Бренд университета. В ВГУ конференция собрала источниковедов с восьми стран мира

logo
Пятница, 28.04.2017 13:34 | Рубрика: Общество
04119

У чацвёрты раз у сценах ВДУ імя П.М. Машэрава прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы крыніцазнаўства», якая сабрала вядучых гісторыкаў і крыніцазнаўцаў. Сёлета яна была прымеркавана да 420-годдзя надання Віцебску Магдэбургскага права.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі гістарычныя факультэты ВДУ і БДУ, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кафедра гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, а таксама расійская Навукова-педагагічная школа крыніцазнаўства – сайт Источниковедение.ru.


У працы навуковага форуму прынялі ўдзел навукоўцы з васьмі краін свету, у тым ліку з ЗША, Германіі, Венгрыі і Малі. У зборнік увайшло больш за 130 навуковых дакладаў.

Адкрыў канферэнцыю намеснік старшыні гарвыканкама Пётр Падгурскі. Ён адзначыў, што 2017 год сімвалічны для нашага горада, бо 420 гадоў таму кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза даў Віцебску прывілей на Магдэбургскае права. Прывілей замацоўваў правы і вольнасці мяшчан, былі створаны органы гарадскога самакіравання, пабудавана Ратуша, а горад атрымаў унікальны герб, які амаль у нязменным выглядзе і сёння з’яўляецца сімвалам Віцебска.

З прывітальным словам таксама да прысутных звярнуліся вучоны сакратар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Салаўянаў і прадстаўнік Навукова-педагагічнай школы крыніцазнаўства, доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Малавічка.

На пленарным і секцыйных пасяджэннях прагучалі даклады разнастайнай накіраванасці. Адметнасцю гэтага года стала вылучэнне асобнай секцыі «Гістарычная ўрбаністыка. Крыніцы гісторыі гарадоў».

– Наш універсітэт у чарговы раз стаў пляцоўкай для камунікацыі гісторыкаў. Не памылюся, калі скажу, што канферэнцыя становіцца брэндам кафедры, факультэта і ўвогуле ўніверсітэта, – расказаў адзін з арганізатараў – загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Дулаў. – Пра гэта сведчыць, напрыклад, геаграфія яе ўдзельнікаў. Сярод іх як навукоўцы, якія традыцыйна прымаюць удзел у канферэнцыі, так і тыя, хто прыехаў у Віцебск упершыню.

Удзельнікі канферэнцыі атрымалі зборнікі навуковых матэрыялаў і сувенірную прадукцыю, а таксама наведалі музей-сядзібу І.Я. Рэпіна «Здраўнёва».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ.