Пра асаблiвасцi работы ў перыяд пандэмii COVID-19 расказалi медыкi з Шумiлiна

logo
Понедельник, 25.05.2020 14:07 | Рубрика: Здоровье
01787

У хуткім часе пасля таго, як у краіне з’явілся выпадкі заражэння COVID -19, Шумілінская раённая бальніца была перапрафілявана пад прыём пацыентаў з новым вірусам.

Для больш аператыўнай і бяспечнай работы кіраўніцтвам установы прынята рашэнне выдзеліць для лячэння хворых дзіцячае аддзяленне, якое знаходзіцца ў бакавым крыле першага паверха. І ўсе супрацоўнікі аддзялення аўтаматычна трапілі на перадавую барацьбы з невядомай хваробай. Сёння, калі крывая захворвання пайшла на спад, медыкі могуць перавесці дух і расказаць пра асаблівасці работы ў новых умовах.

Вольга Крычэўская, Святлана Купчанка і Вольга Тарасава – вопытныя медыцынскія сёстры, якія шмат год працуюць у дзіцячым аддзяленні бальніцы. Прызналіся, да апошняга спадзяваліся, што вірус не дойдзе да нашай краіны. Але калі прыйшлося змяніць звычайны белы халат на супрацьчумны камбінезон, ні секунды не вагаліся.

– Мы не для таго прыйшлі ў гэтую прафесію, каб бегаць, – у адзін голас заявілі медыкі.

Аднойчы вечарам з аддзялення былі выпісаны ўсе дзеці, і туды сталі паступаць хворыя на каронавірус з Шумілінскага і Гарадоцкага раёнаў. З таго часу амаль месяц медыцынскія сёстры разам з дактарамі жылі прама ў бальніцы. Занялі інфекцыйнае аддзяленне. Кажуць, што для іх былі створаны добрыя бытавыя ўмовы. Як след адпачыць пасля напружанай змены аказалася асабліва важна.

Здаралася, і ўсе 24 месцы аддзялення былі занятыя хворымі. Людзі, асабліва тыя, што паступалі з суседняга раёна, бывала, і панікавалі.

– Нават нам, медыцынскім работнікам, напачатку было крыху не па сабе. Столькі жудаснай інфармацыі даходзіла праз тэлебачанне і інтэрнэт, – прызналася старшая медсястра Вольга Крычэўская. – Але хутка стала зразумела, што хвароба можа праходзіць і ў лёгкай форме, што папраўляюцца і тыя, у каго сімптомы праяўляюцца больш выразна. Некаторыя пацыенты і месяц праводзяць у стацыянары. Але ж усе выпісваюцца з адмоўным вынікам тэсту на каронавірус. Бачылі б вы, як яны радуюцца, абдымаюцца з намі і нават плачуць у гэты момант!

У Вольгі Крычэўскай чацвёра дзяцей, старшаму з якіх 10 год, а малодшай, Машы, усяго тры. Яна, дарэчы, цяжэй за ўсіх перажывала такое доўгае расстанне з матуляй. І цяпер, калі мама некуды збіраецца, заўжды строга пытае: “Ты куды?” На работу адпускаць ніяк не хоча.

У Святланы Купчанкі і Вольгі Тарасавай, якія ў прафесіі ўжо 30 і 40 год адпаведна, дзеці дарослыя. Але ж таксама хвалююцца. І родныя, і сябры. Пішуць, прапаноўваюць дапамогу, спраўляюцца пра здароўе. Прыемнай была падтрымка мясцовых арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і ўсіх нераўнадушных людзей. Адны шылі маскі ды халаты, іншыя перадавалі медыкам каву, чай, фрукты, каб парадаваць, унесці свой уклад у агульную справу барацьбы з вірусам.

– Пандэмія паказала, хто сапраўдны сябар, на каго можна спадзявацца ў няпростай жыццёвай сітуацыі, – упэўнена старшая медсястра. – Мы з дзяўчатамі яшчэ больш згуртаваліся, сталі адным цэлым, надзейнай камандай.

Тэст на кронавірус у медсясцёр паказаў адмоўны вынік. Адчуваюць яны сябе добра. Вядома, градус бяспекі не зніжаюць: усю змену – у спецыяльных касцюмах, пальчатках, масках і ахоўных экранах. Бачныя толькі вочы, у якіх надзея на тое, што хутка ўсе мы зажывём, як раней.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.