У Вiцебску камедыяй «Несцерка» адкрыт чарговы тэатральны сезон

logo
Среда, 11.09.2019 09:31 | Рубрика: Культура
02186

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрыў новы, 94-ы сезон традыцыйна камедыяй «Несцерка» – спектаклем, прэм'ера якога адбылася ў 1941 годзе. і бенефісам вядучага майстра сцэны Пятра Ламана.

На працягу года акрамя ўжо вядомых рэпертуарных спектакляў (іх усяго 46) на коласаўскай сцэне можна будзе ўбачыць некалькі прэм'ер. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў, адна з іх – эксцэнтрычная камедыя становішчаў «Мая жонка – манюка» ў яго пастаноўцы, на тэму адносін у сям'і. Па словах мастацкага кіраўніка, камедыі сёння запатрабаваны больш за ўсё, і тэатр плануе гэтым жанрам прыцягваць гледача.

Над эксперыментальнай пастаноўкай п'есы Яна Баршчэўскага «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» працуе рэжысёр Ірына Цішкевіч. Маленькіх гледачоў чакае пераднавагодні падарунак – пастаноўка Вячаслава Грушова «Кот у ботах».

У вераснёвай афішы тэатра – гастролі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі (Бабруйск): камедыя «Прымадоны» і рамантычны трылер «Пагадненне на мільён» (18 і 19 верасня). 23 верасня спектакль «Сабака на сене» прывязе ў Віцебск Растоўскі акадэмічны тэатр драмы імя Максіма Горкага. Гастрольная афіша будзе дапаўняцца на працягу года.

У новым тэатральным сезоне адзначуць юбілеі знакамітыя майстры сцэны Тадэвуш Кокштыс, Віктар Дашкевіч, Вячаслаў Грушоў, Генадзь Гайдук, Галіна Букаціна. Трупа каласаўцаў сёлета абнавілася, некалькі акцёраў звольніліся з тэатра, а прыйшлі ў калектыў дзве маладыя выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Гэта навучальная ўстанова з'яўляецца асноўным рэзервам кадраў для віцебскага тэатра, і супрацоўніцтва з ёй будзе працягвацца.

У верасні коласаўцы прымалі ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа» ў Брэсце са спектаклем «Сымон-музыка». У кастрычніку адправяцца на фестываль у Нікалаеў (Украіна), а ў лістападзе – на Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйск.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна САЛАЎЁВА. Фота kolastheatre.by