У VІІІ абласным аглядзе-конкурсе харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карункі» прынялі ўдзел звыш 800 артыстаў

logo
Вторник, 06.11.2018 16:58 | Рубрика: Культура
03878

Свята танца, якое адбылося нядаўна ў Віцебскай абласной філармоніі, было прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры Беларусі Івана Серыкава.

Выдатны балетмайстар сабраў вялікую скарбніцу танцаў Віцебскага Паазер’я, якія запатрабаваны харэографамі і дагэтуль уваходзяць у рэпертуары многіх ансамбляў.

Іван Серыкаў стваральнік народнага ансамбля песні і пляскі «Маладосць» у Віцебску, які у 60-80-я гады XX стагоддзя быў візітнай карткай Прыдзвінскага краю для гледачоў Расіі, Украіны, краін Прыбалтыкі, Польшчы, Германіі, Венгрыі, Сірыі. Ён таксама стаў фундатарам народнага ансамбля песні і танца «Яблынька» ў Гарадку, а ў абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці і культасветработы — народнага фальклорнага ансамбля «Вытокі».

Невыпадкова ў пралоге да вялікага танцавальнага конкурса ветэраны “Маладосці” і “Вытокаў” — артысты з розных складаў ансамбляў -- выйшлі разам на легендарную сцэну з вакальна-харэаграфічнай замалёўкай “Сустрэча з маладосцю”.

На пачатку свята “Крупчанскую кадрыль” выконвалі вядомыя філарманічны ансамбль танца, музыкі і песні “Талака” і народны ансамбль танца “На ростанях” Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.

У аглядзе-конкурсе выступілі 40 аматарскіх ансамбляў народна-сцэнічнага, эстраднага танца, а таксама калектываў, якія маюць званне заслужанага, народнага ці ўзорнага. Сцэна ў гэты дзень нагадвала яскравы калейдаскоп, малюнак у якім складалі беларускія, рускія, польскія, яўрэйскія, цыганскія і іншыя народныя танцы.

Удзельнікі конкурса прадэманстравалі майстэрства ў намінацыях на лепшае выкананне аўтарскіх танцаў заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А.Серыкава; на лепшую новую балетмайстарскую пастаноўку беларускай накіраванасці; на лепшы народны танец, у якім павінна быць адлюстравана нацыянальная тэматыка і матывы.

2718

У гасцёвую праграму свята “Прыдзвінскія карункі” былі уключаны два спектаклі народнага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанка з Цэнтра культуры “Віцебск”.

Напрыканцы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.

Па рашэнні журы Гран-пры VIII абласнога свята-конкурсу “Прыдзвінскія карункі” атрымала харэаграфічная група ўзорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Перапёлачка” гімназіі № 3 г.Віцебска імя А.С.Пушкіна (балетмайстар Валянціна Вішнеўская), і гэтаму выдатнаму калектыву прысуджаны прызавыя месцы ва ўсіх трох намінацыях. Зразумела, што ў кожнай з іх лепшымі прызнаны шмат выдатных ансамбляў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля МАРТАВА. Фота Алега КЛІМОВІЧА.