21 апреля 1927 года – День образования кинологических подразделений органов внутренних дел и внутренних войск Министерства внутренних дел Республики Беларусь

logo
Суббота, 24.04.2021 12:16 | Рубрика: Общество
01692
На пытанне, што самае галоўнае ў яго працы, міліцыянер-кінолаг групы затрымання ўзвода міліцыі Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Вадзім Каранеўскі, адказвае не задумваючыся: «Мала любіць жывёлу — трэба давяраць свайму чацвераногаму напарніку, як сабе».


Вадзім як ніхто іншы ведае, пра што гаворыць. Больш за пяць гадоў са сваёй падапечнай, прыгожай, статнай, разумнай Айзай ён заступае на дзяжурства. Для яго яна не толькі верны сябар, але і надзейны памочнік. Часам ад таго, як ты спрацуеш з сабакам, залежыць далейшы ход расследавання той ці іншай справы, выяўленне зламысніка, адзначае спецыяліст.

Востры нюх, які, дарэчы, у сабак у 10 тысяч разоў мацнейшы, чым у чалавека, хуткасць рэакцыі дапамагаюць аператыўнікам раскрыць злачынствы па гарачых слядах. Айза добра ведае сваё прызначэнне. Яе неаднаразова бралі на затрыманне правапарушальнікаў, дапамагала яна і ў пошукавай рабоце. У прыватнасці, некалькі гадоў назад менавіта з яе ўдзелам міліцыянерам ўдалося разблытаць справу па крадзяжы грошай. Тады мужчына ўкраў у свайго ж суседа вялікую суму. Па паху Айза прывяла групу праваахоўнікаў да дома злачынцы.

Тыя, хто лічаць, што працаваць з сабакамі вельмі лёгка і проста, глыбока памыляюцца. Для прыкладу скажам пра тое, што распазнаюць жывёлы не словы, а інтанацыі. Сабака павінен разумець, калі і за што злуецца на яго гаспадар. А калі ён хваліць, то рабіць гэта павінен з усёй шчырасцю.

Каб жывёла выконвала пэўныя каманды, больш таго, не праяўляла агрэсію да навакольных і была адданай толькі свайму гаспадару, трэба шмат папрацаваць. Самы галоўны прынцып дрэсіроўкі — цярпенне. Захоўваць яго ох як няпроста. «Але, калі ты ставішся да сваіх абавязкаў з вялікай адказнасцю, справіцца з эмоцыямі можна і трэба, — гаворыць Вадзім Каранеўскі. — А колькі станоўчых эмоцый адольвае тады, калі бачыш, што сабака паказвае вынік!»

Айза ўзорна выконвае сваю работу. Ведае агульны курс паслушэнства, натрэніравана і па следавой рабоце. Але парадак ёсць парадак: штотыднёва ў яе праходзяць трэніроўкі, і займаецца з ёй сам Вадзім Мікалаевіч.

Сваю чацвераногую напарніцу ён убачыў упершыню, калі ёй было тры месяцы. У абласным спецыялізаваным пітомніку сярод шматлікіх пушыстых камячкоў узяў той, які прыглянуўся. Па душы выбіраў, з усмешкай успамінае Вадзім. І не памыліўся. На той момант у сабакі была ўжо мянушка — Рэсі. Грубаватым падалося кінолагу гэтае імя. Яму не пярэчылі, калі папрасіў змяніць яго на Айзу.

Па словах маладога чалавека, Айза добразычлівая, гуллівая, энергічная. Яе вельмі любяць дзеці.

Быць кінолагам — складана і адказна. Станоўчыя ж моманты ў тым, што калі ты кожны раз заступаеш на службу, побач з табой твой адданы напарнік, твой сябар, які ніколі не здрадзіць, упэўнены Вадзім Каранеўскі. Для яго, як і для многіх міліцыянераў-кінолагаў, гэта, бадай, самае важнае.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ала ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.