Як работнікі ТЦСАН Шумілінскага раёна дапамагаюць пажылым людзям супрацьстаяць COVID-19

logo
Четверг, 26.11.2020 10:13 | Рубрика: Здоровье
02267

Работнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна дапамагаюць пажылым людзям супрацьстаяць каронавірусу, выпрацаваны пэўны алгарытм работы.

На абслугоўванні ў цэнтры знаходзіцца 468 чалавек. Справіцца са штодзённымі жыццёвымі клопатамі ім дапамагаюць 58 сацыяльных работнікаў. З сакавіка яны займаюцца яшчэ і валанцёрствам –дастаўляюць прадукты і медыкаменты пажылым і інвалідам па месцы жыхарства, нават у самую аддаленую вёску. Прычым усім, хто мае ў гэтым неабходнасць, без выключэння, нават калі людзі не знаходзяцца на абслугоўванні. Маўляў, няхай толькі людзі застаюцца дома і менш падвяргаюць сябе небяспецы.

На сувязі з людзьмі цэнтр кругласутачна – там не толькі прымаюць заяўкі, але і самі абзвоньваюць падапечных, каб лішні раз пракансультаваць, пацікавіцца здароўем. Даведацца пра такую магчымасць можна і на афіцыйным сайце ўстановы. На самім будынку размешчаны бягучы радок, які інфармуе пра дзейнасць ТЦСАН. Спецыялісты распаўсюджваюць лістоўкі і памяткі пра тое, як захаваць сваё здароўе і куды звяртацца за дапамогай. Пачынаючы з сакавіка гэтага года было выканана 165 дадатковых заявак па дастаўцы прадуктаў і рэчаў першай неабходнасці.

Калі гаворка ідзе пра прафілактыку распаўсюджання COVID-19, пра дадатковую абарону ад вірусу для пажылых людзей, многія з якіх маюць хранічныя хваробы, то найперш паўстае пытанне пра стан здароўя саміх супрацоўнікаў ТЦСАН.

– Гэта работа ў нас наладжана яшчэ вясной, у так званую першую хвалю COVID-19. З усімі сацыяльнымі работнікамі праведзены адпаведны інструктаж, два разы на дзень яны інфармуюць інспектараў пра стан свайго здароўя і ўзровень тэмпературы, – гаворыць выконваючы абавязкі загадчыка аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Алена Тарасава. – Усе разумеюць, што сітуацыя сур’ёзная.

Маскамі, пальчаткамі і сродкамі дэзынфекцыі ў неабходнай колькасці забяспечаны ўсе супрацоўнікі, што кантактуюць з людзьмі на даму. Яшчэ да таго, як у раёне быў уведзены масачны рэжым, сацыяльныя работнікі строга выконвалі ўсе правілы засцярогі. Як-ніяк не толькі за сябе адказнасць нясуць, але і за падапечных.

– Мы кругласутачна прымаем заяўкі ад пажылых людзей і інвалідаў на дастаўку прадуктаў, прадметаў першай неабходнасці і медыкаментаў, – падкрэслівае Алена Мікалаеўна.

Ужо 9 год спраўляцца з усімі клопатамі шумілінцы Ларысе Каразеевай дапамагае Надзея Яшчук. Чатыры разы на тыдзень сацыяльны работнік наведвае сваю падапечную. Цяпер – у масцы і пальчатках, з дэзынфектарам у кішэні. Ларысе Аляксееўне 83 гады, і на вуліцу яна ўжо не выходзіць. Трымае сувязь са светам праз сваю верную памочніцу.

– Дзеці далёка, у Мінску ды Гомелі, а дапамога ў маім узросце патрэбна штодня, – кажа пенсіянерка. – І я вельмі ўдзячная Надзеі Антонаўне, якая не толькі прыбярэ, прыгатуе, у аптэку сходзіць, але і, наогул, гатова выканаць любую просьбу.

Уважлівая да сваіх кліентаў і сацыяльны работнік з 14-гадовым стажам Валянціна Карапузава. Яна абслугоўвае 9 чалавек. А цяпер яшчэ і дадатковыя заказы па дастаўцы лекаў выконвае. У масцы і пальчатках – з сакавіка.

– Усё неабходныя сродкі аховы нам выдаюць, самім купляць не трэба, – кажа Валянціна Васільеўна, – Маску мяняю, як і належыць, кожныя дзве гадзіны. І пра людзей думаю, і пра ўласную сям’ю таксама. Здзіўляюць людзі, што абыякава ставяцца да небяспечнага вірусу.

Напэўна, дзякуючы такой перасцярозе, ніхто з сацыяльных работнікаў ТЦСАН Шуміліскага раёна за гэты час вірус не падчапіў.

У сувязі с пандэміяй у новым фармаце праходзяць і заняткі па інтарэсах, якія звычайна наведваюць каля 40 чалавек. Цяпер яны ладзяцца па скайпе. Людзі з-за складанай эпідсітуацыі часцей застаюцца дома, таму і сваім хобі аддаюць больш часу. Вучацца вышываць, выпальваць, спасцігаюць мастацтва фатаграфіі і іншае.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота дадзена ТЦСАН Шумілінскага раёна.