Можна шмат гаварыць маладым сем'ям пра тое, што краіне патрэбны маленькія грамадзяне. І чым больш, тым лепш. А можна ўзяць і пабудаваць для іх дом. Так выйшла, што 28 з 29 сем'яў, якія атрымалі прапіску ў новым шматкватэрным доме ў Шуміліне, — шматдзетныя. І на ўсіх — амаль сотня дзяцей. Гэты факт надаў асаблівае гучанне ўрачыстым мерапрыемствам, якія ладзіліся з нагоды ўводу ў эксплуатацыю 32-кватэрнага дома па вуліцы Кааператыўнай у Шуміліне.
Пэўны сімвалізм у тым, што надзвычай важная для горада падзея адбываецца менавіта 07.07, заўважыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які раздзяліў з шумілінцамі радасць наваселля. «Магія лічбаў падказвае, што ўсё адбываецца правільна, што гэты дом стане па-сапраўднаму родным для вас, цёплым і ўтульным, апынецца тым месцам, куды заўсёды будзе хацецца вяртацца», — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч, звяртаючыся да навасёлаў. Выказваючы словы ўдзячнасці ўсім, чыя работа стаіць за гэтай шматпавярхоўкай, ён асабліва падкрэсліў, што шумілінская будаўнічая арганізацыя ПМК-70 заўжды выконвае работу якасна, у тэрмін, пакідаючы толькі добрыя ўражанні тым, хто потым эксплуатуе будынкі.
Удзячнасць дырэктару ПМК-70 Аляксею Крыўко выказаў і старшыня Шумілінскага райвыканкама Аляксандр Снараў. Кіраўнік раёна заўважыў, што гэта падзея працягвае шэраг станоўчых змен на карысць камфортнага жыцця людзей. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што будаўніцтва жылля на Шуміліншчыне будзе працягнута і ў наступным годзе: з'явіцца 32-кватэрны дом на той жа вуліцы Кааператыўнай. Ужо распачаты праектныя работы. А значыць, чарга з жадаючых палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ў больш за 500 чалавек паменшыцца.
Магчыма, не так радыкальна, але ўсё ж істотна змянілася 7 ліпеня і жыццё амаль 2200 чалавек гарадскога пасёлка Обаль Шумілінскага раёна. Менавіта столькі чалавек карыстаюцца там паслугамі водазабеспячэння і да сённяшняга часу мелі нараканні на якасць пітной вады, нормы жалеза ў якой былі перавышаны.
Для таго, каб забяспечыць насельніцтва пасёлка пітной вадой нарматыўнай якасці, у 2016 годзе быў распрацаваны праект будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Віцебскі аблвыканкам прапанаваў дадзены аб'ект для рэалізацыі ў рамках праекта «Развіццё сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення», фінансуемага за кошт сродкаў дадатковага займу Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Распачатыя ў студзені гэтага года работы былі завершаны ў тэрмін. Будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Обалі, заказчыкам якога выступіла УП «Віцебскаблводаканал», каштавала больш за 260 тысяч рублёў.
Чыстая вада — гэта найперш здароўе яе спажыўцоў. А таму ўвядзенне такога кшталту аб'екта асабліва важнае.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.