае, не пратраўленае, чаму не ўзяць?




Многія ішлі на кірмаш за саджанцамі, якія прапаноўвалі Лужаснянская сортавыпрабавальная станцыя і пітомнік Васіля Карпіцкага.

– Прыйшла за малінай. Свая пачала выраджацца, – расказала гараджанка Вольга. –Хочацца паспрабаваць новыя гатункі.

Кансультацыяй па вырошчванні яблынь, вішняў ды чарэшні суправаджаў продаж саджанцаў Васіль Карпіцкі. Садавод запэўніваў, што яго яблыні пачнуць пладаносіць ужо на другі-трэці год, а плады будуць смачныя, сакавітыя і духмяныя.

Пакупнікі не бавіліся на кірмашы доўга: бралі, што трэба, і спяшаліся дадому.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.