Каля 300 аматараў вясельных традыцый амаль з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны сабрала ў Расонах абласное свята-конкурс «Вялікая вясельніца»

logo
Понедельник, 28.10.2019 10:56 | Рубрика: Культура
03668

Упершыню яно прайшло ў 2010 годзе ў Дуброўна як агляд-конкурс аўтэнтычных фальклорных калектываў. З таго часу раз у два гады аматары фальклору збіраюцца ў розных кутках вобласці, каб захаваць аўтэнтычныя вясельныя спевы і абрады Віцебшчыны.

На гэты раз мерапрыемства пачалося з конкурсу-прэзентацыі абрадавых страў вясельнага стала з 16 рэгіёнаў, што разгарнулася ў файе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут можна было пабачыць вясельны «рагаты» каравай з Дубровеншчыны, рыбны вясельны стол з Расоншчыны, стараверскі – з Шаркаўшчыны. Глыбоцкі раён прадставіў стравы, што былі на сталах ад сватання да вясельнага застолля… Лепшым ў гэтым конкурсе стала народнае аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца» Бігосаўскага СДК Верхнядзвінскага раёна.

Працягнулася свята праглядам творчых праграм у намінацыі «Вясельныя спевы Віцебшчыны», дзе змагаліся амаль 20 фальклорных калектываў з вобласці, якія прадставілі мясцовыя і адметныя вясельныя песні сваіх рэгіёнаў. Таксама былі і госці – ансамбль «Рассыпуха» з горада Себеж (Расія) і мастацкі калектыў «Упите» Вілякскай краявой думы з Латвіі. Перамогу ў дадзеным конкурсе спеваў – званне лаўрэата І ступені падзялілі паміж сабой народнае фальклорнае згуртаванне «Азерыца» Езярышчанскага ГпДК Гарадоцкага раёна і народны фальклорны калектыў «Медуніца» Адаменскага СДК Лёзненскага раёна.

Таксама ў межах святочнага дзеяння ўпершыню адбыўся конкурс-імправізацыя на лепшую сваццю «Без мяне мяне ажанілі», паводле якога трэба было ярка, неардынарна, але на аснове мясцовых традыцый прадставіць жаніхоў і нявест. Тут перамога засталася за народным фальклорным калектывам «Купалінка» Каўшэлеўскага Дома фальклору Шаркаўшчынскага раёна.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара ВАМЦНТ. Фота аўтара.