Беларуская мова, малюнкі, танцы і вышыўка. З лепшым маладым настаўнікам Віцебскага раёна карэспандэнт «Віцьбічаў» правёў дзень у Старасельскай сярэдняй школе

logo
Среда, 21.02.2018 15:01 | Рубрика: Общество
09257

З Марынай Драняевай мы вучыліся разам ва ўніверсітэце. Яна і ў студэнцкія часы вылучалася уменнем маляваць, удзельнічала ў КВЗ і займалася ў тэатральнай студыі. Але выбар на яе паў не праз знаёмства: яна перамагла ў конкурсе маладых педагогаў Віцебскага раёна, а яшчэ размалявала сцены класа гісторыі школы, які таксама прыцягнуў увагу.

Віцебск – Старое Сяло

На гадзінніку 7.00, за акном цягніка цемра: так рана на працу маладому педагогу прыходзіцца выязджаць па серадах і пятніцах, у астатнія дні пазней. Па аўторках у Марыны яшчэ «надомнік» у Малых Лётцах. Разам з дзвюма калегамі Марыны Драняевай настаўніцамі пачатковых класаў Анастасіяй Далгаполавай і Вольгай Спірыдонавай сядзім у цёплым цягніку і чакаем адпраўлення, каб дзесьці за 30 хвілін дамчаць да Старога Сяла. За размовамі час ляціць шпарчэй. Выходзім на станцыі і разам з яшчэ некалькімі педагогамі праз заснежанае поле, абмінаючы дамы жыхароў, упоцемках ідзём у школу.

– Зараз, калі мінусавая тэмпература, і летам, калі прасыхае дарога, зручна, а вось ранняй вясной ці пасля дажджу не пройдзеш – поле ператвараецца ў непраходную тэрыторыю з граззю, – дзеліцца педагог.

Хоць на гадзінніку амаль што 8.00 (заняткі пачынаюцца ў 9.00), у вокнах аднаго з класаў ужо гарыць святло. Некаторых дзяцей з бліжэйшых вёсак на аўтобусе прывозяць раней, бо разам з імі прыязджаюць і выхаванцы мясцовага дзіцячага сада. Да заняткаў з вучнямі знаходзіцца настаўнік.

Першы ўрок

У мясцовай школе малады педагог працуе на паўстаўкі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў 7-8 класах і педагогам-арганізатарам. Марына ўспамінае свой першы ўрок у Старасельскай сярэдняй школе.

– Зайшла ў клас, пачала размаўляць па-беларуску, а дзеці ў адказ: «Мы не понимаем, можно на русском». На жаль, настаўніку беларускай мовы, акрамя перадачы ведаў, трэба яшчэ змагацца з такім стаўленнем да прадмета, – адзначыла Марына Драняева. – Я сказала вучням, каб яны прызвычайваліся: выкладаць беларускую мову па-руску – абсурд. Цяпер яны рэдка, калі пытаюцца, што азначае тое ці іншае слова, імкнуцца гаварыць па-беларуску, хоць ім і не заўсёды лёгка гэта даецца.

Для змянення сітуацыі Марына стварыла гутарку ў сацыяльнай сетцы, дзе яе вучні кантактуюць па-беларуску на розныя тэмы. Нават адзін аднаго папраўляюць, і з цягам часу такая абыякавасць знікае.

Нашу размову перапыняе званок на урок, і мы рушым у клас, дзе настаўніца зараз часова выконвае абавязкі класнага кіраўніка – калега хварэе. Тэма – ступені параўнання прыслоўяў. Дзеці на пачатку заняткаў адразу складваюць смартфоны ў адзін кут – такое правіла. Педагог знаёміць іх з новай тэмай, разбіраюць прыклады. Хтосьці смела і правільна адказвае на пытанні, іншыя – запінаюцца і спрабуюць пажартаваць. Для іх, напэўна, хвіліны ўрока здаюцца вечнасцю. Але за практыкаваннямі час пралятае хутчэй, гучыць званок з урока – навучэнцы атрымліваюць дамашняе заданне і выбягаюць з класа.

Творчы аспект працы

У канцы 2017 года сярод школ Віцебскага раёна праходзіў конкурс на найлепшы школьны кабінет – праца Марыны заняла трэцяе месца. Ён праводзіцца кожны год, але мяняецца дысцыпліна і тэматыка афармлення – у гэты раз была гісторыя.

– Падыйшла да мяне настаўніца гісторыі Марына Шырокая і прапанавала ідэю – размаляваць сцены класа помнікамі архітэктуры, важнымі перыядамі і датамі з беларускай гісторыі. Зразумела, што гэта цалкам рэальна зрабіць і пачала прадумваць канцэпт, – расказвае М. Драняева. – Прапаноўвалі купіць фарбу, але я сказала, што трэба паспрабаваць спачатку гуаш’ю, бо ёй размалёўвала розныя прадметы, калі сама была школьніцай. Пачала маляваць маманта, потым помнікі архітэктуры, для некаторых рабіла шаблоны, абвадзіла і размалёўвала. Праблема толькі ў тым, што я баюся вышыні, таму падчас некаторых этапаў працы было страшна. Ужо прапанавалі размалёўваць на гэты год матэматычны клас. Думаю над фарматам.

Любоў з дзяцінства да творчасці вельмі дапамагае ў працы, падкрэслівае педагог. З вучнямі ў асноўным яна займаецца падрыхтоўкай да конкурсаў і разнастайных мерапрыемстваў, удзельнічаюць у турзлётах. У мінулым годзе яшчэ не існаваў гурток па маляванню і да Марыны прыходзіла адна дзяўчынка, у якой сёння бачны прагрэс. З вучнямі педагог разам лепяць з цеста, шыюць, нядаўна завяршылі падрыхтоўку да конкурсу «Спасатели глазами детей».

– Я не прыхільнік браць сцэнарыі з Інтэрнэта, хоць такія звычайна і перамагаюць. Бывае, што ў камандах з розных школ некаторыя моманты паўтараюцца: песні, вершы, – разважае М. Драняева.

Марына дзеліць кабінет разам з сацыяльным педагогам. Раней для падрыхтоўкі да творчых мерапрыемстваў не было асобнаго стала, таму некаторыя дакументы калегі былі ў бліскаўках, паміж паперамі можна было знайсці каляровыя стужкі. Зараз яна мае асобнае месца, дзе пануюць законы творчасці.

Лепшы настаўнік раёна

Шмат сілаў і часу было выдаткавана на конкурс сярод маладых педагогаў. Марына доўга думала, што паказаць у творчым этапе.

– Успомніла, што займалася ва ўніверсітэце ў тэатральнай студыі, была мімам. Скарысталася гэтым і выбудавала сваё выступленне вакол таго, што не магла выбраць, з якім матэрыялам выступаць: у ролі міма быццам спрабавала спяваць – не атрымлівалася, танцавала – таксама не выходзіла, потым пачала маляваць. Вельмі хвалявалася, бо за дзень да конкурса рэпеціравала, малюючы на вялікім ватмане – партрэт не атрымаўся. І вось стаю спінай да залу і мне падказваюць, што журы і гледачы па-добраму смяюцца  значыць, яны пазналі, каго я малюю. 

Дырэктар школы Вадзім Сакратароў добра ацэньвае маладога спецыяліста, адзначаючы актыўнасць, ініцыятыўнасць і творчы падыход Марыны.

– Адклікаецца на прапановы, задзейнічана ў раённых мерапрыемствах, добра малюе, шмат вырабаў стварае у розных жанрах і тэхніках – карацей, залатыя рукі. Нам пашанцавала, спадзяюся, і ёй з намі таксама, – расказвае Вадзім Аляксандравіч.

Згаджаецца з такой ацэнкай і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Старычэнка. Па яе словах, з прыходам педагога з’явіліся новыя гурткі, пазакласная дзейнасць у школе актывізавалася, а галоўнае – дзеці цягнуцца да яе.

Старое Сяло – Віцебск

Пасля ўрокаў праходзяць рэпетыцыі, падрыхтоўкі да конкурсаў і мерапрыемстваў. Пасля іх на дызелі (бывае на маршрутцы) яна вяртаецца ў Віцебск, часам беручы працу на дом, хоць пастаянна заракаецца гэтага не рабіць. Галоўнае, адзначае педагог, што цікавасць да творчасці ў дзяцей ўзрастае.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота аўтара.