Народная мужчынская вакальная група "Хорус" унітарнага прадпрыемства "Элект" ГА "БелТІЗ" сёлета будзе намінавацца на званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь".
Гэта цалкам заслужаная адзнака творчай працы. Толькі напрыканцы мінулага года калектыў выдатна выступаў на розных конкурсах ды фестывалях. Група паўдзельнічала ў Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе выканаўцаў патрыятычнай песні «Сердцем причастны», які праходзіў у Оршы, і перамагла.
Узнагароду прынёс і фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш», які праходзіў у Магілёве. У ім удзельнічалі калектывы з усёй Беларусі і 6 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. «Хорус» заняў 2-е месца з вядомай кампазіцыяй «Песняроў» «Хатынь». А ўдзельнік калектыву Юрый Ардынаў стаў трэцім сярод выканаўцаў аўтарскай песні.
У складзе «Хоруса» зараз чатыры спевакі, якіх нават цяжка назваць аматарамі, так прафесійна яны выступаюць. Сапраўдным лідарам калектыву з’яўляецца яго мастацкі кіраўнік Ігар Кецкін, за якім заўсёды галоўнае слова і ў выбары кампазіцый, і ў аранжыроўках. Юрый Ардынаў адказвае на «Элекце» за культурны сектар і «па сумяшчальніцтве» — капітан зборнай Беларусі невідушчых футбалістаў, Дзмітрый Шлома працуе ў аддзеле рэабілітацыі прадпрыемства, а Сяргей Калодкін на рэспубліканскім фестывалі колькі гадоў таму выступаў на сцэне Летняга амфітэатра дуэтам з Ірынай Дарафеевай.
Асабліва важна адзначыць тое, што ў гурце большасць складаюць людзi з абмежаванымі магчымасцямі. Але гэта не перашкаджае ім адчуваць сябе самадастатковымі ў розных сферах жыцця, у тым ліку ў мастацкай творчасці.
На прадпрыемстве ганарацца і народным ансамблем народнай музыкі і песні «Кросны». Летась ён прымаў удзел у межрэгіянальным фестывалі творчасці людзей з інваліднасцю «Зорка надзеі». Гэты традыцыйны конкурс адбыўся ў Лепелі ўжо 16-ты раз. У ім узялі ўдзел творчыя калектывы і выканаўцы не толькі з усёй вобласці, але і з-за яе межаў. І нашы музыкi выдатна паказалi сябе, заваяваўшы дыплом І ступені ў намінацыі «Музычныя ансамблі».
Гэты ж калектыў са шчытом вярнуўся з рэспубліканскага фестывалю вакальнага і інструментальнага мастацтва БелТІЗ «Лістапад». Ён заняў 1-е месца ў намінацыі «Народныя кампазіцыі». Дарэчы, у гэтым жа конкурсе выступаў і «Хорус», якi заняў трэцяе месца сярод эстрадных выканаўцаў.
А яшчэ ўдзел у такіх публічных мерапрыемствах — гэта выдатная сацыякультурная рэабілітацыя, бо на «Элекце» працуюць пераважна людзі з інваліднасцю па зроку.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.