Частуйцеся, цалуйцеся, фліртуйце! У Беларускім тэатры “Лялька” адбылася імпрэза, прымеркаваная да Дня закаханых

logo
Понедельник, 18.02.2019 10:48 | Рубрика: Культура
02470

Калі вечар пачынаецца з пацалунка, то ён абавязкова складзецца. І хоць мне цалавацца, на жаль, не было з кім, імпрэза, прымеркаваная да Дня закаханых, што ладзілася ў Беларускім тэатры “Лялька”, яшчэ доўга будзе падтрымліваць у ва мне рамантычны настрой

– Частуйцеся, цалуйцеся, фліртуйце! – заклікалі кожнага, хто пераступаў парог тэатра. І трэба сказаць, ніхто гэтай просьбе не супраціўляўся. Анёл тут жа “бласлаўляў” пару і ахінаў яе сваімі вялікімі белымі крыламі, даючы зразумець, што цяпер іх пачуццё пад яго моцнай абаронай.

Кожнаму госцю – а тэатр у гэты вечар быў проста, што называецца, пад завязку – прысвойваўся парадкавы нумар, а значыць, і шанц атрымаць прызнанне па пошце сімпатый, якая працавала ўвесь вечар. Папулярнасцю карысталася і фотазона, дзе можна было прымераць на сябе рэквізіт тэатра і сфатаграфавацца на памяць. А вось жадаючых паваражыць было столькі, што мне так і не ўдалося заглянуць у будучае, хоць так хацелася.

Гумарыстычныя лялечныя замалёўкі на тэму кахання “Сусед” і “Балет” прапанавалі гасцям навучэнцы 3-га курса каледжа мастацтваў.

Жартоўная рэгістрацыя шлюбу падтрымала назву імпрэзы “Каханне па-італьянску”. Вядучы, амаль што сапраўдны італьянец (ва ўсялякім разе з вусамі) Сержыа Талконэ запрасіў чатырох смельчакоў паспрабаваць сябе ў ролі лялечных артыстаў. Што і казаць, гэтае “вяселле” зблізіла не толькі новаспечаных лялечнікаў, але і гледачоў. Таму ў інтэрактыўнай гульні-танцы “Выпечка піцы” ўдзельнічалі ўжо ўсе без выключэння. Я, да прыкладу, была мукой. І прасейвалі мяне, і мялі, і раскатвалі, і на агні выпякалі… Дарэчы, без усялякага падману кавалак самай сапраўднай смачнай піцы дастаўся кожнаму госцю.

Паразважаць над тым, якім бывае каханне, як павінен паводзіць сябе чалавек, каб заслужыць сапраўднае пачуццё, можна было на спектаклі “Дэкамерон”. Лётаюць у нябёсах юная Беатрычэ і паэт Джавані, хаваюцца ад чужога вока грэшныя Нінетта і Ларэнца, выпівае з гора раўнівец Гвіда. Кожны шукае ў жыцці асалоду. Аўтар не адмаўляе ў гэтым нават Манаху-інквізітару і юрлівай Суседцы. А мы, гледачы, лішні раз пераконваемся, што чалавечыя ўяўленні пра шчасце за сем з паловаю стагоддзяў практычна не змяніліся. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.