З ідэяй распрацаваць маршрутызатар па музеях віцебская школьніца выйшла ў фінал праекта «Першыя»

logo
Вторник, 21.04.2020 10:04 | Рубрика: Общество
04770

9-класніца СШ № 12 Анастасія Кундзір, якая ў адрозненні ад многіх сучасных школьнікаў музеі любіць і наведвае іх не толькі арганізавана разам з класам, але і самастойна, аднойчы зразумела, што поўнай інфармацыі пра выставы і музеі Віцебска ў Інтэрнэце няма.

Тады яна зняла відэаролік, у якім расказала пра родны горад і выставы, якія можна тут наведаць. Работа Анастасіі нечакана для яе самой трапіла ў дзясятку лепшых, дасланых на конкурс ідэй для старшакласнікаў «Першыя». Цяпер дзяўчына разам з ментарам рыхтуецца да выступлення ў фінале, які запланаваны на канец мая.

– Калі мне ўдасца пераканаць журы ў тым, што мой праект карысны для грамадства, то буду набіраць каманду і прыступаць яго да рэалізацыі, – расказвае школьніца.

Маршрутызатар па музеях – гэта мабільны дадатак, які можна будзе спампаваць на тэлефон. Таксама Анастасія плануе стварыць і адпаведны сайт. У распараджэнні турыста будзе карта Беларусі, на якой спецыяльнымі значкамі пазначаны музеі і выставы. Карыстальнік дадатку можа выбраць горад, які яго цікавіць, таксама прайсці тэст на выяўленне пераваг і захапленняў. Калі ён шукае нейкую канкрэтную карціну ці скульптуру, дадатак таксама дапаможа зарыентавацца і падкажа, дзе яны знаходзяцца. Можна рухацца як унутры аднаго музея, так і па іншых установах, пазначаных на маршруце.

Гэта вельмі зручна, лічыць Анастасія. Асабліва для замежных турыстаў, якія могуць і разгубіцца, трапіўшы ў незнаёмы горад. У гэтым сэнсе карысным будзе супрацоўніцтва з турыстычнымі фірмамі, якія будуць прапаноўваць гасцям карыстацца маршрутызатарам.

Анастасія Кундзір пакуль толькі марыць пабываць у еўрапейскіх музеях. У родным Віцебску сярод іншых выдзяляе Мастацкі музей.

– У адрозненні ад тэматычных музеяў там пастаянна мяняюцца экспазіцыі, і заўжды можна пабачыць нешта новае, – тлумачыць дзяўчына.

Рыхтуючыся да ўдзелу ў конкурсе, Анастасія абапіралася на дапамогу настаўніка беларускай мовы і літаратуры Антона Арцямёнка і сваёй маці, якая дапамагла зняць ролік.

Мы жадаем зямлячцы поспеху і спадзяёмся, што хутка карысны дадатак з’явіцца ў нашых гаджэтах.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фото аўтара.